Выбрать главу

Лукапшык меў прагу да гістарычных перамог і беспярапынна шукаў ворагаў. Але ўсе чалавечыя ворагі даўно былі выкрытыя і вынішчаныя. Нават хмары баяліся неба краіны, бо Лукапшыкаў продак быў такі шчодры і ўсемагутны, што раздаваў дажджы, выціскаючы іх з хмар і нават з аблокаў. І калі ўсе дажджы скончыліся, ён пасылаў за межы краіны самалёты, і тыя лавілі хмары ў мяхі і буксіравалі іх у беларускае неба. І тады лукавы шчодрай рукой зноў раздаваў.

Усе былі абавязаны паспрачацца кожны дзень пра тое, што сьвеціць ярчэй -- сонца ці Лукапшык. Спецыяльны Лукапшыкаў «Сонечны указ» прыпісваў кожнаму вывучыць Найсьвятлейшыя доказы Найярчэйшай перавагі Лукапшыка над сонцам:

сонца сьвеціць людзям і ўраджаю толькі тады, калі няма хмар і няма ночы, а Лукапшык сьвеціць пры любым надвор'і і нават ўначы.

-- Чаму?» -- зьдзівіўся Лявон

-- Таму, што ў кожным пакоі краіны мусіў вісець Прэзыдэнцкі партрэт з німбам над галавой. Німб утварала лямпачка. За электрычнасьць бралі шмат грошай і таму людзі замест лямпачкі падкладвалі сьветлякоў з могілак!

І па тэлевізары кругласутачна выступаў Лукапшык.

Біёлагі-батанікі вывелі дрэвы, лісьце на якіх было з выяваю твараў Лепшых лукавых. Твары былі з жылак лісьця. У восень, паліцыя і армія пад кіраўніцтвам Лукапшыкавай службы бясьпекі выстаўлялі каля кожнага дрэва пасты ў белых пальчатках, і вартавыя мусілі лавіць лісьце, каб лукавыя не падалі тварам у бруд. Каторыя не пасьпявалі злавіць Лукапшыкаву выяву, караліся. Каб усё ж такі лісьцікі, падаючы, не пляскаліся Лукапшыкавым тварам аб глебу, пад кожным дрэвам клалі салому. Вартавыя, каб не траціць дарэмна час, бо ён цалкам належыў Прэзыдэнту, мусілі слухаць, што кажуць людзі, калі ападаюць прэзыдэнты. І калі нехта кпіў з іх, ці казаў па-беларуску, іх лавілі, тыцкалі тварам аб асфальт так, каб галава апусьцілася ніжэй узроўню асфальту і, адпаведна, ніжэй дзяржаўных лісьцікаў, а потым адвозілі ў пастарунак.

Батанікі паводле Лукапшыкавага Указа вывелі такі “лук” (слова “цыбуля” было забаронена), што калі яе абіраеш, дык не плачаш, а рагочаш і есці не хочаш.

Цікавіцца папараць-кветкай лічылася крамолай. Выйграць бітву з папарацьцю Лукапшык ніяк не мог. У верасьні, калі студэнты ехалі на бульбу, Лукапшык выдаваў Папаратны Указ “пасля працы на полі, уначы вырываць папараць у лесе”. За тону папараці плацілі выдатнымі адзнакамі па ідэалагічных прадметах: “Вернасьць Прэзыдэнту”, “Адданасьць Прэзыдэнту”, «Любоў да Прэзыдэнта». Выкладчыкі пад наглядам прэзыдэнцкіх кантралёраў перабіралі кожнае сьцябло папараці, каб не згубіць кветку. Таму, хто здаў бы папараць-кветку, сьвяціла дзяржаўная прэмія і дыплом Прэзыдэнцкай Акадэміі Кіраваньня. Лукапшык хацеў вырасьціць кветку папараць з пялёсткамі са сваёй выяваю. А яшчэ марыў авалодаць Князёўнай-папараці і стаць неўміручым.

У тэлеперадачах кожны летні месяц паведамлялі, што ў лесе знайшлі папараць, якая сама пачала расьці з Лукапшыкавай выяваю на лісьці, а на ягоны дзень нараджэння - квітнець. Потым чуткі абвяргалі, але гэта прывяло да таго, што адданыя Лукапшыку грамадзяне панесьлі да прэзідэнцкага палаца са сваіх хат кветкі, на лісьцях якіх ім бачыліся выявы любага правадыра. Падысьці да палаца стала немагчыма, і ахова баялася тыя кветкі кранаць, каб не абразіць Лукапшыка. Давялося каля палаца рабіць выставу расьлін, на лісьці якіх быццам бы бачылася Лукапшыкава выява. Іншаземцы з усяго сьвету ехалі паглядзець на цуд і папаўнялі Лукапшыкаву скарбонку валютай з выяваю заморскіх прэзыдэнтаў.

Паліцыя строга сачыла за тымі, хто паліць. Курцы былі абавязаныя выдыхаць дым з Лукапшыкавай выяваю. Парушальнікаў штрафавалі і паліць забаранялі.

Спецыяльныя сканеры правяралі ў грамадзян мазгі. Кожны мусіў мець столькі вертыкальных зьвілін, колькі было над ім начальнікаў. Астатнія зьвіліны павінны былі быць гарызантальныя. За правільнай прапорцыяй сачыў «Госкомитет Учета Звілін» (ГУЗ).

Калі прапорцыя парушалася, зьвіліны вышчыквалі. Занадта зьвілістыя зьвіліны – выпроствалі.

Такую практыку завялі яшчэ пры Першым Прэзыдэнце:

«Руководителям профтехучилищ и техникумов. Телефонограмма.

Направить в министерство образования списки учащихся, которым исполнилось 18 лет, с указанием напротив каждой фамилии, голосовал ли учащийся на выборах в парламент 15 октября и 29 октября».

Рэферэндуры аб даверы Лукапшыку і недаверы апазіцыі праводзіліся тры разы ў дзень перад выдачай пайкі. Напярэдадні зьнікненьня Першага Прэзыдэнта народ аднадушна вырашыў, што ўсе нармальныя грамадзяне мусяць галасаваць "ЗА", а тых, хто “устрымаўся”, трэба лічыць хворымі, а хто галасаваў "супраць" – Ворагамі Народа. Лічба 1001% лічылася ў дзяржаве сьвятой. Пасьля кожнага рэферэндура 0,1% хворых ды ворагаў забіралі і лячылі.