Раптам судзьдзя закрычала:
-- Я запрещаю вам, журналисты, писать в блокноты и записывать на диктофоны. Если не прекратите писать, то удалю вас из зала! Неужели непонятно?
Дзядок з белай барадой выйшаў з залы і да Вылівахі:
-- Вы першы раз? Не засмучайцесь! Добра, што выпусьцілі.
Неўзабаве яны з бутэлькай гарэлкі ехалі да дзеда сьвяткаваць свой дзень вызваленьня.
-- І што ўсё гэта азначае? -- спытаў Выліваха. -- Цябе судзілі толькі за тое, што размахваў рукамі!?
-- І языком таксама! Высока ўзнятыя рукі на вуліцы каля афіцыйных будынкаў ці асоб – гэта “замах” на ўладу. Вось паслухай:
“Максім Кашынскі, Зміцер Каспяровіч і іх непаўналетні сябар схоплены міліцыянтамі ў центры Мінска. Уся іх віна ў тым, што яны, заклаўшы рукі за галаву, некалькі разоў прайшліся па ганку судовага будынка. Тут судзілі А. Шыдлоўскага і В. Лабковіча. ”.
Прачытаўшы, дзед дадаў:
-- А высока ўзнятыя вочы і распраўленыя плечы – гэта адзнака тэрарыста.
Яны ішлі па ходніках размаўлялі, а да іх праз кожных дзесяць метраў падыходзіў чалавек у спецвопратцы балотна-плямістага колеру, крочыў побач, прыслухоўваўся. Дзед працягваў яму нейкую паперку і той, глянуўшы ў яе, адыходзіў.
Дзед патлумачыў:
-- Нашы людзі могуць сустракаюцца толькі на мітынгах, шэсцях і пікетах. Калі сустрэнуцца па-за дазволенай акцыяй -- турма. Кожнага апазіцыянера міліцыянты ведаюць у твар. За кожным на вуліцы сочаць. Дастаткова на вуліцы сустрэцца некалькім апазіцыянерам, як побач зь імі стаіць інспектар з ГосКомПроСлух і слухае. Калі яму дрэнна чуваць, ён выклікае нарад: арышт, турма, інспектар праслухоўвае камеру…
-- Што гэта за ГосКомПроСлух? – спытаў Лявон.
-- Госкомитет па праслухоўванню. Яго стварылі, каб прэзыдэнт лепш ведаў думкі, жаданьні і памкненьні людзей.
Лявон пільна паглядзеў на дзеда, ці не жартуе ён, і сказаў:
-- Я думаю, што…
Але дзед не даў яму скончыць, заціснуў Лявонаў рот сваёй рукой:
-- Маўчы! Бяду наклічаш! – Ён спрытна дастаў з кішэні бланк даведкі, запісаў туды Лявонава прозьвішча, і тады дазволіў: -- Вось цяпер кажы.
Лявон скончыў думку:
-- Я думаю, што людзі з такім праслухоўваньнем, як голыя на вуліцы -- з голымі душамі… Так можна звар'яцець!
-- Усе звыклі. – Адказаў дзед. -- Хто пазбавіўся душы, таму няма чаго прыкрываць. Хто душу прэзыдэнту заклаў, то выстаўляе яе напаказ.
А хто хацеў захаваць душу, выпрацавалі спецмову, дзе кожнае слова шыфраванае. Напрыклад, напярэдадні шэсця сустрэліся два апазіцыянера і адзін кажа: «Заўтра будзе град і паб'е маладыя расліны». Гэта азначае, што пад час шэсьця паліцыя будзе біць моладзь…
Лявон паспрабаваў уявіць чалавека без душы, але нічога не атрымалася і спытаў:
-- А куды ты ўпісаў маё прозьвішча?
-- У бланк даведкі, якая сведчыць, што табе дазволена думаць.
Лявон зарагатаў:
-- Шыкоўны жарт! Ты б яшчэ…
Дзед спрытна прыкрыў Лявонаў рот, выцягнуў яшчэ адзін бланк і зноў упісаў Лявонава прозьвішча, кажучы:
-- Вось цяпер рагачы…
Але смяяцца Лявону расхацелася:
-- Ты што сур'ёзна выпісаў мне дазвол на сьмех?
-- Не я выпісаў, а дзяржава… Я подделал. Я маю чыстыя бланкі дазволу на сьмех, сьлёзы, сум…
Лявон спыніўся і пільна паглядзеў у дзедавы вочы, правяраючы ці зьдзекуецца той, ці жартуе, ці вар'ят. Па разумных і сур'ёзных вачах было бачна, што дед кажа праўду.
-- Ведаеш, што я з гэтай нагоды думаю? -- сказаў Лявон, і дзед гукнуў:
– Маўчы! Цябе трэба навучыць размаўляць і паводзіць сябе ў грамадзкім месцы. Я мяне бланкі-дазволы на думаньне скончыліся.
У нас ёсць указ, па якому думкі і пачуцьці грамадзяніна ёсць уласнасьць дзяржавы. Кожны, хто можа мець думкі і пачуцьці мусіць быць зарэгістраваны ў «Государственном Комитете Мыслей и Чувств» (ГосКом-МыЧу), як упаўнаважаны дзяржавай распараджацца думкамі і пачуцьцямі. Адпаведна і адказнасць несьці за іх захаваньне.
Распаўсюджваньне думак накшталт выказваньня свайго меркаваньня без дазволу лічыцца злачынствам. Той хто слухаў, караецца як раскрадальнік дзяржмаёмасьці, а хто выказваўся – лічыцца пасобнікам, дапусьціўшым злачынную нядбайнасьць.
Калі нехта рагатаў без дазволу ці рыдаў, таго жорстка каралі за злоўжываньне службовым становішчам і растрату дзяржмаёмасьці. Вядома, калі ён стаіць на ўліку ў МыЧу. Бо, калі ты не там, тады мусіш быць на ўліку ў ГосКомПсіх і мець пра гэта даведку.