Выбрать главу

Мы ім нагадаем пра тое і пра новы час: кампрамісаў і пагадненьняў.

ЗОРНЫ ЧАРНАБЫЛЬНІК

Лявон чуў тую размову. Думаў, што вось час згуляць у Рускую рулетку адразу з усімі супернікамі. Ён не шмат што зразумеў пра Чарнобыльскі рэактар. Падключыў сканер на пошук і спачатку натрапіў на тэкст Бібліі:

“Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы Палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі”.

“Ага!- здагадаўся Лявон.-- Чарнабыльнік – гэта ж від палыну. Што ж там за рэактар па вытворчасьці зорак зьбіраецца запускаць Прэзыдэнт?”

Сканер выдаў тэкст:

“26 апреля 1986 года в 1 ч. 23 м. 58 сек. Серия взрывов разрушила реактор и здание 4-го энергоблока Чернобыльской АЭС. В годы Великой Отечественной войны немецкие фашисты уничтожили на белорусской земле 619 деревень вместе с их жителями. После Чернобыля страна потеряла 485 деревень и поселков: 70 из них уже навечно захоронены в земле. В войну погиб каждый четвертый белорус, сегодня каждый пятый живет на зараженной территории. Это 2,1 млн. человек, из них 700 тыс детей. В Гомельской и Могилевской областях (наиболее пострадавших от чернобыльской катастрофы) смертность превысила рождаемость на 20%.”

Лявон, рыхтаваўся да бітвы і чытаў у сканеры:

“26 апреля 1999 года в 12-00 состоится митинг- реквием у памятника жертвам Чернобыля на территории Белорусского научно-исследовательского института экологии и профессиональной патологии...

Просим вашу делегацию в составе 20 человек прибыть к памятнику в 11-30 с корзиной цветов, флагами республики Беларусь с черной лентой в количестве – 5, портретами Президента Республики Беларусь в кол-ве -- 2. С транспарантами “Политику Президента одобряем!”

Исполнительный комитет г. Могилева”

25-га красавіка з ранку Лявон адчуваў, што адбудзецца незвычайнае. У чаканьні ледзь не сам сканерам стаў. Прачнуўся рана. Ляжаў, слухаючы цішыню, і чуў нават чуханьне на лаўках бамжоў. Па тэлевізары ўжо пачыналіся перадачы пра аварыю на ЧАЭС.

Ластаўка тым часам мыла бялізну і слухала па радыё агляд газеты «Советская Белоруссия»:

“Центральным событием посещения Брагинского района Президентом станет церемония вручения Главой государства механизаторам технических паспортов к 41 трактору, 29 из которых уже занято на полевых работах. Как уже сообщалось, хозяйствам чернобыльской зоны будет поставлено 500 тракторов Минского тракторного завода. Такой подарок государство сделало сельскохозяйственным производителям регионов, пострадавшим от аварии на атомной электростанции.”

Ластаўка выпрасталася, выцерла з лоба пот і гаротна ўявіла, як тымі трактарамі ўзаралі зямлю і на яе паверхні блішчыць безліч драбнюткіх атамаў. Бачыла, як іх разам з вадой усмоктвае жыта, бульба, морква… А потым хлеб і бульба за сталом насупроць яе дачок, якія не бачуць блішчастых драпежнікаў. А ў тых ужо сьлінкі цякуць – у дачок цэляць…

Раптам з ванны ўзьнялася постаць з пены, і Ластаўка ледзь не страціла прытомнасьць. Постаць працягнула да Ластаўкі руку, у якой ляжала нешта цёмнае. У мыльнай істоты на месцы рота надзьмулася вялікая бурбалка, лопнула, і замагільны голас прамовіў зь дзіркі, як з таго сьвету:

«Вось той мох, што ты ўзяла з могілак і кінула на ростані, папрасіўшы ў чорнай магіі каханьня. Ты яго атрымала -- прыйшла пара плаціць. Запарыш гэты мох. Калі да поўначы застанецца поўгадзіны, выпьеш. Адразу набудзеш бязьмежную прагу да ўлады над усім: людзьмі, прасторай, часам. Праз хвіліну адкрыеш фортку. З цябе вылятуць усе страхі, гонар і сорам, застанецца прага да палёту. Як толькі праб'е поўнач, пачуеш за акном каня. Гэта будзе Кумяльган. Ён будзе голы, а яго чалавечае тулава будзе пакрыта конскай поўсьцю. Галава каня, рукі і ногі чалавечыя, а на іх капыты.

Сядзеш на яго і ён даставіць, куды трэба. Калі не выпьеш, уцячэш - за цябе заплоцяць дочкі. На зямлі ты іх не схаваеш і цябе знойдзем. З Кумяльгана не ўцякай, бо ўскочыць на цябе і задушыць. Ён звычайна так коней нішчыць…»

Лявон хваляваўся, прадчуваў, што дзеецца незвычайнае. Імгненна трапіў у віртуальнае жыцьцё, пачаў званіць, але Ластаўка не адказвала. Вярнуўся і наладзіў сканер. На экране ўбачыў Ластаўку. Яна глянула на гадзіньнік. Было поўгадзіны да дванаццаці. Ластаўка нешта выпіла і адкрыла фортку. У яе з шоргатам нешта выляцела. Нейкая моц цягнула за акно – у неба. Здавалася, вось-вось кінецца праз шыбу.

А Лявон зьдзіўляўся: «Як жа ў сканер трапілі Ластаўчыны пачуцьці? Сканер жа толькі для мазгоў стодаў. Можа, яна…яна ператварылася…?! Не, не можа быць…—угаворваў сябе Лявон.