Выбрать главу

А Сьмерць ад неспатоленасьці месца сабе не знаходзіла. Вырашыла пазбавіцца ад хваробы, чалавечай заразы -- каханьня. У вогнішча кідалася, пад лёдам купалася, праз лясны гушчар прадзіралася -- але ні выпаліць каханьне, ні вымаразіць, а ні тым больш выдраць, ці атруціць яго ў душы не ўспасобілася. Бо каханьнем Усявышні не толькі адорвае, але і забірае.

Кашчавую жарсьць да Лявона абарочвала раўнівіцаю і сачыла яна за ім удзень і ўначы, працу сваю занядбаўшы. Яна нават шкілеты мяняла, бы тая модніца сукенкі, бо спадзявалася з косткамі новых ахвяраў-каханак вярнуць старую душу. Не дапамагло.

Вырашыла інакш і паслала па Лявона яго былую каханую, прыгажуню, ператвораную ў страхалюдзіну жудасную. А вопратку ёй выдала, у якой упершыню сустрэла прыгажуня Лявона. Ськіравала пудзіла хадзячае, а сама ўлезла ў новы шкілет з маладзіцы, якую толькі што прыбрала, ды сьледам паляцела, бы варона да сокала.

Ціха ступіла на Вылівахаў двор пасланка Сьмерці, а ў палац не змагла зайсьці. Віхурай крутанулася над ёю Кашчавая, разьюшаная і каханьнем бы Хрыстос цьвікамі працятая, штурхнула ў спіну. Але пакутніца – ані зь месца, быццам Бог вярнуў ёй душу й волю. Выліваха адчуў цягу неадольную і выйшаў і міжволі ўкленчыў.

Цуд! Родная і пачварная! Любая і недасягальная! «Харошая мая!» -- мовіў Лявон. Яна моўчкі, сарамліва схіліла галаву, роспаччу ачмураная. Ён зрабіў крок насустрач, працягнуў рукі ў абдымкі ўзяць, супакоіць і супакоіцца. Але тутака ў галаве Сьмерці нешта нябачнае знутры шыбанула, апякло, ледзь чэрап не разваліла. І, трацячы прытомнасьць ад прыступу рэўнасьці, Сьмерць адкінула былую прыгажуню ў свой сьвет, а сама, сабраўшы апошнія сілы, скокнула на ейнае месца. Войкнуў Лявон, паморшчыўся і спытаў:

-- І не абрыдла табе, здыхляціна, зьдзеквацца? Нават калі возьмеш мяне, ведай, што душы табе не аддам.

Забраць Лявона без каханьня, было для Кашчавай, што падзяліцца на два шкілеты і згвалціць самую сябе.

-- Няўжо я страшнейшая за гэты прывід? -- з роспаччу спытала Кашчавая, -- яе ж ты хацеў цалаваць, а я ў параўнанні з ёю -- топ-мадэль!

-- Як ты дзяўчыну ні калечыла, а душы не зьнявечыла. Душа ейная кветкаю чароўную сьвеціцца, пялёсткамі прыгажосьць праменіць!

-- Ты што, Лявон, з глузду зьехаў? Нічога не бачна, акрамя костак паламаных ды абы як змацаваных...

-- А не даў жа табе Бог сьветлую душу бачыць. Ты, Кашчавая, нават вачэй сваіх не ўбачыш, хоць вечна ў люстра глядзіся... А любую, нават калі б спаралізаваная была ды ў страхалюдзіну ператвораная, усё роўна за жонку пабраў бы, толькі б дыхала. Карміў бы яе, казкі распавядаў і цалаваў, бо душа яе дабрынёю ўсё жывое прыцягвае.

Вой як захацелася Кашчавай кінуцца ў абдымкі шчыраму беларусу, адчуць ягонае цяпло, смак пацалункаў! Нават словы “я твая, належу толькі табе” ледзь з рота ейнага не вылецелі.

А сама бы ў зямлю ўрасла, кроку зрабіць не можа, бо ўладарніца жыцьцяў чалавечых магла дзейнічаць толькі з вышыні сваёй улады. Нават каханьне мерылася падначаліць сілаю, страхам альбо хітрасьцю зваяваць. А тут ні сіла, ні страх не дапамагаюць.

А Лявон, як бы цьвеліць яе, кажучы:

-- Навошта з небаракі зьдзекуешся? Мала табе дзявочага жыцця й шчасьця? Калі хочаш забраць мяне, дык бяры не стой стодам…

Кашчавая аж падскочыла ад пякучасьці Лявонавых словаў:

-- Чаму ты вырашыў, што я за табой прыйшла? Сынок твой ужо хадзіць пачаў… Можа я яго за ручку на першы ў яго жыцці шпацыр і апошні да сябе правяду?

І дачушка твая лялькамі саламянымі бавіцца… а ў мяне можа ёй больш спадабаецца? Лялькі з шкілетаў гучней брынчаць, цацкі з костак не ламаюцца – вечна бавіцца можна.

Лявонавы ногі падкасіліся, прысеў дзе стаяў проста на куст шыпшыны. А Кашчавая кпіла:

-- Ты зьбіраўся аддаць сына на дзядзькаваньне? Добрая люцкая традыцыя… А відаць, прыдзецца яго аддаць на цёткаваньне – на выхаваньне цётухне Сьмерці Лявон сутаргава тургануўся і Кашчавая душа панеслася над крапівой, зрываючы сцябліны, хвошчучы па стылых костках – сьвята перамогі над ганарлівым зухам!

Суцішылася і пайшла вакол Лявона, танчачы лямбаду і з кожным крокам за ёй новы шкілет узнікае, рукі-косткі на сраку каляжанцы кладзе. Атачыла Лявона кола шкілетаў бразгаючых. То звужаецца, то пашыраецца – дыхае кола чароўнае і ў вір кашчавы душы з сусвету ўцягвае.

Спынілася Кашчавая, знікла кола і яна -- да галоўнага: