Акрамя таго, былі дасьледаваныя і гэтае паніжэньне мясцовасьці, і гэтая лагчына на паўночна-ўсходняй ускраіне Курапатаў, што бліжэй да дарогі Калодзішчы-Заслаўе.
Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магілаў, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтаю мэтаю пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі шырынёй 1,00 м уздоўж і ўпоперак западзін. Траншэі раскопваліся да зьяўленьня першых рэшткаў пласта пахаваных. Адначасна ў профілях траншэяў выяўляліся пачатковыя контуры пахавальных ямаў і межы перакопаў, вывучаліся напластаваньні. Па лініі траншэяў пасьля распрацоўкі раскопаў былі потым зробленыя падоўжныя і папярочныя профілі (разрэзы) пахаваньняў у маштабе 1:20.
Выбарка й пераборка грунту запаўненьня магілаў працягвалася да зьяўленьня пласта пахаваных па ўсёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага пласта ад пяску, якую рабілі садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Зачыстка касьцей выяўляла сытуацыю верхняга пласта пахаваньняў. Пасьля гэтага рабілася фіксацыя глыбіняў, індывідуальных знаходак, чарапоў, абутку й касьцей, здымаўся плян (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак і рэшткаў нябожчыкаў) у сумеры 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотастужку (а крыміналістамі яшчэ і на магнітную відэастужку).
Пасьля заканчэньня гэтай работы пачыналася разборка пласта пахаваных сумесна з мэдыкамі-экспэртамі. Пры гэтым фіксаваліся ўсе індывідуальныя знаходкі, чарапы, абутак і рэшткі адзеньня, адзначаліся месцы й глыбіні іх знаходжаньня. Усе знаходкі з пласта і неабходныя рэшткі пахаваных пасьля апісаньня іх ды фіксаваньня на пляне і ў запісах археолягамі забраныя мэдыцынскімі экспэртамі й крыміналістамі для экспэртызы.
У канцы адбывалася зачыстка дна пахаваньняў і фіксаваньне мацерыка. Упоперак усіх раскопаў у мацерыку рабілася кантрольная траншэя глыбінёй ад 0,4 да 1,00 м і шырынёй 0,5-0,6 м. Потым у гэтую траншэю складваліся абутак і рэшткі пахаваных, не забраныя для экспэртызы, і засыпаліся. Усе працэсы раскопак фіксаваліся на фотастужку археолягамі й крыміналістамі.
Пасьля археалягічных дасьледаваньняў і эксгумацыі ўсе раскопы былі акуратна закапаныя рыдлёўкамі, а тэрыторыя працаў прыведзена ў належны парадак.
Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,45 м). Яма зарыентаваная на паўночны ўсход. Па ўскрайку западзіны расьлі дрэвы. Відаць было сьмецьце (паперкі, бляшанка ад кансэрваў). Паверхня пакрытая ігліцай ад хвояў і елак.
Пачаткова закладзены шурф упоперак магільнай ямы. Памеры шурфа 1 х 3 м. Арыентацыя: паўночны захад - паўднёвы ўсход. У разрэзе праглядалася верхняя стратыграфія пахавальнай ямы: насыпаны пясок (0,10-0,15 м), які зьверху пакрыты тонкім пластом ляснога шыльніку (да 0,05 м). У шурфе былі відаць вэртыкальныя межы пахавальнай ямы (запаўненьне больш рыхлае, перамяшанае, трапляюцца рэшткі глебы). На глыбіні 1,65-1,68 м у паўднёва-ўсходнім і паўночна-заходнім канцах шурфа выяўлены рэшткі скуры (боты), косьці чэрапа. Паглыбленьне шурфа спынена. Вызначаны памеры раскопу (3,40 х 2,40 м), у межы якога ўключана пахавальная яма. Пасьля выбаркі насыпнога грунту пачалася зачыстка рэшткаў пахаваных. Памеры пахавальнай ямы на ўзроўні зачысткі 3,20 х 2,30 м. Зачыстка вялася нажамі, садовымі лапаткамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі праводзілася фіксацыя, абмеры. Рэшткі пахаваных разьбіраліся. Глыбей разборка вялася бяз пэўнай зачысткі да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку - да глыбіні 2,75 м. Пахавальная яма звужалася. Памеры ў прымацерыковай частцы 2,85 х 1,67 м. Магутнасьць пласта пахаваных у цэнтральнай частцы 0,70 м. Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй да 1 м.
Рэшткі адзеньня, косьці разьмяшчаліся з глыбіні 1,65 м па краёх і 2,00 м у цэнтральнай частцы ямы да глыбіні 2,75 м уключна.