Выбрать главу

Нехта параіў герб пакінуць і ўнушаць людзям, што пасярэдзіне з рысаў межаў Беларусі праяўляецца выява Лепшага, бо ў будучыні яму будзе належаць уся зямная куля.

-- Няўжо няма выключэньняў? -- Спытаў Лявон – Такія рэжымы заўжды маюць выключэньні, ці прывілеі…

-- Ёсьць. Па-першае, для псіхічна хворых. Таму у нас усе апазіцыянеры маюць даведкі, што яны псіхі. Па-другое, выключэньні зроблены для закаханых. Калі яны ў сярэдзіне герба бачаць свайго каханага, ці каханую, ці Лепшага разам з каханай, такіх таксама прыроўніваюць да вар’ятаў і не лечаць. Але атрымаць даведку, што ты закаханы, вельмі цяжка. Трэба класьціся ў варьятню на паглыбленае даследаваньне разам з любай і там акрамя тэстаў за імі вядзецца кругласутачнае назіраньне… А сэксуальныя акты пішуцца на відэамагнітафон і потым на паседжаньні псіхіатрычнай камісі запісы праглядаюць і аналізуюць. Не шмат хто на такое пойдзе…

Такім чынам у дзяржаве практычна няма закаханых, акрамя вар’ятаў.

-- Няўжо апазыцыя не пратэстуе? – Спытаў Лявон.

-- Яшчэ як! На сьценах малююць герб, а ў сярэдзіне Лепшага, што ляжыць, ці сядзіць у труне. Тое ж самае расказваюць на камісіі, маючы даведку пра варьяцтва…

Такіх, калі спаймаюць на вуліцы, зьмяшчаюць на дзесяткі сутак за краты, а там кладуць…у труну. І не даюць ні адліць, ні да ветру схадзіць.

Перад тым, як вярнуцца ў цэнтр, Выліваха з медсястрой заехалі да дзеда і забралі футарал ад басэтлі.

На прахадной цэнтра, калі за імі зачынілся сталёвыя дзьверы, вартаўнік паведаміў: “З гэтага моманту ў Цэнтры варту ўзмацнілі, і ты, Лявон, ужо не зможаш выйсьці ў горад. Лявон зьбялеў так, што медсястра спалохана спытала:

-- Вам дрэнна? Чым дапамагчы? Што баліць?

Выліваха нічога не адказаў, бо не мог перажыць шок. Ён спадзяваўся, што будзе мець у Цэнтры рэжым, як у звычайнай бальніцы. Зможа выходзіць у горад, сустракацца зь кім захоча. А тут апынуўся, як у турме. Паставіўшы футарал у кут, задумаўся.

Калі кіраўнік цэнтра рабіў яму разнос за самаволку, Выліваха ўсьміхаўся быццам блазан. І калі той замаўчаў, Лявон спытаў:

-- І як мне цяпер трымацца? Што мне трэба рабіць?

-- Давай паразмаўляем, як мужчына з мужчынам. Ты чаго хочаш?

-- Я жадаю волі і каб мне вярнулі ўсю маю памяць. А ўсё астатняе я сам зраблю.

-- Вось і цудоўна. А мне трэба, каб ты сваімі здольнасцямі дапамог так умацаваць уладу Лепшага, каб яе не адабралі ні апазіцыя, ні ворагі з-за мяжы. Для гэтага ты мусіш дапамагаць Прэзідэнту пісаць Дэкрэты і Указы, сканіруючы яго мазгі.

Дапаможаш мне, я дапамагу табе вярнуць волю і тваю памяць. Згодзен?

-- Вы мне прапануеце каб я дабраахвотна хлябтаў дзярмо, толькі прэзыдэнцкае?

-- Хто ведае, можа, так табе Богам наканавана насёрбаць за ўсіх нас беларусаў і тады мы ўрэшце атрымаем волю, як габрэі…

-- Я дзе гарантыі? Я, напрыклад, зраблю сваё, а ты…

-- Калі ты не згодзен, тады маеш выбар:

1.Зноў апынуцца ў крыжы. Захлынуцца можа і не здолееш, а вось з крыжа ня выйдзеш...

2. Вычысцім табе з мазгоў абсалютна ўсё і выпусцім. Шнуркі завязывать не зможаш. Апраўляцца будзеш у штаны, як немаўлятка. У псіхушцы сваё жыццё і скончыш.

-- Магу падумаць?

-- Суткі. А калі ўцячэш, абвесьцім пошук як віжа. Тваё фота ўжо раздадзена міліцыянтам.

Наступным днём Лявон мусіў прыняць рашэньне.

ЛЯВОНАЎ ВЫБАР

Выбіраючы, Лявон разважаў: «Калі Лепшы на самой справе Найгоршы, якія б указы не даваліся, людзі яго раскусяць. Калі людзі падмануцца, тады яны хутка яшчэ больш узьненавідзяць прэзыдэнта і скінуць. Калі ён сілай утрымае ўладу, тады на яе свая сіла мусіць знайсьціся. А яшчэ ж ёсьць Бог, які ўсё бачыць…

А што магу я? А калі так дапамагчы, каб перамагчы? Нават пераўтварыць самога Лепшага…

Але ж для гэтага прыдзецца кожны дзень і ноч, кожнае імгненьне сканаваць прэзыдэнтавы мазгі. Жыць яго пачуцьцямі і нават іх зародкамі. Гэта як пад час дзермаўкрыжаваньня толькі ён мусіць запаўняць уладарным трызненьнем свае мазгі…

«Не! Не хачу! Не буду!» -- голасна сказаў сабе Лявон. Прыйшла палёгка, але ненадоўга. Забалела галава. Хацелася выпіць добрага віна і забыцца ў хмельным карагодзе думак. Але выпіўкі не было. Тым не меньш кружэлка з уяўленьняў хутка задурыла галаву. Лявон бачыў на кружэлцы сябе ў розных адсеках для катаваньня. Вось ён і сканаваны прэзыдэнтаў мозг, што набывае форму крыжа. Мазгавы крыж усмоктвае Лявонаву галаву, як удаў кроліка. Потым безьліч уладарных думак і пачуцьцяў танюткімі ніцямі ўпіліся ў Лявонавы мазгі і разам высмакталі зь яго ўласныя памкненьні…