Булановіч хацеў нешта сказаць, але ў гэты момант узнялася заслона і пачалася сходка. Нейкі час сядзелі моўчкі, слухалі ўважна, што гавораць. Булановіч заўважыў на сцэне Арончыка, паказаў Гарновай.
- Глядзіце, ён і там не ўседзіць спакойна, круціцца, як верацяно.
Яна ўсміхнулася, не адказала нічога. А праз хвілінку нахілілася да яго, спыталася ціха:
- Слухайце, ці любіце вы сходкі?
- Як гэта - ці люблю... Я нават не ведаю, як гэта можна сходкі любіць. Можна справу любіць, часткай якой і сходкі з'яўляюцца.
- Не, я дык люблю сходкі. Асабліва, калі вялікія, дзе многа людзей, дзе ў бурлівым уздыме выяўляецца агульная згода, дзе чалавек разбаўляецца ў масе, губляе сябе, забываецца на сваё асабістае і жыве, поўніцца гэтым агульным уздымам. Там неяк робішся смелым, адважным, пазбаўляешся ўсякіх сумненняў, усякай жудасці жыццёвай.
Яна троху змаўчала, падумала.
- Калісь было многа такіх пекных хвілінак. Цяпер не тое, цяпер неяк шэрае ўсё. Нудна часам...
Булановіч зірнуў на яе з цікавасцю. Але сказаў нібы зусім безуважна:
- Усяму свой час. Цяпер, вядома, мінуліся гэтыя, як вы кажаце, пекныя хвіліны. Затое працы цяпер не менш і нудзіцца часу няма.
Яна быццам не чула яго слоў. Угледзелася некуды ў прасцяг задуменным поглядам. Потым зноў загаварыла:
- А дрэнна аднаму, цяжка. Думкі розныя, пустата... Моцы няма, бо моц толькі ў грамадзе, калі так зліешся з усімі, калі гарыш захапленнем магутным. Эх, было калісь!..
Яна нават уздыхнула. І ўсё глядзела некуды ў пустату. А на твары смутак глыбокі свяціўся, адбіваўся ў вачах ціхім зеленаватым бяздоннем.
Булановіч глядзеў на яе і чуў, як аднекуль - з глыбі ўсплывае ў яго нейкае няяснае, непакойнае пачуццё, нейкая зыбучая хваля салодкага суму. Быццам перадаваўся яму настрой Гарновай, быццам той смутак, што халодным бяздоннем спавіў яе вочы, быццам ён і яго захапляў, блізіў да яе, навяваў глыбокую сімпатыю да гэтай жанчыны.
Булановіч зрабіў над сабой патугу і абярнуўся да сцэны. Гвалтам прымушаў сябе слухаць прамоўцу, стараўся ўкласці ў мазгі кожнае слова, кожную думку, каб толькі развеяць гэты непатрэбны настрой.
І выходзіла так: словы запаміналіся, сказы ўкладаліся цалкам у галаву, біліся там, гудзелі гудам траскучым; а недзе ўглыбі ціхенька, але ўпарта вілася асобная думка - дакучлівая, настойная, свідравала нутро цурочкам ціхага суму.
Як злавіў сябе Булановіч на думцы на гэтай, узлаваўся і на сябе, і на Гарнову. Рашыў:
- Калі так, дык пайду.
І хоць нешта цягнула астацца, нешта прыкоўвала да месца, - перамог сябе, узняўся.
- Ну, я пайду. У мяне ёсць надта пільная справа. Бывайце!..
Стараўся не глядзець ёй у твар, не бачыць яе смутных вачэй. Яна затрымала яго руку. Сказала шчырым прыяцельскім голасам:
- Слухайце, заходзьцеся вы калі-небудзь да нас. У нас, дадушы, няма ніводнага чалавека, з якім можна б было пагаварыць.
Ён усміхнуўся.
- Дзякую за камплімент.
- Не, сапраўды. Калі будзе час вольны, прыходзьце.
І калі ўжо завярнуўся ісці, дадала:
- Буду чакаць.
- Добра. Можа, калі і прыйду.
І выйшаў. Па вуліцы пасігаў шпарка, размашыста, бубнеў сабе пад нос:
- Ого! Іш ты, як яно. Так часам і сапраўды ў гісторыю ўлезеш. Так і вабіць, так і зацягвае, быццам якое бяздонне таемнае... Не, брат, пачакай, не паддамся. Не хлопчык маленькі... Во толькі сход прапусціў нізавошта...
Гэта так ён казаў, запэўніваў сам сябе ў гэтым, хацеў, каб так думаць. Але думкам хіба загадаеш? Хіба прымусіш сваё ўяўленне не маляваць таго смутнага твару, тых вачэй выразлівых, ахінутых зеленаватай пялёнкай таемнага суму?..
- Дзядзька Булановіч! Вам цёця Марына запіску прыслала.
Булановіч няўцямна зірнуў на маленькую дзяўчынку. Адразу нават не ўспомніў, не зразумеў, у чым справа. Потым схапіўся:
- Гарнова.
Узяў невялічкі кавалак паперы, разгарнуў.
«Тав. Булановіч! Прашу вас прыйсці сёння ўвечары да мяне, маю сказаць нешта важнае. Гарнова».
- Нешта мае сказаць, просіць прыйсці... Што за штука?
І ён пачаў рабіць розныя здагадкі. Углыбіўся ў думкі і на дзяўчынку забыўся. Тая пра сябе напамянула:
- Цёця Марына прасіла, каб адказ далі.
- А...
Адказ... Які ж адказ? Пайсці ці не?.. Але - чаго ж там... Баіцца ён хіба, ці што? Вядома, пайсці. Нават цікава, што скажа яна.
- Перадай, што - добра.
- Бывайце!
У Булановіча думкі роілам завіхрыліся, зблыталіся ў зыбучы бязладны клубок. І толькі да болю яскрава, выразна стаяла ў галаве турбуючым гнётам:
«Што яна скажа?»
Цэлы дзень мардаваўся сярод плоймы напружаных думак, здагадак. А як горад ужо захінуўся ў душную вопратку летняга вечара, пайшоў да Гарновай.