Выбрать главу

У шахце ў лабараторыі Сьмерці ў пакоі для ганаровых гасьцей інтэнсіўна працаваў сьмяротны трансформер. Матэрыялізаваліся Нэрон, Сталін, Гітлер, Бакаса з Цэнтральна Афрыканскай Рэспублікі, а таксама Ідзі Амін, які правіў Угандай з 1971 па 1979 год і харчаваўся чалавечынай.

Лепшы зьбіраў гасьцей на мяжы з Краінай Вялікай Мудрасьці пад Лёзнам. Прыехалі дыктатары з Расеі. З турмы Кашчавая даставіла Мілошавіча – каб Душы Першага Прэзыдэнта быў сябр.

Гасьцей сустракалі і везьлі па лясной дарозе да шахты, дзе калісьці стаяла ракета «Сатана».

ЧаС рыхтавала каманда аператараў на чале з былым кіраўніком станцыі. Яны ўстаўлялі ў рэактар новыя стрыжні, разагравалі яго, каб па загадзе наладзіць чарговы выбух.

ПЕРАМОГА НАД САРКАФАГАМІ

Гасьцей з таго сьвету зьбіраў Шклоўскі Ідал ў сутарэньні Нясьвіжскага Фарнага касьцёла. Маршрут спланавалі так, каб правесьці экскурсію па краіне і адначасова заблытаць спецслужбы ворагаў. Таму спачатку зь Нясьвіжа і з пад Лёзна рушылі на Віцебск, каб склалася ўражаньне, што рушылі на Маскву. А з Віцебска на Мінск, каб лічылі, што рушылі на Захад…

Радзівілаўскія саркафагі, у якіх калісьці захоўваліся труны з княскімі целамі, пасля мадэрнізацыі ў майстэрнях Шклоўскага Ідала сталі самым эфектыўным сродкам містычнага руху. Саркафагі і труны мадэрнізавалі, абсталяваўшы лапкамі, трансплантаванымі ад апрамененых радыяцыяй кратоў, якія круціліся хутчэй думкі. Рухаліся трупаходы пад зямлёю на глыбіні людскіх пахаваньняў. Рухавікі сілкаваліся энэргіяй рэшткаў душаў людзей: успамінамі і пачуцьцямі нябожчыкаў, а таксама жалобай і нянавісьцю родзічаў, што накаплівалась на могілках.

Шклоўскі Ідал запрасіў гасьцей сесьці ў трупаходы, Рэанімаваныя нябожчыкі, агледзеўшыся, паселі ў трупаходы. Гасьцей уразіла навакольле з мноствам новых модных на Захадзе трун. Шклоўскі Ідал патлумачыў:

-- У якасьці заахвочваньня выдалі кіраўнікам мясцовай вертыкалі.

Гасьцей непакоіла бясьпека ад нападу дэмакратычных тэрарыстаў.

Лепшы супакоіў:

-- Куда паедзем, ні адзін спутнік-шпіон не засечот! Трупаходы і ЧаС всё паглашчают і нічего не ізлучают. І ЧаС ніхто бамбіць не будзет. Все баяцца павтора чарнобыльскага выбуху.

Трупаходы рушылі.

КРЫЖОВАЯ БІТВА З РАСЕЙСКІМІ ЦАРАМІ ГАБРЭЙСКІМІ ВІЖАМІ І ЗЯМНЫМ ЦЯЖАРАМ

Першы прыпынак хаўрус ганаровых гасьцей Сьмерці і яе сынкоў зрабіў пад разбуранай царквой у цэнтры Віцебска. У горадзе ішоў фестываль “Славянский базар”.

Госьці выйшлі з патаемных хадоў разбуранай царквы на ўсьпенскай горцы. Лепшы папярэдзіў, што зараз яны будуць гуляць у традыцыйную славянскую гульню “Ачышчэньне”.

С канцэртнай пляцоўкі вецер прыносіў абрыўкі расейскай папсы. А са старога квартала Віцебска, дзе месьціўся дамок мастака Шагала, ўздымаліся ў неба і плылі ў паветры, абняўшыся, над ракою душы закаханых юных габрэяў. Імі поўнілася, жыла і цешылася Душа Старога Віцебска, якую бачылі ўладары.

Госьці бачылі таксама ў Душы Віцебска празрыстыя, як аблокі, абліччы цэркваў, касьцёлаў, сынагогаў. Зруйнаваныя калісьці ўшчэнт, яны захаваліся для людзей на старажытных паштоўках і карцінах мастакоў. Дух цэркваў, напоўнены людзкаю вераю да Бога, уздымаў іх душы над горадам. І душы закаханых з шагалаўскіх карцін парылі паміж імі па-над Віцебскам і Дзьвіною і цьвелілі ўладароў недасягальнасьцю ўзьнесенасьці і непадуладнасьцю часу. Дыктатары разумелі, што ніхто зь іх не змог бы усталяваць сабе такія помнікі любові і веры ні грашыма, ні загадамі, ні пад страхам сьмерці, ні абяцаньнем райскага жыцьця. І госьці-Фараоны разумелі, што іхныя піраміды не ўздымуцца ў неба, што прыніжала іхную годнасьць і апускала іх велічнасьць да глыбіні пахаваньня трунаў простых нябожчыкаў.

Лепшы дарадца член Гос-Гоп-ПУП даў і гасьцям даведку: “Шагал в творческом и общественном отношении противостоял нашему народу.”

“Витебск избран для шагаломании…Витебский художественно-практический институт, которым некогда руководил Шагал, имел исключительно отрицательные стороны, заключающиеся в причинении ущерба республике. Ущерб состоял в том, в институте нашли прибежище дезертиры, спекулянты и другие темные личности, а подлинных художников было мало”.