Выбрать главу
(Прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка, БТ, 20.04. 1995).

Кніга першая

ПРАРОК З АМЕРЫКІ

У Менску ў парку побач з прэзыдэнцкім палацам размаўлялі двое. Яны стаялі каля фантана, струмяні якога лашчылі скульптуру хлопчыка з лебедзем. Адзін з суразмоўцаў меў вялізную сівую бараду. Другі – высокі з кароткаю стрыжкаю -- постацьцю нагадваў спартоўца, разумныя вочы з хітрынкаю сведчылі, што ён зух, а старажытная вопратка выдавала ў ім актора і глядзелася натуральна, бо яны стаялі побач з тэатрам .

Дзед, размахваючы рукамі, ледзь не крычаў:

-- Ды яны, як толькі зьменіцца ўлада, самі сьцяг заменяць і скокнуць у бізнэс. А Прэзыдэнт схаваецца ці ў Лівіі, ці ў КНДР.

Актор гнуў сваё:

-- Я згодны й думаю, што ў палацы больш нельга быць уладзе. Тут столькі пачварнага дзеялася, што лепей каб палац адмываў свае грахі, слугуючы ці студэнтам ці чытачам.

-- Ты як быццам прэзыдэнтавы думкі чытаеш! -- усклікнуў стары й паказаў спартоўцу газэту. Той услых працытаваў:

«У відзе памятніка, аткрою вам сякрэт, я сібе хачу памятнік аставіць, я хачу Нацыанальную бібліацеку»

Каля іх апынуўся высокі малады чалавек таксама спартовага выгляду, лысаваты, у модным касьцюме й акулярах з маленькімі шкельцамі. Дробненькія вочкі акуляраў рабілі яго крыху несур'ёзным, крыху насьмешлівым, а часам здавалася, што ён прадстаўнік нейкай таямнічай звышмагутнай сілы – так упэўнена ён паводзіў сябе.

Незнаёмец адразу ўлез у размову і, гаворачы па-руску, словы вымаўляў з акцэнтам:

-- А я бачу на гэтым месцы парк з музычным фантанам. Пасярэдзіне фантана – стод -- мармуровая копія Шклоўскага Ідала, які стаіць у вас у Нацыянальным музэі. З галавы струменіць вада. Вакол стода мармуровы басэйн, па ягоных краёх тырчаць каменныя фаласы па мэтру кожны і струменяць фантанамі.

Суразмоўцы асьцярожна перавялі позіркі з прыхадня на палац і маланка з грукатам раскроіла чорнае неба, разваліла палац, і пасярэдзіне яны ўбачылі струмень і фаласы.

Відовішча зьнікла, вярнуўшы жоўтыя вокны палаца. Суразмоўцы з разяўленымі ратамі пазіралі на палац, на незнаёмца. Той працягнуў руку:

-- Пазнаёмімся. Я Хрыстафер Паніка – з США. Тут -- назіральнікам АБСЕ. Вяду маніторынг правоў чалавека.

Барадаты першы паціснуў руку:

-- Валеры Шчукін – праваабаронца і журналіст.

Павітаўся і другі:

-- Лявон Выліваха – падарожнік з Варшавы.

Дзед спытаў амэрыканца:

-- Дазвольце спытаць, паважаны, а калі гэта будзе?

-- Калі ласка! Калі на вуліцы выйдуць усе людзі, калі летам пойдзе снег і ўсіх прабярэ сьмех.

Выліваха ўзрадваўся роднаснай душы:

-- У Вас добры гумар. Але ж тады яшчэ трэба, каб гэты палац пад зямлю праваліўся, прэзыдэнт скамянеў і амаладзіўся?!

Амэрыканец зьдзіўлена паглядзеў на Выліваху і сказаў:

-- Так! А Вы, як я бачу, незвычайны падарожнік?! – І праз паўзу дадаў: -- Засталося назваць яшчэ адну драбязу...

-- Куля! – Нечакана для самога сябе выпаліў Лявон.

-- Йес! – радасна ўсклікнуў амерыканец і яны, як баскетбалісты пасля трапнага кідка, ускінулі рукі, стукнуліся далонямі.

Барадаты, успрыняўшы ўсё як гумар, пажартаваў:

-- Калі так будзе, тады мы з вамі, відаць, калісьці сустрэнемся ды вып’ем вунь на тых зорках!

І яны паглядзелі ў чорную бездань неба, быццам выбіраючы месца сустрэчы, і пачулі голас Крыстафера, які чамусьці рэхам ляцеў з зорак:

-- Там і сустрэнемся!

Калі яны апусьцілі вочы, амэрыканца не было. Яны агледзелі навакольныя постаці, але ніводная не нагадвала яго. Моўчкі зрабілі некалькі крокаў у цемру, спыніліся, памаўчалі. Стары нечакана параіў Лявону:

-- Ты пачытай у бібліятэцы гісторыю пасля 16-га стагоддзя – зусім ня ведаеш яе.

Яны разьвіталіся, і Выліваха пайшоў у чытальную залу.

ПАКЛАДЗІ НА СЯБЕ КРЫЖ

Гэта табе, чытач, сказана! Пакладзі крыж на сябе і на кнігу і чытай далей. Бо разам з Лявонам мы крочым у д'яблаву майстроўню – бібліятэку. Забяжы, чытач, наперад Лявона, стань на ганак чытальні і пільна глядзі на тых, хто падыходзіць. Ногі іх быццам самі нясуць, а вось вышэй пад гузікамі, бачыш? Кіпцюры чорт хавае! Нячысьцікі душы тураць да спакусы!

Хто ходзіць у бібліятэкі? Ці вар'яты, ці зацятыя грэшнікі. І такія прыхадні, як Лявон. Звычайна людзі – працуюць, пьюць піва, куляюць чарку і глытаюць шкварку… У меру грэшныя мацаюць юрлівыя азадкі і раскрываюць для спакуслівых рук ножкі – да асалоды сьцежкі-дарожкі…

А гэтыя, седзячы за сталом, глядзяць на паперу ў літары і ачмураюцца, адлятаючы ў сьвет спакусаў. Як наркаманы, што пакеты на галаву ды клеем у іх напырскалі…Толькі тут пакет гіганцкі, агульны з цэглы, шкла і бетону, куды чорт дзьмухнуў. Яго подых літарамі абярнуўся, а яго паслугачы-пісьменьнікі тыя літары склалі ў словы і сказы і ў кнігах асадзілі. Тыя літары, што прыступкі ў іншы сьвет. Што? Біблія? Пакажыце таго, хто ходзіць у чытальню за Бібліяй! Правільна! Такія ў царкву ці касьцёл ходзяць. Спачатку сьвету было слова. Боскае. Яно ў Боскай кнізе.. А ў бібліятэчных кнігах ачмуральныя літары чортава душа надзьмухала і рукамі пісьменьнікаў у словы і грахоўныя радкі склала. Хто чытае, той як бы свой сьвет стварае і асалоду Ўсявышняга Творцы мае... які грэх! І пісьменьнікі і чытачы -- блюзьнераць хаўрусам, светаўтварэньнем займаючыся.