Але - як ён смее? Хто даў яму права так гаварыць? Хто дазволіў яму абражаць яе любага, таго, хто так многа ёй даў, праз каго яна так глыбока, так моцна шчасце пазнала?..
Віктар! Любы Віктар! Каб быў ён тут, каб чуў сам гэту абразу, сам сябе абараніў! Бо яна ж зусім слабая, яна не здолее быць яго абаронцам.
А як жа тукае сэрца, як кіпіць унутры, як хочацца кінуцца зверам на іх, на ўвесь свет, на ўсіх, хто супроць яе мілага, хто так абражае яго.
- Гэта няпраўда. Вы ілжыцё! Вы наўмысля хочаце яго ачарніць. Гэта... гэта... нядобра рабіць так.
Горскі стаіць перад ёй, моўчкі ўсміхаецца. Усмешка гэта нутро ледзяніць, цяжкая яна, як гнёт стопудовы.
- Гэта лёгка давесці. Ён атрымлівае сорак рублёў у месяц. Значыць, усе гэтыя гулянкі, увесь гэты бляск ён дасягае зладзействам. Ён - казнакрад. Гэта першае...
Не, досыць ужо. Яна нічога не хоча больш слухаць, яна больш не вытрымае. Яна не верыць, не верыць... Гэта - наўмысля, гэта па злосці... Якія нядобрыя ўсе! Што ім трэба ад яе, каму яна перашкаджае? Нашто так мучыць, так здзекавацца?
Горскі сядае з ёй поплеч. Ён пытаецца ўжо зусім іншым - мяккім, пяшчотным голасам:
- Чаго вы плачаце, Лідачка?
Яна плача? Яна й сама не заўважыла. Трэба стрымацца, не трэба паказваць яму свайго пачуцця.
- У мяне... баліць... галава... Я пайду лягу...
У хаце нікога няма. Як добра можна паплакаць, аддацца нястрымана свайму пачуццю, свайму гору! Легчы на ложак, уткнуцца тварам у падушку і плакаць, плакаць.
Скрозь празрыстыя шыбы сыпецца мякка-празрыстае сонца, сцелецца па падлозе дрыготнымі жоўтымі плямамі.
Ад сонца ў ката празрыстая шэрсць, і таксама празрыста свіціцца золатам каса Лідачкі, што недалужна звісла з ложка.
Кот шаўкова курлыкае і гуляе з Лідачкінай касой.
Вось успамінак мой, аўтара. Ён нам прыдасца як вобраз для ўразумення настрою Яроцкага.
Гэта з дзяцінства яшчэ. Тады і ў маіх вачах быў чысты блакіт, тады й мае валасы так віліся, як белыя хмаркі на сонечным небе.
Так мне казалі. А помню я во што.
Ясны летні паўдзён. Здаецца, што сонца зусім спусцілася на зямлю і расплылося - густое, пякучае, абліло ўсё чыста варам квяцістым. Усё застыгла, быццам самлела, быццам аддалося ў душных абнімках палкага сонца пераліўчаста-цягучай млосці.
Сад разлівае салодкі густы арамат. Арамат гэты звонкі, жывы, бо ў ім распусцілася і напорна-траскучае верашчанне скачкоў, і блакітны званочак песні жаўронкавай, і масляністы клёкат сялянскіх вазоў там недзе, на вёсцы.
Помню, што я ў той паўдзён прыслухаўся першы раз да ўрачыстасці прыроды. Кажу «прыслухаўся», бо няма ж таго слова, якім можна выказаць стан дзіцяці, калі яно ўсё раскрываецца, як пялёсткі нейкай казачнай кветкі, каб уліць, увабраць у сябе песню жыцця, каб злавіць сваёй чуласцю кожны пераліў урачыстай гармоніі.
Я стаяў зачарованы. Мне здавалася, што і ўсё навакол зачарована, што таму й самлела ўсё чыста, што й сам я зараз самлею.
І ў гэты момант я пачуў над сабой звонкі імпэтны гуд. Я не знаў, дзе ён, адкуль, ці гэта пчолы, ці так што - я не разважаў. Адно чуў, што гуд гэты не зліваецца з той агульнай дзівоснай гармоніяй, што ён рэжа яе, дзіка праз яе прадзіраецца.
Мне стала страшна. Я з жахам прыслухоўваўся, як расце гэты гуд, як набліжаецца. Я хацеў уцячы і не мог, бо не знаў, куды ўцякаць, у які бок. Я стаяў і чакаў. Я гатоў быў кожную хвіліну закрычаць, падняць дзікі шалёны гвалт, зваць на ратунак.
А гуд усё рос, усё гусцеў і шырэў. Здавалася, ён паступова ўпарта абкружае мяне, што насуваецца ён разам з усіх бакоў - магутны і злосны, бязлітасны. Яшчэ момант - і спасцігне, абаўе, увап'ецца ў цела болем страшэнным.
Урэшце я не стрымаў. Я кінуўся ніц у траву і заплакаў. Плачам я хацеў заглушыць гэты гуд, але ён настойна ўрываўся ў вушы і паліў нутро агнёвым спалохам. Я біўся ў траве падстрэленай птушкай, я плакаў, крычаў, ахоплены жудасцю.
Потым мяне падняла маці і заспакоіла. Якраз над маёй галавой на яблыні звіўся пчаліны рой.
Мяне тады не ўкусіла ніводная пчолка. Гэта, можа, затым, што тады ў вачах маіх быў чысты блакіт, а валасы так віліся, як белыя хмаркі на сонечным небе?
Пасля мне смешна было. І цяпер смешна. А расказаў я гэта толькі затым, каб даць вобраз настрою Яроцкага.
Быў адзін дзень, калі Яроцкі ў гарачай жыццёвай сумятні, у пярэста-кіпучай штодзёншчыне раптам пачуў небяспеку. Ён не знаў, дзе яна, адкуль насуваецца, але чуў яе ясна, выразна, як гудзенне звонкае пчол у душны паўдзён. Ён нутром пачуў небяспеку.
Чарвяком едкім, назойлівым звіўся страх у грудзях. Зразумеў Яроцкі, што трэба канчаць тут, трэба сябе ратаваць.