Выбрать главу

-- А каб ты не ўляцела, я твае крылы зачарую. Лявон абняў Ластаўку і прашаптаў:

-- Цяпер твае крылышкі ў маіх руках, птушка чараўніца.

І ад гэтых слоў і абдымкаў яна сапраўды адчула, як душа ўзносіць яе, а ягоныя рукі стрымліваюць, надаючы поцягу неверагодную моц.

Нечакана Ластаўка адчула зьмену ў ім, напружылася:

-- Мне калі-нікалі робіцца страшна!

Лявон зьдівіўся:

-- Няўжто я такі монстр?

-- Ды не, -- адказала Ластаўка,-- Мне страшна, што я гатовая выканаць тваё любое жаданьне! Ніхто і ніколі так не валодаў мною! Я нават дзяцей сваіх гатова пакінуць дзеля цябе…

Лявон адчуў ад гэткага прызнаньня задавальненьне.

А Ластаўка працягвала:

-- А мужа мне шкада. Ён даволі доўга быў ліквідатарам у чарнобыльскай зоне. А радыяцыя разбурае нервовую сістэму. Вось з-за гэтага ён псіхованы. Я заўжды так: спачатку злуюся на яго за псіхі, а потым шкадую. Ну і што з таго, што душыў мяне ў бібліятэцы!? Значыць любіць! Відаць так і павінен паводзіць сябе муж, калі я яго жонка?

Кніга чацьвёртая

ГАСПАДАРЫ КУЛІ
ПАДБОР ДЫКТАТАРАЎ

Жаданьні ствараюць сьвет, а жарсьці яго паляць. Пачуцьці паскараюць ці замаруджваюць хаду часу, а іх адсутнасьць спыняе час.

Калі ў некалькіх апантаных саўпадаюць жаданьні і пачуцьці новага сьвету, тады яны могуць злучыць той і гэты сьвет і выклікаць і Бога, і чорта.

А калі некалькіх асоб злучае страх сьмерці, тады прыходзіць і Яна.

Шклоўскаму Ідалу, Лепшаму, і Лукапшыку адначасна паведамілі, што іх рэйтынг абваліўся да нуля. Прывід палітычнай сьмерці скурчыў іх душы і наблізіў твары тых, хто жадаў ім адпомсьціць. Страх ахапіў душы трох прэзыдэнтаў, злучыў іх, выціcнуў зь іх жахі, зь якіх уцелілася Кашчавая.

Для Шклоўскага Ідала Сьмерць зьявілася коўдрай, якая імкнулася яго загарнуць. З аднаго боку коўдра наплывала чорным глеем, упрасаваным ў жвір, з другога – сьцюдзёнай вадой, з уплеценымі водарасьцямі. Ідал узгадаў халадэчу дна рэчкі Сэрабранкі дзе яго шліфавала вада жвірам, каменчыкамі, сьціраючы з аблічча пагрозлівыя рысы, робячы зь яго гладкі слуп.

На Лукапшыка Сьмерць абрынулася лістападам. На яго сыпаліся выбарчыя лісты з літарамі НЕ!, СУПРАЦЬ! Яны засыпалі яго з галавой, закаркоўвалі усе яго дзіркі. Ён бачыў сябе ў папяровай кулі, засыпанага выбарчымі бюлеценямі, Потым, ўсмоктаным смецьцевай машынай, што рэжа яго душу на дробныя кавалачкі і прасуе ў адзіны аркуш. І потым нейкае дзіця малявала на ім-аркушы сонейка, а яно балюча паліла яго.

Да Лепшага Сьмерць прыйшла на чатырох рыпучых нагах-костках. Яны турылі на месцы сракі тэлескрыню. З экрана яго ворагі рэзалі праўдай маткай яго – Бацьку.

Бачучы ў вачах гадаванцаў свае абліччы, Кашчавая таксама пакутвала. Тое паліла Лявонава душа лёдам абыякавасьці, у якой каханьне да ее, Кашчавай, нават не зарадзілася… Ёй карцела паквітацца з Лявонавай каханай і яго самога да сябе прыбраць. Жыць без яго каханьня яна не магла і разумела, што памерці ёй Бог не дазволіць. «Во пастка! Во чортавы хітрыкі…» – разважала яна, разглядваючы гадаванцаў.

І раптам перад ёй Кашчавай зьявілася Сьмерць! Ды як…Яна ўзгадала кожны жаноцкі позірк захапленьня, які лачшыў Лявонаў твар, яго валасы… Закаханыя ў Лявона жаноцкія твары злучыліся ў адзін, які абярнуўся гіганцкім тварам-сонцам і яно паліла Кашчавую рэўнасьцю так, што аж дым ад яе костак пайшоў.

Палёгка прыйшла з ветрыкам, але тут жа яна убачыла як вецер абкручваў, прытуляўся да Лявонава цела і, шалеючы ад рэўнасьці, кінулася ўтаймовываць паветра, уцягвала яго ў сваё нутро… А ён вырываўся са сьвістам праз рэбры і абдымаў траву. А кветкі з травою пяшчотна церліся паміж Лявонавых ног… Сьмерць шалела яшчэ больш і кідалася на луг, таптала кветкі, ірвала траву … І, бачучы марнасьць, кідалася ўсімі косткамі на кветкі і каталася па іх, асфальтавым катком, набрыняўшы бязьмежным цяжарам рэўнасьці, які заўжды цягне чалавека пад зямлю…

Толькі каханьне ўзносіць.

Ад таго шаленства на лузе заставаліся пляміны прыціснутай травы і кветак, а ў полі кругі палеглага хлеба. І нават хмары выпарывала Кашчавая сваёй рэўнасьцю і тады трава, зьнясіленая безадказным каханьнем да неба, высахшая ад сьпякоты, тулілася да грудзей матухны зямлі, імкнучыся да яе глыбіннай вільгаці.

Кашчавая рашыла, што ўсе беларусачкі мусяць страціць здольнасьць кахаць! А калі не страцяць, тады зь іх душаў трэба вылягчыць каханьне!”

Лявон спрабаваў уявіць жыцьцё беларусак без каханьня: «Гэта, калі ўсё віно, гарэлка, мядавуха зробяцца вадой! Ці, калі наступіць бясконца-бязгучная ноч…»