Выбрать главу

-- Атрымліваецца, што каб жыць, думаючаму трэба плаціць ЧуМе велізарные грошы?! А калі іх няма?

Па тэлевізару перадавалі, што за неуплату падатка супрацоўнікі ЧуМы будуць забіраць маёмасьць, кватэры і нават вопратку.

-- Уяўляеш? -- Кіпяціўся дзед, – усе апазіцыянеры хутка стануць бамжамі, ды яшчэ голымі…

-- А як астатнія?

-- Просты народ таксама вінны дзяржаве столькі, што сто будучых пакаленьняў не разлічацца… І з кожным пакаленьнем вінасьць расьце!

Дык яны дадумаліся з кожным заключаць кантракт на жыцьцё ў Беларусі. Па кантракце прэзыдэнт гарантуе чалавеку дазвол на жыцьцё ў дзяржаве, а чалавек – адданасьць прэзыдэнту. З апазыцянерамі кантракт часта разрываўся і чалавек мусіў ці хуценька зьехаць за мяжу, ці зьнікаў бяз сьлядоў…

-- А як жа ў Вас з каханьнем? – Спытаў Лявон.

Дзед цяжка ўздыхнуў, крыху памаўчаў:

-- Балючае ты закрануў, самае трагічнае.

Быў у мяне выпадак. Я закахаўся ў яе на дэманстрацыі. Яе жорстка зьбівалі міліцыянты каля расейскай амбасады. Абараніў: раз’юшыўся і адштурхнуў некалькіх. Яны ўсё штук дзесяць на мяне кінуліся, а яе пакінулі. Мяне білі па кожнай клетачцы. Калі па асфальце тварам цягнулі, я ўжо болі ня чуў – страціў прытомнасьць. Потым у адной камеры ў пастарунку сядзелі. Тое, што яна ацалела, было для мяне шчасьцем. Увогульле кожныя суткі ў турме здаваліся Боскім дарункам. А потым на волі, калі выйшлі, пачаліся пакуты. Дазвол на каханьне, калі ты апазыцыянер, табе ня сьвеціць. А гэтае пачуцьцё на твары не схаваеш у душу не загарнеш. Яно прэць зь цябе, як лісьцё з палкі, што вясной у глебу ўторнулі.

Тут і пачалося: штрафы, арышты і публічная ганьба за недазволенае каханьне чарагаваліся, як на кружэлцы. Па тэлебачаньні нас кожны дзень паказвалі з дэманстрацыяў, як разбэшчаных асобаў, што пагражаюць маралі грамадства і ёсьць думзлачынцы – рэцэдзівісты.

А на допыце ў ПолЧуМе не скажашь: “Я яе не кахаю!”, бо ўсё пішуць на відэо і паказваюць адзін аднаму. Да таго ж сумесные допыты і ўсе пра каханьне! Нас у турме невыпадкова ў адну камеру пасадзілі, бо так нельга, а яны ўсё разлічылі, здымалі нас схаванай камерай… Потым уся краіна глядзела.

Каханьне для апазыцыянераў у нас д’ябальская кара, а для адданых Лепшаму -- прэзыдэнскае шчасьце, бо яны маюць ільготы з усімі дазволамі на думкі і пачуцьці да любых, а таксама на безлімітные спатканьні.

Пачалося гэта пры Першым Прэзыдэнце. Ён ужо тады, падазраючы свайго прэм’ер-міністра Чыгіра ў здрадзе на ўсю Беларусь казаў:

“Я знаю пра што Чыгір са сваёй жонкай у ложку размаўляюць!”

Так, што глядзі не закахайся ў нас, а то з цябе порназлачынцу зробяць і вышлюць.

Кніга трэцьцяя

ТРЫЗНЕНЬНІ
КУЛІ ДЛЯ ДУШЫ

Ачуняў Лявон у ложку. Да галавы было нешта прычэплена. Намацаў стужку і дрот, які цягнуўся да бліскучай скрыні. Сьціснуць зубы не дазваляла трубка, праз якую ён дыхаў. Агледзеўся. Падобна да шпітальнага пакою. З-за дзьвярэй гучалі галасы, і Лявон адвярнуўся да сьцяны -- зрабіў выгляд, што сьпіць. У пакой зайшлі людзі. Адзін з іх тлумачыў:

-- Паважаныя стажоры, зараз мы праверым, што зрабіла электронная “Мама” з хворым.

-- А чаму «Мама»? – спытаў стажор.

-- Машына стварае чалавеку новую сьвядомасьць. Забівае ў галаве ўсе думкі і нараджае «веру». У маці не пытаюць доказаў, ёй проста вераць.

Пры сканаваньні мозга аб'екта мы вызначаем яго ідэалы, каштоўнасьці, а таксама тое, што ён не любіць, ці ненавідзіць. Затым мадэлюем у ягоных мазгах сытуацыі, дзе пацыент грае галоўную ролю. Усё самае каштоўнае для яго ўзьнікае разам з болем, ванітамі…

Нехта спытаў:

-- А не прасьцей электрашокерамі выцерці са сьвядомасьці інфармацыйнае сьмецьце?

-- Спрабавалі. Выцертае хутка ўзнаўлялася. Відаць нацыяналізм сядзіць у такіх як ён яго кожнай клетачцы, у генах. Перад намі ўнікальны экзэмпляр – празамбаваны нацыяналіст. Мы по поўнай праграме правялі апрацоўку яго мазгоў, але там мала што змянілася. Да таго ж пацыент хворы на радыкальную маральнасьць і перад сьмяротнай пагрозай не змяніў прынцыпаў.

-- А кто ён такі? – пачуў Лявон жаночы голас.

-- Не вызначылі. По зместу інфармацыі мазгоў ён падобны на гісторыка. І гэту гісторыю мы мусім зьнішчыць.

Прафесар націснуў кнопку на пульце і Лявон апынуўся побач са сваёй дачкой на доле полацкага храма. Толькі агледзеўся, а да дачкі, павінуючыся загаду цара Грознага ўжо кінуліся яго служкі, схапілі за рукі і пачалі зрываць вопратку. Лявон рвануўся бараніць яе, але яго схапілі, зьвязалі. У адчаі крыкнуў і рэха грукнула ў званы, адбілася і вярнулася да яго злілося стогнам і крыкам дачкі: «Ратуўце!». У дзявочы енк і стогн званоў уплёўся і цароў рогат.