Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,65 м); зарыентавана па лініі поўнач-поўдзень. Па краёх западзіны расло некалькі дрэваў і кусты маліны. Дрэвы й кусты высякаліся. Паверхня пакрыта ігліцаю хвоі і елкі.
Пачаткова распрацаваныя дзьве траншэі ўздоўж і ўпоперак пахаваньня (5,65 х 1 м; 4,40 х 1 м; фота 6). Траншэі закладзеныя, як і ўсюды, з мэтай высьвятленьня межаў магільнай ямы, стратыграфіі напластаваньняў і глыбіні заляганьня касьцей. У выніку распрацоўкі папярочнай траншэі выяўлена выразная карціна напластаваньняў і перакопак (мал. 14, профіль DE). Стратыграфія зоны, непасрэдна прылеглай да магільнай ямы (DF; GE), разьмяркоўваецца наступным чынам:
1. Жоўты насыпны пясок - 0,20 м.
2. Шэры лясны падзол - прыблізна 0,20 м (DF) і 0,25 м (GE), які паступова пераходзіць у падглебавы мацерыковы пласт (жоўты пясок).
Насыпны пясок (1) быў выкінуты на край падчас выбаркі катлавану магілы. Лясны падзол шэрага колеру й мацерыковы пласт - некранутыя грунты прыроднага ўтварэньня.
Непасрэдна па краёх магільнай западзіны (FH; JG) зафіксавана наступная стратыграфія:
1. Двухпластовы насыпны пясок (FH), разьмежаваны тоненькай цёмнай праслойкай. Верхні пласт пяску утвораны ў выніку паўторнай раскопкі ямы (пры ранейшай эксгумацыі) і наступнай яе засыпкі. Ніжні пласт пяску - запаўненьне першапачатковай магільнай ямы.
2. Ніжэй ідзе пласт пахаваньня з рэшткамі людзей.
Аналягічная сытуацыя на ўсходнім канцы траншэі (JG) з той толькі розьніцай, што двухпластовы насыпны пясок разьдзелены тут больш выразнай праслойкай шэрага колеру таўшчынёй 3-4 см (месцамі да 7 см).
У выніку стратыграфічнага аналізу вылучаныя вонкавая і ўнутраная ямы. Шырыня вонкавай па лініі D1-E1 - 3,40 м, унутранай - 2,85 м.
Пасьля праходкі траншэямі ў заходнім баку раскопу ў сэктары FH на глыбіні 0,70 м выяўлены чалавечы чэрап, ніжэй - рэшткі пахаваных. Ля ўсходняй сьценкі раскопу ў сэктары JG рэшткі нябожчыкаў выяўленыя на глыбіні 1,10 м. Пасьля гэтага пачалася агульная выбарка грунту ў межах раскопу памерамі 4,95 х 3,60 м. На ўзроўні верхніх пунктаў пласта пахаваных выявіліся памеры магільнай ямы - 4,00 х 3,10 м. Яна мела ў пляне авальную форму і звужалася да мацерыка. Памеры ніжняй часткі магілы 3,40 м (уздоўж па цэнтральным сечыве пахавальнага пласта) на 2,30 м (упоперак за 20 см ад дна).
У цэнтральнай частцы пахаваньня знаходкі прадметаў і рэшткі людзей зьявіліся на глыбіні 1,80 м ад гарызанталі дзённай паверхні DE. Такім чынам, розьніца ў глыбіні заляганьня касьцей паміж цэнтральнай часткай магілы і яе краямі складае 1,10 м.
Верхні пласт пахаваных (фота 7, 9) быў зачышчаны садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі выразна стала відаць лейкападобная форма пахавальнага пласта (выбарка касьцей у цэнтры, фота 8). Гэты пласт быў намі зафіксаваны, абмераны й паступова разабраны да глыбіні 2,30 м. Магутнасьць (таўшчыня) пахавальнага пласта ў цэнтры магілы складала 0,50 м. Пасьля поўнай выбаркі магілы й зачысткі мацерыка ўпоперак дна раскопу была выкапаная кантрольная траншэя шырынёй 0,5 м і глыбінёй 0,6 м.
Поўная распрацоўка й дасьледаваньне пахаваньня далі магчымасьць зрабіць падоўжаны й папярочны разрэз раскопу па лініі траншэяў. У папярочным найбольш выразным разрэзе (мал. 14) відаць межы й запаўненьні дзьвюх ямаў, нібы "ўстаўленых" адна ў адну. Першая, большая яма з рэшткамі пахаваных абмежаваная вонкаваю лініяй Z-K3-Z1, другая, меншая, - унутранай лініяй F-K2-G і запоўненая пяском. У разрэзе выразна чытаецца неахайны характар папярэдняй эксгумацыі: унутраная яма меншая памерам за магілу, пракапана найбольш у цэнтры, пласт пахаваных выбраны не да канца (мал. 13-15).
Можна зрабіць дапушчэньне, што тыя, хто непасрэдна рабіў эксгумацыю (выбіраў касьцякі), ня быў зацікаўлены ў гэтай працы. Акрамя таго, неахайная работа суправаджалася хутчэй за ўсё і неахайным мэтадам яе вядзеньня, без зачысткі касьцей ад грунту. У такім выпадку пясок пастаянна прысутнічае ў яме, абсыпаецца на ніз і намнажаецца, праца вядзецца нібы ўсьляпую. Працуючы такім чынам, выбраць чыста пласт пахаваных складана нават пры жаданьні.
У паўднёва-ўсходнім куце раскопу ў межах пахаваньня адшукана больш за 80 аднатыповых гільзаў ад нагана. Гільзы зьявіліся на глыбіні 0,92-1,10 м і трапляліся да мацерыковага ўзроўню ямы (у гэтым месцы да 2,15 м). Большасьць іх знойдзена ў межах глыбіняў 1,45-1,60 м, адна - пры капаньні прыступак па-за межамі магілы ў насыпным пяску, што ляжаў пад ігліцай каля раскопу, глыбіня 0,15 м (згубленая падчас расстрэлу?).