Зірнула ў акно і ўбачыла, як на рагу завулка спаткаліся Ахрэм з Васільком. Села на лаўку і сядзела нерухома, чакаючы мужыка.
Ахрэм уляцеў у хату, як абвараны.
- Ізноў быў у цябе гэты шчанёнак?
- Быў.
- Калі ж гэта скончыцца? Калі ты пазбавіш мяне ад гэтага сораму?
- Хутка кончыцца, - сказала Марылька. Сказала так, што Ахрэм міжвольна змоўк, утаропіўшыся ў яе здзіўленым поглядам. А яна далей гаварыла тым самым спакойным, незвычайна цвёрдым голасам:
- Чаму ж ты не б'ешся? Бі, калі хочаш, апошні раз, бо больш не прыйдзецца...
Ахрэм маўчаў, бо не знаў, што мае на думцы Марылька, чакаў, што скажа далей.
- Я, Ахрэм, больш не буду жыць з табой.
- Як гэта не будзеш?
- А проста, бо не люблю цябе, не магу з табой жыць.
- Развядзешся, значыць? Дурная!..
- Хай сабе і дурная, але я гэта канчаткова надумала. І гэта так будзе...
Ахрэм змоўк і ў той вечар хоць бы слоўца выкінуў. А назаўтра зранку пачаў абыходзіцца з Марылькай так, як быццам нічога не было, як быццам забыўся на словы яе. І зусім асалапеў, як Марылька раптам сказала:
- Ну, Ахрэм, як мы, ці будзем судзіцца?
- За што?
- Ці, можа, так, ціхамірна расстанемся?..
У Ахрэма ў вачах засвяцілася палахлівая трывога.
- Гэта ты сапраўды, Марылька?
- Вядома, сапраўды.
- Як сабе хочаш...
Сеў на лаўцы, схіліўшы галаву. Твар непрыгожа скрывіла глыбокая крыўда. Жаласць шавяльнулася ў грудзях у Марылькі, дзіцёнкам пакрыўджаным здаўся Ахрэм. Але трымалася:
- Ну, дык жа як рабіць будзем?
- Ат! Як сабе хочаш, - ізноў панура азваўся Ахрэм.
Марыльцы не па сабе стала. Не ведала, што рабіць. Уявіла сабе будучае - цёмна там, невыразна. Куды падацца адразу? Да каго пайсці? Васілёк - той сам у бацькі на хлебе... Хіба ў двор? Так, гэта найлепей. Там татулька з матулькай, яны прымуць, не прагоняць родную дачку...
- Я заўтра ў двор паеду, Ахрэм. Ты мне каня дасі?
- Не ўжо, няхай ён цябе вязе куды хоча.
Як пачула гэта Марылька, адразу быццам гара з плеч скінулася. Згінула жаласць, што ўжо зарадзілася ў мяккім сэрцы жаночым, замест яе закіпела варожасць.
Ахрэм не знаўся з бабай Гаўрыліхай з таго часу, як жаніўся на Марыльцы. Не то што ў злосці былі, а так неяк не ладзілася паміж іх сяброўства. Было гэта, мусіць, затым, што Ахрэм не ўзяў дачкі Гаўрыліхінай, а старая Гаўрыліха на гэта дужа спадзявалася. Вось з гэтага, пэўна, і пачалася іхняя нязгода. Цягнулася б яна мо і да самай смерці Гаўрыліхінай, якая ўжо во-во павінна была стацца, каб не тая бяда, якая нечаканым гнётам узляглася на Ахрэма. Яна й штурханула яго ў хацёнку Гаўрыліхі - старую, крывую, падслепаватую, як і яе гаспадыня.
Увечары хацёнка Гаўрыліхі карчом карузлым пад дзвюма вялізнымі бярэзінамі хаваецца. Не свеціць акенцамі-шчэлкамі, бо Гаўрыліха ніколі святла не паліць.
Ахрэм ледзь намацаў нізенькія дзверы, што палахліва адкінуліся назад, быццам хацелі ўцячы ў сярэдзіну хаты.
У хаце ціша. Каб не сударгавае сапенне недзе ў кутку, Ахрэм падумаў бы, што нікога няма ў дварэ.
- Хто там? - цяжка прарваўся скрозь сапенне рыпучы напружаны голас. Цяжка гаварыць Гаўрылісе - дыхавіца апанавала старую.
- Добры вечар, бабулька! - нясмела гукнуў Ахрэм.
Старая не адказала адразу. Ахрэм слухаў, як сіпіць недзе ў цемры, і здавалася яму, што злуецца старая Гаўрыліха.
- Ну, якім ветрам цябе занясло, га? - зарыпела ўрэшце.
- Прыйшоў да цябе на параду.
- Ай што здарылася?
- Затым і прыйшоў...
- Ага, як бяда, тады і да бабы Гаўрыліхі, а пакуль няма бяды, дык і не ўспомніць... Ну, кажы, што ў цябе?
Страшна рабілася ад гнеўнага голасу старой. Пачаў гаварыць ціхім дрыжачым голасам:
- З жонкай у мяне ладу няма...
- Мм, - нешта прамычэла старая, але не сказала нічога.
Ахрэм далей гаварыў:
- Як жаніўся, нішто было: жылі, як усе людзі жывуць. Ані сваркі не было, аніякае спрэчкі. Было зусім добра. А потым ураз неяк, ліха ведае, з чаго б гэта, - неўзлюбіла мяне. Быццам урок хто, ці што. Так - нішто сабе: жывём, як раней, але ўжо відаць, што прыкра ёй, нялюба са мной... Ну, а далей палюбоўнік з'явіўся...
- Ведаю. Усё ведаю. Нічога не схаваецца ад Гаўрыліхі... Усё чысценька ведаю. Кажы проста, што табе трэба ад мяне?
Ахрэм збіўся з панталыку, не ведаў, што казаць далей.
Усё ведае ведзьма старая. Пэўна, знае і тое, зачым ён прыйшоў, але выпытаць хоча... Добра, што цёмна, - не так сорамна гаварыць.
- Бачыце, бабулька, зусім звар'яцела баба. Сказала, што больш жыць са мной не будзе, што развядзецца...