У паўднёва-ўсходнім куце раскопу на глыбіні 1,45-1,50 м адкрыты вялікі кавалак скуры - фрагмэнт верхняй адзежы. У цэнтры магілы на глыбіні 1,8 і 1,9 м выяўлена некалькі экзэмпляраў абутку (галёшы, туфлі), якія разьмешчаны ў пяску без пасьлядоўнай сувязі з касьцямі. Абутак нібы "павіс" у пяшчаным запаўненьні ямы. Такая сытуацыя разьмеркаваньня фрагмэнтаў абутку, адзежы й касьцей (пальцы) у пласьце запаўненьня ямы магла скласьціся пры ўмове, калі магіла раней раскопвалася, рэшткі людзей былі паварушаныя ці выбраныя і пахаваньне зноў засыпана тым жа грунтам.
Пасьля выбаркі грунту рыдлёўкамі пачата зачыстка пахавальнага пласта шуфлікамі й шчоткамі. Зачыстка выявіла наступную сытуацыю: чарапы пераважна разьмешчаны па краёх магільнай ямы на глыбіні 1,40-1,43 м (5 шт.), астатнія (4 шт.) - на глыбіні 1,90-2,10 м. Тут жа косьці і абутак. У цэнтры ямы пласт пахаваньня пераважна на глыбіні 2,10 м (ад 2,00 да 2,10 м). Чарапы ў цэнтры пласта на паверхні адсутнічаюць. Некаторыя экзэмпляры абутку, што былі ў запаўненьні ямы, пры зачыстцы пакінуты на пяшчаным грунце для фіксацыі. Розьніца заляганьня чалавечых рэшткаў па краёх ямы і ў цэнтры яе складае 70 см (паўночны, заходні і часткова ўсходні бок пахаваньня). Уздоўж паўднёвай сьценкі раскопу рэшткі пахаваных узвышаюцца над цэнтрам магілы на 30 см, прытым фрагмэнтарна, суцэльнай лініі няма. Па краёх магілы на ўзроўні 1,40-1,50 м захаваліся больш-менш поўна толькі касьцякі, зарыентаваныя ўздоўж сьценак ямы. Адзін касьцяк у паўночна-заходнім куце (чэрап якога разьмешчаны на глыбіні 1,43 м ад дзённай паверхні) таксама захаваўся больш-менш поўна дзякуючы падоўжанай арыентацыі ўздоўж сьценкі і як бы "паўсядзячаму" разьмяшчэньню (чэрап на 0,43 м вышэй за ўзровень тазавай часткі). Рэшткі забітых у верхнім пласьце ляжаць бессыстэмна, многія экзэмпляры абутку не зьвязаныя з касьцямі (фота 5).
Пасьля зачысткі, абмераў і фіксацыі верхняй часткі пласта пахаваных зроблена выбарка чалавечых рэшткаў магілы супольна з мэдыкамі-экспэртамі. У ніжняй частцы пахаваньне звужалася. Памеры яго на ўзроўні ніжняга пласта пахаваных 2,74 х 2,02 м. Пры выбарцы пласта запаўненьня й пахаваньня ўвесь грунт уважліва перабіраўся рукамі і дасьледаваўся мэталашукальнікам. На глыбіні 2,35 м (месцамі 2,38 м) ад дзённай паверхні зробленая зачыстка мацерыка (жоўта-белы пясок). Упоперак дна раскопу пракапана кантрольная траншэя шырынёй і глыбінёй 0,6 м. Тут былі складзеныя і потым засыпаныя рэшткі пахаваных ды іхнага адзеньня, не забраныя на экспэртызу.
Такім чынам, магутнасьць (таўшчыня) пласта пахаваньня ў цэнтры магілы складае 0,25-0,28 м, па краёх - 0,95-0,98 м. Форма пласта пахаваньня, выгляд яго паверхні, аналіз разьмяшчэньня касьцей і абутку паказвае на тое, што рэшткі пахаваных былі раней паварушаныя і выбраныя, асабліва ў цэнтральнай і паўднёвай частках магільнай ямы (мал. 9-11).
У працэсе выбаркі пласта пахаваных выяўленая вялікая колькасьць скуранога й гумовага абутку (боты, туфлі, галёшы). Увесь абутак даволі прымітыўна зроблены. Ёсць самаробныя боты з выцяжкай суцэльнай халявы, туфлі са стаптанымі абцасамі, галёшы з маркіроўкай савецкіх фабрык "Красный богатырь", "Красный треугольник". На большасьці галёшаў пазначана дата - "1937".