У другім адсеку каруселі -- той жа прэзыдэнтаў мозгакрыж, увабраў Лявонаву галаву і касьцянее, сьцінуў яе да памераў нацельнага крыжыка, потым -- да кропкі, затым зьнішчыў і яе.
З гэтым мяжавалі ўяўленьні пра яго бездапаможны стан у вар'ятні.
Апасьля карусель выносіла бятонны крыж, амаль родны, як дом, як ложак і ненавісны да такой ступені, як успамін пра самы ганебны ўчынак, што ў яго нават пад страхам сьмерці не хочацца вяртацца.
Калі трызненьні выбару пакідалі Лявона, ён пакрысе накідваў тэзы праграмы:
«Людзі мусяць быць сытымі, мець дом, жонку дзяцей і шчасьце. І ўсё гэта мусіць даць прэзыдэнт. Калі не можа гэта даць, тады мусіць даць ілюзію, што ўсё гэта ёсьць, ці надзею, што хутка ўсё гэта будзе.
Супернікі таксама будуць абяцаць тое ж самае. Тады Лепшы мусіць даць значна больш таго. І цудоўнае надвор'е і добрыя ўраджаі. Быць усім за бацьку і маці. Разграміць усіх ворагаў і запалохаць нядобразычліўцаў народа. Выцерці кожнаму сьлёзы і падцерці сраку. Каб кожны хто жадаў, адчуваў цёплыя прэзыдэнтавы абдымкі, пацалункі і падарункі».
На сьцяне над кампутарам Выліваха павесіў плакат
Павесіў і падумаў: «Атрымліваецца, што Лепшы, каб перамагчы супернікаў, мусіць мець практычна Боскую ўладу. І Лепшага трэба падвесьці да гэтай думкі. Калі будзе сумневацца, падштурхнуць, калі занадта захопіцца, тады… тады… Ўсявышні правядзе падзел ўладаў…
Калі зайшоў псіхіатр, Лявон даў яму праграму ўмацаваньня найвышэйшай улады, паводле якой трэба было ўсталяваць уладу Лепшага над усім, што было ў краіне, грамадзтве, прыродзе.
-- І калі ўлада над нечым паслабне, -- тлумачыў Лявон, -- тады яна будзе трымацца на іншым. Нават калі ўсе людзі страцяць давер да Найвышэйшага, яго будуць падтрымліваць жывёлы, насякомыя і расьліны! Скажам, вываліць народ на пратэстную дэманстрацыю, а камары, авадні і восы іх пачнуць джаліць! І ўлада ўтрымаецца! Нават самы дэмакратычны рэферэндум можна правесьці, каб жывёлы, птушкі галасавалі, каб мурашкі і матылькі, камары, пацукі і прусакі мелі права голасу. І Лепшы пры гэтым сам асабліва нічога новага не выдумляе, а толькі выконвае запавет Першага Прэзыдэнта: «все процессы в обществе обуздать. Той 2003 год зьбіраўся зрабіць годам парадку на зямлі. Але нават сьметнікі з лясоў не змог прыбраць. А Лепшы працягне справу Першага Прэзыдэнта і дадасьць свае: навесьці парадак у паветры, а таксама ў галовах, душах і сэрцах. Нават мова патрэбна адзіная і кіруемая. Вось частка праэкта указа:
УКАЗ
О ЗАПРЭШЧЭННІ ЯЗЫКОВАГА АРУЖЫЯ
- Апрадзяліць, што злыя языкі страшнее пісталетав.
- Злаупатрабленне языкамі шчытаць стральбой.
- Злые языкі -- запраціць, балтлівым -- языкі прыкусіць, языкастых -- пасадзіць.
У мове оставить только слово “Бацька”.
С языка изъять слова РТР, ОРТ, НТВ, ввести слова Бэ-Тэ, Бэ-Тэ-эР, Бэ-Эм-Пэ, Бэ-э-э, Мэ-э-э, ни бэ, ни мя, только Президентское Имя.
А каб Прэзыдэнту дапамагалі, трэба стварыць прэзыдэнтавы партыі.
Прафесар цяжка ўздыхнуў:
-- Не выйдзе. Лепшы ўзяў прынцып Першага Прэзідэнта – ствараць толькі грамадскія арганізацыі. Пра партыі ён казаў:
“Зачем мне нужна партия? Кто в нее вступит? Подхалимы разные, тереться будут о президента – вдруг искра какая пойдет”.
Тады Лявон паказаў прафесару архіўны дакумент:
«С тех пор Президент, опираясь на волю белорусов, ведет отважное сражение с врагами Великого Государства, отражая бесчисленные атаки».
І прапанаваў:
-- Тады трэба стварыць з навукоўцаў, прафсаюзнікаў, журналістаў, пісьменьнікаў і паэтаў ваенізаваныя атрады.
Да таго ж неабходна сучасную гісторыю кіраваньня Лепшага пісаць ў стылі вайны. І кожны этап незалежна ад зьместу падзеяў мусіць быць апісаны як Бітва з адпаведнай перамогай. Напрыклад, Бітва Лепшага з ценямі і перамога над імі!
-- Як гэта?
-- Усе мусяць ведаць, што ніхто не можа кінуць цень на Прэзыдэнта. А хто наважыцца, той мусіць ведаць, што «хто да нас с ценям прыйдзе, той у цень і зыйдзе».
-- Як гэта? – Зноў зьдзівіўся прафесар. Куды зыйдзе?
-- Туды. У цень часу. Час мае такія пасткі, якія хаваюць людзей больш надзейна, чым турэмныя камеры.
Казаў гэта Лявон, а самога катавалі ўспаміны пра ўдзел у зьбіваньні моладзі на Нямізе.
Псіхіатр пагадзіўся на Вылівахаў праэкт. Але зноў задумаўся і спытаў:
-- Калі мусіць быць улада над усім, тады… і над смерцьцю? І над…над… Богам?
Цяпер задумаўся Лявон мармычучы: