Матруна Мікалаеўна Мантасава (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу расказвае, што ў 1937 годзе забралі двух мужчын Стрыгавых з Падбалоцьця. "Хто яны былі?" - пытаемся. - "А простыя людзі, рабочыя". - "За што ўзялі?" - "Ніхто ня ведае. Тады не казалі й не пыталіся. Ноччу па вёсках машына, буда такая хадзіла - "чорны воран" называлася. Людзей забіралі і адвозілі. І да сёньняшняга дня ніхто ня ведае, дзе яны. Можа, там і ляжаць... Схапілі яшчэ мужа Тані Матусевіч і настаўніка, што побач жыў. Прозьвішчы астатніх не прыпамінаю. Усе казалі, што па вёсках забіраюць. Колькі добрых людзей пазабівалі! Цяпер хоць бы ім помнік які паставілі. Гэта ж такі глум быў з народу!"
В.Шаханава паведаміла, што памятае, як забралі трох чалавек з суседняй вёскі Якубавічы. "За што?" - "От, кажуць, адзін на аднаго па злосьці нагаварылі - усе і загінулі. І ў нас у Цне схапілі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу. Добры быў чалавек". Валянціна Міхайлаўна сказала, што чула ў той час апавяданьні старэйшых, як чапляліся з дамаганьнямі да аднаго цнянскага актывіста-брыгадзіра, каб "паставіў" неабходную колькасьць "ворагаў народу".
Пра арышты ў акрузе пытаемся ў Марыі Рыгораўны Пацяршук. "З Хмарыншчыны (гэтай вёскі ўжо не існуе. - Аўт.) забралі трох чалавек: Філіповіча Андрэя, Цярлюка Сьцяпана, а трэцяга забылася, нейкага новага". - "Ці чулі пра запыты ці патрабаваньні выдаць "ворагаў народу"?" - "З 1937 году старшынёй сельсавету (мы тады былі Папярнянскага сельсавету) быў Бацян Цімафей Васілевіч, дык у яго дапытваліся - ці няма ў цябе якіх? А ён адказваў: не, у мяне няма".
Пытаньне: "Яшчэ дзе-небудзь у акрузе расстрэльвалі людзей?" - "Так, расстрэльвалі. У Ждановічах, ля Баравой, ля Драздова справа ад вузкакалейкі (цяпер вузкакалейкі няма. - Аўт.) і ў Менску за паркам Чалюскінцаў, там, дзе завод Вавілава".
Пытаньне да М.Р.Пацяршук, Д.І.Тоўсцік і М.І.Пацяршук (дэпутат сельсавету, член КПСС): "Што цяпер трэба зрабіць з гэтай мясьцінай? Горад жа ўжо пад бокам, дарога кальцавая закранула?" - "Паставіць помнік", - адказваюць усе.
Спаткаліся нам, аднак, людзі, што расказвалі пра ўсё амаль шэптам. Прасілі нідзе не называць іхнае прозьвішча. Некаторыя адмоўчваліся. А, напрыклад, Мікалай Васільевіч Ігнашоў (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу, які прайшоў праз усю вайну да Бэрліна, сказаў нам толькі, што баяўся нават набліжацца да таго плоту, бо хто за яго заходзіў - назад не вяртаўся.
Аднак былі і сарвігаловы, якія пацяшаліся тым, што выкопвалі трупы (асабліва спачатку, калі не было плоту) і саджалі іх пад дрэва, каб "насаліць" энкавэдзістам. "Аднаго разу нехта адкапаў і выцягнуў зь ямы дваіх, - расказвае В.Скварчэўскі. - Пасадзіў пад дрэва, даў у рукі газэту - хай чытаюць. Шум быў. Хацелі дазнацца, хто гэта зрабіў". Такі быў тут побыт... Абставіны, якія спараджалі ледзянячы жах і ледзянячае кашчунства.
Аналіз сталінскай сыстэмы генацыду, новыя факты, што выяўлены цяпер, робяць зразумелым, чаму зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя, кіруючыя партыйныя і ваенныя кадры, працавітыя сяляне. Але не заўсёды зразумела, чаму забівалі цёмных, нават непісьменных сялян і рабочых. Цяжка ўявіць лёгіку сталінскую і тых, хто быў зь ім, бо яна, па сутнасьці, не чалавечая, яна зь нейкім іншым знакам. Тлумачэньне можа часткова даць так званая "плянавая эканоміка" рэпрэсіяў. У 1930-х гадох Молатаў паведаміў Сталіну, што не хапае турмаў, а самае галоўнае, скардзіўся Молатаў, што "арыштаваных трэба карміць". У краіне якраз быў голад. Тады шырока пачалі выкарыстоўваць лягерную сыстэму забойства людзей на этапах у дарозе, марэньне марозам і голадам. У зьнішчэньні народаў быў ужыты плянавы "прагрэсіўны" мэтад. На кожны горад, раён і г.д. выдавалася "разнарадка". Рэпрэсіі адбываліся па графіку. Узьнік "рух" за выкананьне й перавыкананьне пляну рэпрэсіяў (выяўленьня "ворагаў народу"). Колькасьць індывідуальна выяўленых "ворагаў" паведамлялася ў справаздачах, выступленьнях, газэтах. Калі ж плян не выконваўся, а быў канец плянавага пэрыяду, бралі любога. Тады й гойсалі "чорныя вораны" па вёсках.
Мясьціна ля заслаўскай дарогі звалася Брод. Тут непадалёк было некалі балота. А ці мела раней назву тое месца, што было потым абгароджана, той бор на ўзгорках, спыталіся мы ў жыхароў Драздова. Так, адказалі яны, мясьціна называлася Курапаты. "А чаму?" - "Бо вясной там скрозь расьлі белыя кветкі - "курапаты". - "Курасьлепкі хіба?" - "Ага, курасьлепкі - курапаты (дыялектная назва белых пралесак. - Аўт.)".