Выбрать главу

Выліваха пачаў чытаць:

УКАЗ

О СИНХРОНИЗАЦИИ ЧУВСТВ

Запретить всем иметь отрицательные по отношению к Президенту мысли чувства и эмоции.

Запретить не любить Президента.

Разрешить любить Президента, только Президента и никого кроме Найлепшего Президента.

БІТВА З НЕСАНКЦЫЯНАВАНАЙ ЛЮБОЎЮ

Яны выйшлі з вагона. Хрыстафер узяўся вынесьці футарал. Дзіўна вынес, не кранаючы! Ён пад рукой як рыба праплыў. Развіталіся і Лявон уважліва агледзеў людзей на пероне.

У бабульцы, якая гандлявала цыгарэтамі спытаў:

-- "Выбар" ёсць?

-- Не, сынку. Выбар Указам Лепшага даўно забаронены. За нас даўно выбіраюць. Толькі вар’яты ці беларусы-зухаватыя “рабяты” выбіраюць. Спытайся вунь у таго дзядзькі – ён да ненармальнага падобны. У позірку думка бачна і не хавае, яе…

І бабулька ўказала позіркам на мужчыну з вясёлымі вачыма, які стаяў, нібыта кагосьці сустракаў. Да яго раз пораз-падыходзілі людзі і прасілі агню. Ён падаваў ім скрыначку запалак, браў грошы, і прахожы адыходзіў. Выліваха зрабіў тое самае. У парку ён дастаў са скрыначкі газету “Выбар”, разгарнуў і прачытаў:

"… Б. Хамайда затрыманы i дастаўлены ў РАУС Чыгуначнага раёна г. Вiцебска за тое, што стаяў з плакатам "Я ЛЮБЛЮ БЕЛАРУСЬ"...

Лявон узьняў галаву і убачыў вайскоўцы, якія ачэплівалі парк. Яму прыйшлося абыходзіць іх, як плот. Непадалёк ад "плоту" з мундзіраў стаялі вясёлыя людзі. Нехта з прахожых раздражнёна кінуў у бок вясёлых хлопцаў рэпліку:

-- У людзей празьник смеха сягодня, а им делаць нечего -- веселяцца! Работаць нада!

Калі з чырвонага аўтобуса пачалі выходзіць нейкія важныя, надзьмутыя, як індыкі, дзядзькі, людзі, што стаялі паблізу, убачыўшы іх, засьмяяліся. З групы вясёлых людзей катанулі ім пад ногі гарбуз. Усе зарагаталі. Нехта пажартаваў:

«Каціцеся гарбузом у Краіну Вялікай Мудрасці! Ды не вяртайцеся, калі сваіх мазгоў не запае!»

«Гэта па-нашаму! -- узрадаваўся Лявон. -- Свае людзі! Не прападу!»

Ад вясёлых хлопцаў даведаўся, што яны праводзяць нейкіх дэпутатаў з палаты, якія едуць у сталіцу Краіны Вялікай Мудрасьці, каб цалкам далучыць да яе сваю рэспубліку.

Лявонаву ўвагу прыцягнуў жвавы дзядок з белай барадою, які голасна жартаваў, смяяўся. Не паспеў Лявон прыслухацца, да дедавых жартаў, як яго аточылі вайскоўцы, схапілі і панесьлі. Дзядок нечым спадабаўся Лявону і ён, абураны, падскочыў да "плямістых" і запатрабаваў адказу:

-- За што вы яго так? Ці ж ён вас чапаў?

-- А ты адкуль? – Пагрозьліва зарычаў на Лявона старшы.

-- З Вялікага Княства Літоўскага! – З гонарам адказаў Лявон

-- Да вас як тараканав! Ловім, садзім гэтах нацыяналістаў, а яны всё лезуць і лезуць! Нада кніжкі спаліць з эцім княствам, тады угаманіцесь!

Грамілы ўкінулі дзядка ў чэрава маленькай машыны і Лявону завярнулі рукі так, што ён пацалаваў свае калені, разбіў вусны і, лежачы ў машыне, частаваўся саланаватай крывёю.

У турэмнай камеры не было чым дыхаць. Сумесь дыму танных цыгарэт, парашы і гнілой капусты давялі Лявона да непрытомнасьці. Ачуняў ён толькі ў судовай зале, куды яго занеслі і паклалі на лаву падсудных. Дыхаць стала лепей, і Лявон змог разабраць пытаньні судзьдзі:

-- Когда и где родились? Где живете и работаете?

Лявон, забыўшыся пра ўсялякую канспірацыю, пачаў мармытаць пра тысяча пяцьсот …наццаты год нараджэння, пра Наваградак і працу князем...

Судзьдзя не зьдзівілася, а механічна спытала ў вялізных міліцыянтаў:

-- Гэты бэнээфавец на вас нападаў?

-- Да! -- пацьвердзілі тыя.

Судзьдзя вынесла прысуд:

-- 20 мільёнаў штрафу за напад на ахоўнікаў парадку.

Пасьля спытала:

-- Вам бумаги на бэнээф посылать?

Агаломшаны Лявон, не разумеючы пытаньня, кіўнуў. А ў залу ўжо заносілі дзядка з белай барадой.

БІТВА З РУКАМІ

Выліваха прысеў на лаву каля дзьвярэй, дзядка занесьлі ў залу, і Выліваха пачуў голас судзьдзі:

ПОСТАНОВЛЕНИЕ

"… судья Риштовская М. И. Октябрьского р-на г. Минска, проверив материалы на Щукина Валерия Алексеевича, УСТАНОВИЛА:

… состоялось несанкционированное массовое собрание.

На Щукина был составлен протокол, в котором указано, что в этот день в 18-40 он участвовал в несанкционированном собрании по ул. Кирова, 4, в группе граждан, публично обсуждал общественно-политические мероприятия в стране, действия Правительства и Президента, активно жестикулировал, чем нарушил Декрет № 5 Президента Республики Беларусь от 05.03.1997 г., п. 10".