Выбрать главу

У 1986 годзе мне давялося рабіць самыя цяжкія археалягічныя дасьледаваньні ў маім жыцьці - раскопкі падмуркаў касьцёла й кляштара Дамініканцаў у Менску. Цяжкія ня ў тым сэнсе, што было ўскрыта 1000 кв.м плошчы за сэзон і прыйшлося працаваць часам па 18 гадзін у суткі, цяжкія тым, што помнік быў нібы "ўтоплены" ў чалавечых касьцях, пахаваньнях і брацкіх магілах сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя. Вось велізарная магіла, 11 мэтраў удаўжыню. Завал касьцей. Шкілеты ў тры штабелі. Мушкетныя прастрэлы ў чарапох, праломы. Гэта быў час страшнай вайны, час жахлівага вынішчэньня, калі было забіта, загінула, вымерла ад эпідэміяў больш за палову (51 адсотак) насельніцтва Беларусі. Тады наш народ перамог, адстаяў сваю незалежнасьць, але сілы яго ўжо былі падарваныя. Больш жахлівай пары ня ведала наша гісторыя аж да першай паловы XX ст., да часоў сталіншчыны, і, о няшчасьце, яно прыйшло якраз тады, калі мы толькі-толькі пачалі станавіцца на ногі, калі перад нашай нацыянальнай будучыняй яшчэ толькі трымцела сьвітаньне...

Вось яно, наша сьвітаньне, у раскапаных магілах у Курапатах глядзіць на мяне пустымі вачніцамі, зь якіх, нібы сьлёзы, высыпаецца, сыплецца жоўты пясок. Выбіраем рэшткі... Доўгія валасы жанчыны, сьветлыя, нібы лён, выцягваем з-пад прастрэленых чарапоў, асьцярожна, каб не парваць. Адна пасма, другая, трэцяя... гузікі з-пад бялізны... Мінае працоўны дзень, і ноччу прадаўжаецца ўсё ў сьвядомасьці - цягну, бясконца выцягваю з-пад касьцей кужэльныя валасы, сьветлыя, нібы лён, і няма ім канца...

Калісьці, расчышчаючы косьці забітых продкаў у брацкай магіле ля Дамініканца, я думаў: "Госпадзе, хоць бы апошні раз мне такія раскопкі, хоць бы гэтая чаша мінула мяне!" Не мінула. Мы нікуды ня дзенемся ад нашай гісторыі. І жывыя і мёртвыя - мы адно. Мы - народ. І калі мы ўжо мёртвых нічым не ўспаможам, то мёртвыя нас успамогуць. Яны могуць асьвяціць нам шлях, асьвяціць нашы душы сваімі пакутамі, ускалыхнуць нашы розумы, сэрцы і дух, калі толькі таго мы захочам... Чуеце, як шалеюць цемрашалы, як яны імкнуцца "забіць" нашых мёртвых, схаваць, абылгаць, апляваць, затаптаць. Гэй, хто там? Гэта вы, ледзі Макбэт? - Не змываецца ж кроў! О, гэтая глыбокая таемнасьць сьмерці! О, сіла продкаў, калі ў Дзень Задушны адбываецца яднаньне! І калі мы згубім, страцім гэтую сілу, нас - няма.

Кожны чалавек, братове, кожны сумленны чалавек павінен змагацца з сталінізмам - гэтай самай подлай, самай ілжывай, самай антыгуманнай зьявай, якая існавала калі-небудзь на сьвеце.

Зянон Пазьняк

Упершыню надрукавана ў газэце "Літаратура і мастацтва",

16 верасьня 1988 г.

Справаздача

З.Пазьняк, М.Крывальцэвіч, А.Іоў

СПРАВАЗДАЧА

аб археалягічных раскопках (эксгумацыі)

пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты (Брод)

Менскага раёну Бараўлянскага сельсавету

Агульныя зьвесткі

Археалягічныя раскопкі (эксгумацыя) магіл на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну праводзіліся ў сувязі з расьсьледаваньнем крымінальнай справы, узбуджанай Пракуратураю БССР па факце выяўленьня пахаваньняў у лясным масіве Курапаты (ліст Пракуратуры БССР у Інстытут гісторыі № 19-462 сл. ад 30.06.88). Рашэньне аб эксгумацыі прынята Пракуратураю БССР пасьля публікацыі ў газэце "Літаратура і мастацтва" артыкула "Курапаты - дарога сьмерці". Працы праводзіла сьледчая група Пракуратуры з удзелам іншых спэцыялістаў. Навуковае ажыцьцяўленне археалягічных працаў па эксгумацыі праводзіла група археолягаў Аб'яднаньня аддзелаў археалёгіі Інстытуту гісторыі АН БССР у складзе старэйшага навуковага супрацоўніка Зянона Пазьняка (кіраўнік групы), навуковага супрацоўніка Мікалая Крывальцэвіча, асьпіранта Алега Іова.

Раскопкі праводзіліся з 6 да 15 ліпеня 1988 г. За гэты час былі распрацаваныя 1 шурф і 7 раскопаў на максімальную глыбіню да 2,75 м агульнай плошчай 44 кв.м. Акрамя таго, распрацаваныя ручным спосабам 4 разьведвальныя траншэі глыбінёй ад 0,30 да 1,50 м агульнай плошчай 43 кв.м і 4 траншэі мэханічным спосабам на глыбіню да 2 м агульнай плошчай 12 кв.м. (Агульная плошча ўсёй раскапанай тэрыторыі - 99 кв.м).

У 6 раскопах на дне магільных ямаў былі знойдзеныя рэшткі пахаваньняў людзей. У раскопе № 7 рэшткаў люзей ня выяўлена. Шурф № 4 быў выкапаны на поўдзень ад лініі рову, за былой агароджай Курапатаў, з мэтай высьвятленьня магчымасьці існаваньня агульных магілаў па-за межамі тэрыторыі расстрэлаў.

Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся ў трох частках тэрыторыі пахаваньняў (мал.1-2). Ва ўсходняй частцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы № 1-3. Раскопы № 5 і 6 зробленыя ў паўднёвай частцы Курапатаў прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў № 1-3, на поўдзень ад газатрасы, што ў красавіку 1988 г. пракладзена па вяршыні ўзгорыстай грады і бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп № 8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў № 1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца, пасьля якога пачынаецца паніжэньне тэрыторыі й лагчына.