Выбрать главу

Ідал моўчкі глядзеў сваімі пустымі, бяззрэнкавымі вачыма. На ягоным твары біліся водбліскі полымя, падавался, што ідал гневаецца.

Чальцы веча падалі галасы:

-- У агонь яе! Інакш нам спакою не будзе! Усе праз яе будзем пакутаваць! І дзецям таксама кара будзе...

Лявон падбег да ідала і спакойна сказаў яму ў вочы:

-- Я цябе не баюся! Ты кавалак каменю, які абчасаў мой дзед. Ён цябе стварыў, а я цябе пахаваю…

Лявон абхапіў ідала за тулава й сьпіхнуў з абрыва ў рэчку. Жудасны вокліч паляцеў усьлед, заглушыўшы удар каменя аб ваду. Усе, прысеўшы ад страху, чакалі кары, але толькі птушачкі ціўкалі над Лявонавай галавой.

Наваліліся на Лявона некалькі супляменьнікаў, але ён раскідаў іх, а дзесяцёх ужо не адолеў.

Доўга не сьціхалі лямант і спрэчкі. Урэшце веча вынесла прысуд:

-- Абодвух аддаць ідалу. Той што хоча, тое й зробіць: ці пакарае, ці даруе і назад верне. У ваду!

Іх пацягнулі на край берага, прывязалі да шыі вяроўкі з камянямі. Кат узняў руку і тут магутны голас князя спыніў прысуд:

Ён -- лепшы ваяр! А яна -- таксама ў целе, калі можа нарадзіць нам ваяроў! Дык навошта сабе шкоду рабіць!? Давайце пачакаем. Пасадзім у яму і паглядзім. Калі ідал вырашыць пакараць, дык пад зямлю зацягне, ці ў яме заваліць. А калі зь імі нічога ня здарыцца, тады няхай жывуць ды ваяроў нараджаюць!

Усе задумаліся. Жаночы сьмех скалануў цішыню, і Лявон падумаў, што яна звар'яцела. А жанчына зрабіла крок да вогнішча і нагой паказала на полымя. Усе ўбачылі каменны тырчак, які пакрылі дробныя расколіны. Жанчына, сьмеючыся, казала:

-- Знайшлі асілка-цудадзея! Ён нават свой тырчак выратаваць не можа!

І юрліва паглядзела на Лявона.

Яго цела працяў поцяг.

-- У яму іх! У яму! -- Крычалі чальцы веча, а Князь падсумаваў:

-- Можа, і сапраўды волата народзяць!?

Іх патурылі да ямы, сьцены якой былі выкладзены зь бярвеньняў і скінулі ўніз. Зверху бухнула вечка і ўсё аціхла. І толькі зорачкі праз невялікае акенца назіралі за іхнымі злучанымі душамі, і за шчасьлівымі снамі.

Абудзіў Лявона дзявочы голас:

-- Ой, ці не дасьцё на хвіліначку аловак? Нешта мой не піша…

-- Які аловак? -- зьдзівіўся Лявон. Адкрыў вочы. Бібліятэка! Каля яго -- прыгожая дзяўчына, падобная на тую, зь якой быў у яме. Яе рука дакранулася да ягонага рукава, паказваючы пальчыкам на аловак. Агледзеўся. Вакол моладзь. На старонцы кнігі вугольчыкі-літары.

-- Калі ласка!

Лявон працягнуў дзяўчыне аловак, а сам сабе мармытаў: «І прысьніцца ж такое!». Працёршы вочы, чытаў далей кнігу Арлова:

“На поўначы заселенага некалі палачанамі абшару, там, дзе цяперашні Гарадоцкі раён мяжуе з Расіяй, ляжыць прыгожае лясное возера Сеніца. Не кожны з жыхароў недалёкай вёскі Дорахі адважыцца сказаць незнаёмаму падарожніку, як завецца прыазёрны лес… назва цалкам нецензурная. У лесе… і ў возеры людзі здавён знаходзяць мноства, зробленых з цёмна-шэрага пескавіка фаласаў (яны і далі наваколлю адмысловую назву), найбольшы з якіх дасягаў 80 сантыметраў. Гэта не што іншае, як сімвалы плоднасці і ўрадлівасці, звязаныя з культам Ярылы…”

Сон зьляцеў. Лявон скоса, саромячыся, паглядзеў на суседку – ці не прачытала выпадкова. Яна засяроджана нешта пісала, заглядваючы ў такую ж кнігу. Ён падгледзеў:

“… валун Дзед, які стаяў у Мінску на беразе Свіслачы таксама выконваў фалічныя абавязкі. Нават напачатку ХХ стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцства бясплодных жанчын, што сядалі на яго “голым месцам” і, закрыўшыся спадніцаю, прасілі падараваць дзіця…

камбінацыя з трох пальцаў, якую беларусы каларытна называюць дуляй, таксама з’ўляецца водгуллем даўнейшых фалічных рытуалаў”.

Лявон адкрыў другую кнігу -- А. К. Лявонава. «Старажытна-беларуская скульптура». Мінск, Навука і тэхніка, 1991: і прачытаў: "Ідал знойдзены ў 1963 годзе ў Шклове на беразе ракі Серабранкі. Ідал высечаны з пясчаніку ў Х-м стагоддзі. Ён мае даўжыню 1,2 м. і вагу 250 кг. Скульптура цыліндрычнай формы, моцна абагульненая. Ніжняя частка яе апрацавана даволі грубым сечным інструментам, са спіны крыху абчасана. Калі ўлічыць, што ідалы ствараліся не толькі ў гонар багоў, але і памерлых правадыроў, то шклоўская скульптура, відаць, не з'яўляецца выключэннем. Яе форма захоўвае прыродныя абрысы драўлянага слупа. Строгая вертыкаль формы нагадвае ствол дрэва, у які арганічна ўпісваецца фігура чалавека.

Ідалы былі племянныя, родавыя, сямейныя, і асабістыя. Племянных і родавых ставілі на свяцілішчах, вядомых па старажытных летапісах як трэбішчы, капішчы, кумірніцы, якія мясціліся на высокіх пагорках, акружаліся валамі і рвамі, дзе запальваўся рытуальны агонь. У цэнтры пляцоўкі размяшчаўся ідал, іншы раз вакол яго -- маленькія ідальчыкі. Ім прыносілі розныя падарункі -- ежу, воўну і г.д."