Лукапшык трымцеў: «Атрымалася! Час у рэчцы цячэ назад!»
Дыктатары з зайздрасьцю паглядзелі на яго. Яны, як зачараваныя сачылі за крыжаходам, чакаючы яшчэ нейкі цуд. Крыжыкаў з мінуўшчыны ўзьнікла столькі, што яны, напіраючы, адзін на аднаго, паўсталі. Па Дзьвіне рухаліся шчыльныя шэрагі рознакаляровых крыжыкаў з медзі, срэбра, жалеза і золата. Яны церліся і вушы балелі ад бразгату і лязгату, як быццам мільёны рук меньцяць нажы. Расейскія дыктатары здрыгануліся.
Лязгат мацнеў і крыжыкі ачышчаліся ад глею, іржы, патыны. Хмары сьвятлелі, а дыктатаравы позіркі апякаліся ад крыжыкавых зіхаценьняў – сьвятло ішло зь іх нутра.
Нерон з захапленьнем выгукнуў:
-- Як быццам бы ўсе іх могілкі ажылі і рушылі па часе!
Іван Жахлівы пахваліўся:
-- Богатый урожай мы настреляли… всех католиков и протестантов…
Неба адказала страшэнным грукатам, уціснуўшы душы гасьцей у зямлю. Лявон ачуняў, на дне рэчкі. Абрубак ягонага цела варухнуўся, яго падхапілі рукі дачкі і яны разам павольна ўсплывалі, ператвараючыся ў крыжы.
Удар грому рассунуў хмары, і сонейка зірнула на крыжыкі. Лявон з дачкой павярнуліся да сонейка і разам зь ім павярнуліся ўсе крыжы. Сонечныя прамяні трапілі на крыжыкі і незлічоная колькасць праменьчыкаў, пасланых крыжыкамі, асьляпіла дыктатарскія вочы. Яны закрыліся рукамі. Але праменьчыкі працялі далоні і з рук адных гасьцей шыбануў дым, па другіх пабегла полымя, трэцьція скукожваліся, як тоўстая абвугленая папера ў вогнішчы.
Наляцеўшы вецер ламаў над гасьцямі дрэвы, сарваў і кінуў на іх дах і наваліўся на сьпіны дыктатараў, спрабуючы ськінуць іх у Дзвіну, раздзьмуваючы на іх полымя.
Усё вакол раўло, грукатала, а бліскавіцы мецілі ў тое месца, дзе толькі што стаялі хаўрусьнікі. Госьці хто трушком, хто ўкленчыўшы паўзком забраліся ў разваліны царквы і праз яе казематы зьнікалі пад зямлю. І толькі палаючыя душы старажытных расейскіх дыктатараў адарвало ад зямлі і панесла на крыжы.
Крыжыкі працялі палаючыя рэшткі расейскіх дыктатараў і ўсё аціхла. Крыжыкі зніклі і Дзьвіна панесла ваду як раней.
Толькі пільна гледзячы ў раку, можна было заўважыць, што ў яе глыбіню плывуць два воблакі, зьліваюцца, набываючы форму крыжа. Тыя воблакі ўздымаліся ў блакіце неба. Адно набывала постаць ваяра, другое – дзяўчыны на яго руках.
… Госьці несьліся пад Мінск. А тройца пакутвала ад неспатоленай прагі зьнішчэньня лётаючых душаў. І Кашчавай недавала спакою непанішчаная душа старога Віцебска.
Трапіўшы пад Менск трупаходы закруціліся як сабакі, што страцілі след. Яны апынуліся на падземнай плошчы, зь якой у дзесяткі бакоў адыходзілі тунэлі.
-- Весь Мінск стаіт на касцях! – Патлумачыў Лепшы. – Вот прыборы трупавідзенья і сбілісь.
-- Мы трапілі ў Душу Старога Менска, -- патлумачыў Лявон. Калі Душа Старога Віцебска парыць над горадам, то Душа Менска існуе пад зямлёй на могілках. На іх пабудаваны Мінск…
“Куды ж нам далей?” – Хваляваўся Лепшы. Ён кідаў разгубленыя позіркі на Шклоўскага Ідала на Лукапшыка, але тыя паціскалі плячыма.
Кашчавая спакойна мовіла:
Уладаром Душы старога Менска – Душа Першага Прэзыдэнта. Гэта заваёва была апошнім яе набыткам, апошняй яго бітвай і перамогай. Ён імкнуўся зрабіць краіну турыстычнай меккай марыў пра вялікія грошы. Навёў турыстычны парадак на зямлі: у Чарнобыльскую зону турысты з усяго сьвету па некалькі год у чарзе стаялі, каб паглядзець на самую чыстую ежу. Потым заглыбіўся пад зямлю. Зрабіў пад гарадамі лабірынты паміж старажытнымі могілкамі, склепамі… Ажывіў духі старажытных уладароў, ваяроў, сьвятароў і ўзяў на прэзыдэнскае ўтрыманьне: забяспечыў іх жытлом, пайком, але каб служылі -- турыстаў бавілі. І ўладу дапамагалі трымаць.
Пачуўся рытмічны хруст. З цемры па тунэлю па костках на лыжэролерах рухаўся ў спартовым адзенні вусач і штурхаў зямлю палкамі.
Кашчавая прадставіла новага госьця:
-- Дух Першага Прэзыдэнта!
Лявон уточыў сваё азначэньне:
– Скарочана -- ДуППа!
Яна прапанавала:
-- Давайце заедзем у Курапаты – Самы адметны помнік для Вас.
Усе пагадзіліся і ДуППа ўзначаліла калону. Хутка трупаходы кругамі ўздымаліся на паверхню паміж костак і чэрапоў, што шырачэзнымі слупамі ўздымаліся з глыбіні пяску.
На зьдзіўленае дыктатарскае “дзе мы?” ДуППа патлумачыла:
-- Эта паркінг для дзіктатарскіх душ. Самае утульнае места для адпачынку і роздуму аб вечным -- меж костак…