Так што, калі толькі табе закарцела нешта падумаць, і ты не маеш ліцэнзіі, гора табе! Ліцэнзія для думкі і пачуцьці – гэта, як пашпарт у старыя часы.
-- А так купіў ліцэнзію і думай хоць да ўсрачкі? – спытаў Лявон.
-- Не. Пасьля атрыманьня ліцэнзіі трэба ў ГосКом МыЧу зарэгістраваць праэкт думкі і дачакацца дазволу на рэалізацыю праэкту.
-- Дык думка за той час ці збудзецца, ці забудзецца! – усклікнуў Лявон.
-- Правільна. На тое і разьлік. Таму ніхто туды не ходзіць і лічыцца, што думае толькі прэзыдэнт.
-- Навошта ўсё гэта! – Усклікнуў Лявон. – Гэта дзяржаўнае вар’яцтва!
-- Не сьпяшайся. Гэта – каб згуртаваць народ.
Уяві сабе, што ты ў індывідуальным парадку насьмяяўся ці нагневаўся, і узьнік адказны для дзяржавы момант, калі трэба ўсім разам кпіць над апазіцыянерам, ці гневацца на Заходняга ворага, палохаючы яго. А у цябе ўжо няма ні смеху, ні гневу! Разваліцца Найлепшая дзяржава. Апазіцыянеры знутры, а Заходні вораг звонку захопяць яго.
Як вы, паважаны чытач, мяркуеце, што адбывалася ў гэты момант у Лявонавай галаве? Лічыў тамтэйшых беларусаў вар’ятамі? Ня верыў пачутаму? Не спяшайцеся з адказам.
Уявіце, што вы самі трапілі з шаснаццатага стагодзьдзя на трыццаць год наперад дваццаць першага стагодзьдзя. Дамы з падсветкай, аўтамабілі, сотавыя відэатэлефоны, шрубалёты і самалёты… ды яшчэ тэлевізары, па якіх ракеты і іншапланецяне гойсаюць…
І калі ад зьдзіўленьня ўбачанаму ськівіцы вашага адкрытага рота працінае боль, вам кажуць, што Прэзыдэнт аб’явіў думкі і пачуцьці беларусаў, як самай сьвятой нацыі, найвялікшай каштоўнасьцю, за якую дзяржава можа атрымліваць грошы, пастаўляючы думкі меньш разумным дзяржавам. Ці паверылі б? Асабліва, калі раз-пораз куплялі сабе адпушчэньне грахоў? Падтрымалі б? Калі б Вам сказалі, што грошы пойдуць на падтрымку пенсіянераў – большасьці ў краіне?
Лявон не толькі паверыў, але гонар за нашчадкаў так ашчаслівіў яго твар, што, гледзячы на яго, прахожыя прымалі Лявона за вар’ята. Бо яму пагражаў арышт за несанкцыянаваную дэманстрацыю шчасьця. Дзед тыцнуў у Лявонаву руку іглу, сагнаў з яго твара шчасьце, патлумачыў:
-- Указа на дэманстрацыю ўсенароднага шчасьцьця зараз няма. Асабістае -- даўно забаронена. Яго дэманстрацыя лічыцца замахам на стабільнасьць і парадак у дзяржаве. Больш таго, адказ усьмешкай на шчасьце лічыцца группавым злачынствам – змовай.
А Лявон ужо ліхаманкава стаў падлічваць колькі прыкладна мог зарабіць грошай, калі б прадаваў свае думкі і ўсьмешкі. Лічбы атрымлівалісь настолькі вялізныя, што галава не магла іх зьмясьціць. Упершыню ён радаваўся, што трапіў да вынаходлівых нашчадкаў і шкадаваў з-за неабходнасьці змагацца з супернікамі ў рускую рулетку.
І толькі адно непакоіла.
-- А чаму назва “ГосМыЧу” на рускай мове? – Спытаў Лявон. Няўжо ніхто не абураўся, патрабуючы зрабіць назву па-беларуску?
-- Усё было. Абураліся і дамагаліся. З-за спрэчак па гэтаму пытаньню апазыцыя пакалолася. Кансэрватары з апазыцыі патрабавалі зрабіць Дзяржаўны Камітэт па Думках і Пачуцьцях. Ім і зрабілі і назвалі ДзяржКамДуПа. Вось яны ў тую ДуПу і ходзяць. А маладыя адмовіліся. Сказалі лепей хадзіць у МыЧу, чым у ДуПу. А радыкалы аб’явілі байкот і МыЧу і ДуПе так ім выдалі даведкі ў псіхушцы і да выбараў ды рэферэндураў не дапускаюць…
-- А калі ўсё гэта пачалося. -- Спытаў Лявон
-- Пры Першым Прэзыдэнце. -- Адказаў дзед і паказаў Лявону газету:
““З 1 чэрвеня ператворыцца ў чынную выдадзеная два месяцы таму пастанова Савета міністраў “Аб дзейнасці па аказанні дапамогі грамадзянам у самастойнай адукацыі”. Гэты дакумент прадугледжвае, што цяпер такая дзейнасць “у формах народнага універсітэта, школы, лекторыя, нацыянальна-культурнага (іншага) цэнтра і курсаў ажыццяўляецца юрыдычнымі асобамі на падставе спецыяльных дазволаў (ліцэнзіяў), якія выдаюцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам””.
-- А ты маеш ліцэнзію на перадачу мне інфармацыі пра Рэспубліку і публіку? – спытаў Лявон.
Дзядок паказаў паперку, дзе было ўпісана Лявонава прозвішча і сказаў:
-- Калі ж я адкрыю душу іншаземцу без такой паперкі, вось, як табе, тады наша злачынства пацягне на вышэйшую меру пакараньня для абодвух, бо для замежніка будзе лічыцца шпіянажам, а для мяне – здрадай Радзіме.
-- А калі наадварот, напрыклад я, як замежнік, нешта табе скажу без дазволу?
Спытаў Лявон.
-- Тады гэта будзе лічыцца падбухторваньнем да звяржэньня законна абранай улады. Ці падрыхтоўкай тэракта. У лепшым выпадку атрымаеш штраф, як гэты шчасьліўчык з часоў Першага Прэзыдэнта.