Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна (лінія захад-усход) капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй 0,60 м.
На глыбіні 0,84-0,90 м у паўднёва-заходнім куце выяўленыя рэшткі касьцяка (фота 3). Чэрап ляжаў на баку, твар павернуты на паўночны ўсход, рот раскрыты, рукі падвернутыя пад цела, ногі раскінутыя. Косьці левай галёнкі адсутнічаюць (выкінутыя пры папярэдняй эксгумацыі). У паўночна-ўсходнім куце - 2 чарапы (глыбіня 1,0 м; 0,98 м). Раты прыадкрытыя. Паміж чарапамі знойдзена куля. У адным з чарапоў 2 скразныя кулявыя адтуліны. У адной адтуліне (у лобнай частцы) засела куля. За 40 см на поўнач - чэрап (глыбіня 1,10 м). Галава задраная ўверх. Кулі трапляліся ў ніжняй частцы магілы.
Сустракаюцца рэшткі скуранога адзеньня (паліто, курткі). Выяўлена шмат галёшаў. Маркіроўка савецкая. Пераважна з трыкутнікамі й датамі "37". Боты й чаравікі скураныя. Адшуканы жаночы абутак (абцас высокі, халявы вузкія, памер 36-37). Сустракаўся абутак складзены, які не абувалі, а ўзялі з сабою. Пападаліся чаравікі самаробныя, гумовыя (некалькі параў). Сустракаліся самаробныя гумовыя галёшы (бахілы, фота 2).
Знойдзены:
- 3 кашалькі. У адным (глыбіня 1,54 м) 4 манэты (даты не чытаюцца), у другім - манэта і рэшткі папяровых грошай. 2 слупкі манэт ляжалі ў карабку ад запалак (глыбіня 2,10 м; даты ня вызначаны);
- два кубкі белыя фарфоравыя на глыбіні 2,05 м (адзін разьбіты);
- акуляры ў скураным футарале, зубныя шчоткі;
- некалькі чарапоў мелі на зубох каронкі з жоўтага й белага мэталу.
З глыбіні 2,00-2,30 м рэшткі пахаваных уяўлялі сабой суцэльны зьляжалы пласт. Амаль усе чарапы дэфармаваныя ад ціску верхніх пластоў. Прасочваюцца гарызантальныя праслойкі сьветлага пяску, якія ў двух выпадках чаргаваліся праз 0,3-0,4 м (паслойная прысыпка пахаваных).
Знойдзены 62 чарапы ў межах пахаваньня.
На падставе раскопак пахаваньня можна казаць, што:
- раней, задоўга да нашых раскопак, праводзілася эксгумацыя магілы (выбрана сярэдняя частка пахаваньня);
- магчыма, рабілася пачарговая перасыпка пяском партыяў расстраляных (праслойкі белага пяску);
- частка людзей, магчыма, мела пэўную сямейную, кроўную ці тэрытарыяльную сувязь (2 аднолькавыя фарфоравыя кубкі з фігурнай ручкай, некалькі параў аднолькавых самаробных гумовых чаравікаў);
- сацыяльны статус пахаваных даволі нізкі, ніжэйшы, чым у пахаваньні № 1 (абутак ніжэйшай якасьці, менш кашалькоў, шмат самаробнага абутку, менш прадметаў туалету, менш залатых каронак, скуранога адзеньня і г.д.);
- пахаваныя расстраляны (кулі, дзіркі ад куляў у патыліцы);
- сярод расстраляных былі жанчыны;
- частку рэчаў, безумоўна, бралі з сабою (складзеныя боты, прадметы туалету, кубкі). Людзі рыхтаваліся ў далёкую дарогу.
У межах пахаваньня знойдзены 62 чарапы. Аб'ём раней выбранай часткі магілы (пры першай эксгумацыі) ад верхніх крайніх пунктаў зьяўленьня знаходак прыблізна такі ж, як і аб'ём распрацаванага намі пахавальнага пласта, гэта значыць там таксама магло ляжаць больш за 60 касьцякоў. Хутчэй за ўсё, забітых засыпалі зьверху пяском таўшчынёй да 40 см. Да гэтага ўзроўню магло зьмясьціцца яшчэ каля 60 трупаў. Такім чынам, у магіле № 2 магло быць пахавана прыблізна каля 180 чалавек. Памеры прымацерыковай часткі магілы 2,85 х 1,67 м (мал. 6-8).
Пасьля выбаркі магілы ўпоперак яе пракапана на дне кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, да глыбіні 0,60 м. Рэшткі касьцякоў і адзеньня, не забраныя на экспэртызу, закладзены ў траншэю і засыпаны.
Раскопкі пахаваньня № 2 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў.
Пахаваньне вызначана па характэрнай прастакутнай западзіне глыбінёй да 18 см. Паверхня была пакрыта невысокаю рэдкаю травой і яловым шыльнікам; у цэнтры відаць вугольле ад былога вогнішча. У тонкім пласце дзірвану таўшчынёй 5 см таксама знойдзена вугольле й рознае сьмецьце. Паверхня была дасьледавана мэталашукальнікам. У траве і ў дзірване выяўлены ржавыя, перагарэлыя ў вогнішчы цьвікі, абрыўкі дроту, абломкі нейкіх жалезных вырабаў, паржавелыя кансэрвавыя бляшанкі, накрыўкі, доўгая й лёгкая куля ад вінтоўкі з круглай адтулінай у тыльнай частцы (хутчэй за ўсё запальная), дробныя асколкі шкла, абрыўкі поліэтылену. Арыентацыя пахаваньня па частках сьвету даўжынёй па лініі захад-усход.
З мэтай выяўленьня контураў магільнай ямы й глыбіні заляганьня рэшткаў людзей упоперак западзіны была пракапана траншэя (шурф) 1 х 2,3 м. Грунт - жоўты перакапаны пясок з украпінамі іншароднай засыпкі чорнага й шэрага колераў. На глыбіні 1,30 м ад дзённай паверхні выяўлены кавалак арганічнага рэчыва, падобны на струхнелую скуру ці адзеньне; тут жа выяўлена тазавая косьць чалавека, крыху ніжэй - косьці пальцаў рук, а на глыбіні 1,40 м - вялікія косьці чалавека, разьмеркаваныя ўздоўж паўночнай сьценкі шурфа па самым краі магільнай ямы. Вэртыкальны контур яе выразна чытаецца на профілі траншэі. На гэтай жа глыбіні (1,40 м) ў цэнтры магілы ў пяшчаным грунце знойдзены бязь ніякай сувязі з касьцямі гумовы галёш з маркіроўкай савецкай фабрыкі і надпісам "СССР". У цэнтры шурфа рэшткі людзей паказаліся на глыбіні 2,03 м. На гэтым узроўні распрацоўка шурфа спынена. Быў распрацаваны раскоп памерам 2,87 х 2,28 м. Выбарка пяску працягвалася да зьяўленьня верхніх фрагмэнтаў пахаваных. Па краёх да глыбіні 1,40 м і ў цэнтры - да 2,00-2,10 м. У паўночна-заходнім куце раскопу на глыбіні 1,43 м выяўлены чалавечы чэрап (замерана да сярэдзіны чэрапа). Чэрап нахілены тварам на ўсход прыкладна пад кут 45°. Побач на гэтым жа ўзроўні амаль у сьценцы раскопу знойдзеныя яшчэ два чарапы: адзін ляжаў на баку, другі - павернуты ўніз. У патылічнай частцы ўсіх чарапоў круглыя адтуліны ад куляў. У адным - тры адтуліны. У самым паўночна-ўсходнім куце раскопу на гэтай жа глыбіні выяўлены чэрап, які ляжаў на цемені з задранай уверх сківіцай. На верхнім радзе зубоў некалькі каронак з жоўтага мэталу. Зьлева разьмешчаны яшчэ адзін чэрап, косьці пазванкоў, рэбры й некалькі локцевых касьцей. Арыентацыя па самым краі магільнай ямы з усходу на захад.