Выбрать главу

У Лепшы сон трапіў і Лявон.

Тысячы буслоў ляцелі з усіх бакоў да палаца і рэзыдэнцыі ў Драздах і несьлі галавешкі. Пікіравалі і кідалі іх на дах і пад сьцены. Хутка вогнішча з галавешак вырасла вышэй за будынкі… Ён, ратуючыся, палез у падвал-бомбасховішча. А тут голас Шклоўскага Ідала: “Гэта добра, што ты родных не забываеш… Але ў народзе кажуць, што два мядзьведзя ў адной бярлозе не сьпяць”. І з гэтымі словамі бомбасховішча пачало звужацца, набываць форму труны. Труна і голас Першага Прэзыдэнта выпрасталі яго.:

«Што такое Лукашенко в історіі? Это маленькая незаметная пылінка. І это дажэ не міг его деятельносці…»

Праз празрыстае дно труны ён бачыў у глыбіні пад сабой падобных на людзей істот. З іх ратоў струменіла. Прыгледзеўся да полымя-- беларуская мова! Словы ператвараліся ў лазерныя промні. Істоты, быццам фантастычныя дыназаўры-кібаргі, нетаропка хадзілі па крузе, разважалі пра тое, што Лукашэнка зьнішчае мову і за гэта яго Бог пакарае. Яны чыталі вершы і пераклады, а словы рэзалі глебу, расплаўлялі камяні. Глеба ляцела ў велізарны калодзеж-тунель пад палацам. Раз пораз зь іх ратоў выляталі адразу некалькі промняў. І раптам шуганула больш за дзесяць! Стала сьветла, як ад сонца і ён пазнаў Сёмуху і Баршчэўскага. “Так вот хто капаець! – злосна ўсклікнуў Лепшы і з крыўдай дадаў:

“Прыезжают эці пісьменнікі с Барщевскім в трудавые каллекцівы, скажут на матчынай мове два слова і начынают: “Дзяржава – калгас, а дырэктар у ёй Лука!”

Полымя наблізілася, зямная цьвердзь разверзлася і ён укленчыў і ськіраваў малітву да Бога: Пашкадуй паганаца! Не дай рыцару граба Гасподняга праваліцца ў ад! Агонь зьнік -- Зямля самкнула свае вусны і працягвала сьціскаць труну, памяньшяючы Лепшага да памераў немаўляці, і адначасова выціскала яе на паверхню. Як толькі труна вылезла з-пад зямлі, буслы сьпікіравалі на яе. Лепшы заплюшчыў вочы, закрычаў і цёплая вільгаць ахінула ногі.

Калі расплюшчыў вочы, зямля была далёка. Над ім вагаліся крылы, пад ім пасьвіліся каровы і набліжалася поле з маленькімі зялёнымі кулямі. «Капуста!» – пазнаў ён.

Бусел сеў і асьцярожна паставіў труну на капусны ліст, прытуліўшы яе да качана. Пагрукаў дзюбай па вечку труны, усьміхнуўся і ўзьляцеў.

А Лепшы пачуў галасы:

-- Пуста без яго жыць стала. Як і куды ён зьнік?

-- Адныя кажуць, што прэзыдзент пайшоў у народ. Так цары калісьці рабілі, каб лепей ведаць, што пра іх думаюць.

-- Не наш не такі, ён калі і пайшоў, то каб лепей даведацца якія ў нас праблемы. Пераапрануўся і пайшоў на біржу працы. Можа зараз з намі тут на полі вусеняў і зьбірае.

-- А калі і на самой справе зьнік?! Як жа мы цяпер без яго жыць будзем?

-- А можа і лепей. Ну ўжо гэтае поле і вусеняў у нас ніякае НАТА не адбяре. Хаця можа лепей каб і адабрала. У іх самалётаў нямерана. Вось дустам бы іх і пасыпала.

-- І нас заадно, каб не пакутвалі…

-- Цікава, а калі ён знойдзецца, што рабіць будзе?

-- Можа знойдзецца пабіты і хворы, тады -- на пенсію. Спрацаваўся бедны. Стараецца, а нічога не палучаецца.

Лепшы, паспрабаваў вылезьці, але толькі замахаў ручкамі і ножкамі і ад бясьсільля заплакаў:

-- «Я на пенсию не пайду – не выжыву!

Другі голас пярэчыў:

-- Не пойдзе ён на пенсію. Да сьмерці працаваць будзе. Нават калі яго апазіцыянеры сашлюць на пенсію, не пойдзе! Ён начальнікам жыць прывык…

-- Добра б было тады яго зноў да нас у калгас! Грошаў у яго нямерана…

Жах выціснуў енк з Лепшага рота:

-- Што вы думаеце, што я пайду за вас решаць вапросы праізводства малака мяса? Даіць кароў, карміць быкоу? Нет! Я ужэ свае аткарміл!»

«На селе працветают безатветственасць, разгільдзяйства, пьянства, варавство, халатнае атнашэніе к дзелу».

Галасы наблізіліся:

-- А зяць суседкі, добры хлопчык такі, адукаваны, ветлівы, толькі хворы на галаву, хвароба інцелігенція называецца… Ён і кажа, што ваш прэзідэнт – не чалавек, а ваўкалака, як князь Чарадзей. Толькі кажа: «Ваш прэзідэнт шалёны ваўкалака…»

-- А што… усё можа быць! Вунь у кожнай вёсцы кагосьці пакусалі. Дзе воўк, напаў, дзе ліс, нават шалёны вожык на дзетак накінуўся… Так толькі наш прэзідэнт шалее, калі не па яму выходзіць. Месяц таму глядзела целевізар, так ён так вачмі на Пуціна зыркаў, так зубы на яго шчэрыў, што здалося вось-вось накінецца і глотку перагрызе!

-- І я бачыла! Кажа: «Хачу на поле расійскае да вашых вайкоў і авечак! А вы гатовы?!» А Пуцін напалохаўся, кажа не-не..

Вокліч аглушыў яго:

-- Матка Боска! Што той бусел прынёс!

-- Труна! Празрыстая!