Мукай нясцерпнай былі для Жвіроўскага-сына вечары, калі не было ніякіх сходаў, заняткаў, калі трэба было сядзець дома, у брудным пакоі, адзін на адзін з сухім, злосна насцярожаным бацькам. У гэтыя вечары садзіўся бацька за стол супраць сына і пачынаў жорсткі свой допыт.
Не было ўжо цяпер у старога Жвіроўскага руплівай бацькоўскай трывогі, не было і страху за сына, за яго долю. Пытаўся для таго, каб злавіць на чым-небудзь, каб знайсці прычэпку якую і потым пілаваць, упікаць, мучыць бясконца сваёй буркатнёй - звягаю злоснай. Хацелася цяпер, прагна хацелася выпытаць у сына што-небудзь такое, што б падагрэла злосць у старых нячулых грудзях, што б дало магчымасць едка ўскіпець старому счарсцвеламу сэрцу.
І калі мучыў ён сына, калі бачыў, як маўкліва і балюча набягаюць слёзы на крыўдай працятыя сынавы вочы, станавілася лягчэй сэрцу старому, была на душы дзікая нечалавечая давольнасць. Было гэта так мо затым, што паступова злучыўся ў цяжкім уяўленні вобраз сына з вобразам таго чужога, варожага, што сціснула колам глухім, што адабрала некалі жонку, канапу і бліскучыя гузікі.
А сын стуляўся, хаваўся ў маску глухой затоенасці, паказваў бацьку свайму толькі маўкліва напятыя вочы, у якіх скрозь слёзы нямотнае крыўды прабіваліся часам вострыя тонкія іголачкі злосці.
Не было ўжо ў сынавым сэрцы адданай пакорнасці, ужо скрозь панавала ў ім ціснутым комам агіда - цяжкая, шчымлівая, шавялілася чорнай гадзюкай варожасць. Ужо ў часе вячэрняй малітвы Жвіроўскі-сын не маліўся за бацьку, не прасіў дараваць думак нядобрых пра бацьку. У дрыготна-чырвонай цішы, стоячы на каленях перад змрочным панурым Езусам, Жвіроўскі-сын думаў аб тым, як, што зрабіць, каб пазбыцца адвечных бацькавых здзекаў. І карабатая, быццам мохам чорным аброслая постаць, што нязграбна кленчыла поплеч, здавалася чужой, незнаёмай, быццам нейкім дзіўным выпадкам сышліся, сустрэліся і некаторы час церпяць адзін аднаго.
Так не магло доўга цягнуцца.
Так было цяжка, нязносна абодвум. І чулі абодва, што прыйдзе нейкі канец. Не зналі - які, але і чакалі яго. Бацька - з трывогай тупой, а сын - з палахлівай надзеяй, туманнай радасцю.
Блішчала ў той час сонцам і радасцю лета. У сонечнай радасці пералівала сумятнёй квяцістай маладое жыццё. Было ў ім поўна задору моцнага, свежага, поўна размаху шырокага. Захапляла гэта жыццё, цягнула ў сваё бурлівае ўлонне ўсё маладое, здаровае, усё, у чым клякоча крыніцай рунёвы ядраны сок.
Жвіроўскі-бацька пачаў біць Жвіроўскага-сына. Ён біў не так, як звычайна б'е бацька непаслухмянага сына. Ён біў з асаблівай звярынай жорсткасцю, знаходзіў у гэтым сабе бруднае, дзікае здаволенне. Ён перастаў гаварыць, перастаў весці сваю бясконца цягучую буркатню. Ён маўчаў увесь час, у маўчанні збіраў злосць, каб выліць яе ў жорсткіх здзеках-пабоях.
Сын пачаў не прыходзіць дахаты. Сыну хата стала турмой, стала катаргай. Сын аддаўся цалкам сумятні пярэстай жывога жыцця. Прыходзіў дамоў толькі нанач. Прыходзіў з тупым адчаем, з затоенай глуха ў дзіцячым сэрцы варожасцю. Ішоў і знаў, што зараз бацька зашчэпіць дзверы, возьме хлудзіну якую і пачне біць. Біць будзе доўга, бо сын не хоча плакаць, а сцісне зубы ад болю і маўчыць. Будзе біць, пакуль усё-такі сын не заплача. А сын заплача не ад болю, боль ён можа стрымаць, - заплача ад злосці бяссільнай, ад таго, што сілы няма, што не зробіш нічога. І яшчэ ад таго, што доўга ўжо, жудасна доўга б'е раз'юшаны бацька.
І вось прыйшоў нарэшце канец. Канец быў такі.
Прыйшлі нешта раз да Жвіроўскага-бацькі і сказалі, што ён не мае права біць свайго сына. Жвіроўскі-бацька нічога не адказаў, толькі ўсміхнуўся таемна і злосна. Потым сядзеў на ложку і нешта шаптаў, часамі нервова ўздрыгваючы і крывячы ў дзікую ўсмешку-грымасу свой шызы, аброслы куца падстрыжанай шэрсцю, зморшчаны твар.
На полудзень прыйшоў сын. Прыйшоў, як зазвычай, цёмны, насуплены. З-пад зведзеных броў палахліва блішчалі вострыя вочы, вочы загнанага звярка.
Бацька, як сына ўбачыў, адразу затросся, зашамаў бязгучна дрыжачымі вуснамі. Хацеў нешта сказаць, хацеў закрычаць, але замест гэтага вырваўся толькі дзікі зашчэмлены віск.
Ён кінуўся да сына, схапіў сваімі касцянымі пальцамі сына за вуха, вывеў моўчкі з хаты і з усёй сілы штурхнуў за вароты. Сам вярнуўся ў хату, зашчапіў дзверы і сеў зноў на ложку - чорны, страшны, як нейкая дзікая крывяжэрная птушка.
Сын адразу сцяміў, у чым тут справа.
Ён пастаяў часінку на месцы, зірнуў, вока прыжмурыўшы, на пякучае яснае сонца, падшмаргнуў разы са два носам і пайшоў па завулку, адважна махаючы левай рукой, задраўшы задорна ўгару востры нос - дзюбку птушыную.