-- Божа! Як можна так жыць?! – Усклікнуў Лявон.
-- Беларусы навучыліся праменіць для РАБ-МыЧу санкцыянаваныя дзяржаваю думкі і пачуцьці. Як кажуць жартаўнікі: “Вашаму РАБ-МыЧу – наша дупа”.
Лявон з дзедам ішлі да лазьні. У старога на галаве былі слухаўкі ён, размаўляючы з Лявонам, слухаў радыё. Раптам ён зняў слухаўкі, адну даў Лявону, а другую прыклаў сабе да вуха. Там гучала:
«Гаворыць радыё «Рацыя». Перадаём выпуск навінаў. Сёньня скончыўся зьезд Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Старшынёй абралі Вольгу Іпатаву. Яна канкуравала з Міколам Мятліцкім і пры галасаваньні перамагла невялікай колькасьцю галасоў. За Іпатаву даслаў ліст Васіль Быкаў, за Мятліцкага агітаваў Іван Шамякін.
Пасля зьезда некалькі творцаў побач з домам пісьменьнікаў у парку Горкага ля брамы селі за столікі ў кавярні. Яны абмяркоўвалі зьезд. Лявон Баршчэўскі чытаў вершы на розных мовах. Недалёка ад іх з дзесятак чалавек пілі гарэлку і гарлалі песьні і лаяліся мацюкамі. Каля творцаў спыніліся міліцыянты. Адзін сказаў другому:
«Разгаварывают па беларускаму – хулиганы!»
Міліцыянты загадалі творцам прайсьці зь імі. Паэт Скобла абурыўся:
-- Не пайду!
Трое міліцыянтаў павалілі паэта на бетонныя пліты і надзелі яму кайданкі. Усіх патурылі ў аддзяленьне міліцыі. Там іх пратрымалі некалькі гадзінаў, высветляючы месца працы і складваючы пратакол аб парушэньні грамадзкага парадку, што выявілася па-мяркаваньню міліцыянтаў у лаянцы матам. На подпіс пісьменьнікам падалі пратаколы з іх прозьвішчамі, але ў графе «состав правонарушения» было пуста. Разам з Баршчэўскім і Скоблам затрымалі паэта В.Шніпа, намесніка рэдактара ЛІМа, пісьменьніка Сачанку Барыса Пятровіча, паэтэсу Антаніну Хатэнку.
Творцы адказвалі па-беларуску. Міліцыянты не разумелі і па тэлефоне ў кагосьці прасілі перакласьці ім кожнае слова. Пісьменьнікаў чакае суд».
-- Ну вось, -- сказаў стары, -- а ты кажаш злачынцаў арыштавалі… Не проста злодзеяў, а слоўзлачынцаў – прафесійных рэцыдывістаў! Цікава, што там на зьездзе рабілася? Трэба газеты пачытаць.
Яны падыйшлі да газетнага кіёску і купілі газэты. Разгарнулі газету “Звязда” і прачыталі белы верш паэта Міколы Мятліцкага:
“Перакананы, што толькі дзяржава можа дапамагчы росту стваральнага мыслення пісьменніка, падзяляючы шчыра ягоны творчы клопат, уважліва і беражліва падтрымліваючы творчае гарэнне нераўнадушнага да жыццёвых праблем пісьменніцкага сэрца”
-- Правільна кажа! – пагадзіўся Лявон. – Нават мяне непісьменьніка гэтая дзяржава натхняе напісаць твор, адмысловую кнігу пра тое, як дзяржава імкнецца абудзіць у пісьменьнікаў сабачую душу і ў адных абуджае іменна сабачую, а ў другіх – людскую. А потым перадаць гэты твор маім сябрам, каб яны ведалі, што напаткала іх нашчадкаў. Можа б тады па іншаму жылі…
Праз некаторы час дзед і Лявон зайшлі ў лазню. Там было шмат людзей. Але пасля турэмнай камеры, дзе іх было як селядцоў у бочцы, Выліваха не зьвяртаў на гэта ўвагі. Ён некалькі разоў выпарыўся. Скура пайшла чырвонымі кропелькамі, якія у некаторых месцах зліваліся ў плямы: скура дыхала. Ён стаяў каля душа і, заплюшчыўшы вочы, намыльваў сабе галаву, калі ў лазні пачуліся крыкі і ляскат абцасаў. Лявон не зьдзівіўся, – думаў, што так яно і трэба.
Нехта гучна размаўляў:
-- Глядзі этат как расслабілся!
-- І той!
-- А вунь там у вуглу на лавцы прачацца, развалівшыся.
Гвалт заглушыў камандны голас:
-- Стоять! К стене! Руки за голову!
Чуліся ўдары па голым целе, войкі, воклічы: "За што?". І над Лявонавым вухам нехта гаркнуў:
-- Цябе што, не тычыцца?
Потым рэзкі боль у жываце ад удару сагнуў Выліваху, удар у сківіцу выпрастаў яго, а падсечка на імгненьне скіравала ў палёт. Лявон стукнуўся патыліцай аб падлогу і страціў прытомнасьць.
Ачуняў на ложку ў пакоі дзядка, які з усмешкай на вуснах вітаў яго:
-- З лёгкім парам! З гарачым жарам!
На пытаньне, што здарылася, дзядок падаў яму газету часоў Першага Прэзыдэнта з падкрэсленымі радкамі:
"Вечарам у суботу, 11 студзеня ў вёсцы Чэрні (3 км ад Брэста) . З крыкамі "Не смотреть и не переговариваться!" у лазню ўварваліся 10 амонаўцаў у бронекамплектах і з аўтаматамі пачалі кідаць голых людзей на падлогу. Пастуху саўгаса "Маладая гвардыя", 70- гадоваму дзеду, у кроў разбілі галаву. Старшыні Тэльмінскага сельсавета Брэсцкага района Мікалаю Дроню, якому 56 год, адзін з амонаўцаў моцна стукнуў нагой у жывот".