XII
Пацяклі, паплылі за гадамі гады...
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.
Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет,
Зацвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед
З кургана, як снег, белы выходзе.
Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць.
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.
Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.