Выбрать главу

Замак быў, як апавядаюць, зруйнаваны ўсяго толькі ў 40-х гадах. Спярша, па загаду цара Мікалая І, з яго знялі мядзяны дах і адправілі ў Пецярбург на будову Ісакіеўскага сабора, а пазней нехта ці запарушыў няўмысна, ці мо ўмысна падпаліў будынак. Пасля пажару ён больш паўсталецця пакінуты быў на руйнаванне сіламі прыроды. Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расійскі ўрад нейкаму маскалю-падрадчыку на цэглу, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу.

Але тады, калі мы ўходзілі ў будынак, часць яго, а найменна, левы вугал у ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпенні. Мы пацёмку дабраліся да вялікай вуглавой, у скляпах, салі, сцены якой і столь былі пакрытыя старымі фрэскамі, месцамі асыпаўшыміся, месцамі сцёртымі і павыдзіранымі. Справа, між двух атворын ад дзвярэй, была круглая ніша да самага памосту.

— Во тут ход у падзямелле, — сказаў мой павадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны на добрага паўаршына друз. Супольнымі высілкамі мы ачысцілі дно нішы, якое было зроблена з адной, у квадратовы метр, каменнай пліты.

— Гэта дзверы, — сказаў Падземны чалавек і, засунуўшы ў шчалугу між камянёў загнуты жалезны прут, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адной стараной пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы пры слабым святле сляпой ліхтарні пачалі сыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўняліся з канцом павісшай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверхі, зашчоўкнулася пры помачы прыладжанага да яе механізма.

— Акром мяне, з жывых ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным. Але перш чым увайсці ў тайныя ходы, у якіх нашы празорлівыя прадзеды захавалі не толькі свае культурныя, але і вялікія матэрыяльныя багацці, ты павінен даць абяцанне, злажыць прысягу на вечную тайну, — казаў стары ўрачыстым голасам, з націскам на кожным слове.

Я выказаў сваю згоду, і ён рушыў далей. Ішлі мы мінут 10 вузкім, з пачарнеўшымі сценамі ходам, маючым многія павароты, але ўсцяж пахіляючымся ўніз. На адным з паваротаў мой павадыр стрымаў мяне, кажучы:

— Памятай, пасля сёмага вугла ёсць запастка.

Перад намі, уровень цаглянаму памосту, была на сажань даўжыні і ва ўсю шырыню хода ўпраўлена ў памост дубовая дошка.

— Гэта дошка на вяртугу ўстроена, хто не ведае, ступіць на яе, то і зваліцца ў глыбокі калодзезь, а дошка сама сабой стане на месца.

Пры гэтым, хочучы паказаць, як гэта адбываецца, ён націснуў палкай на канец дошкі, і тая віхнулася ўніз, адкрываючы чорную пропасць скрытага пад ёю калодзезя. Праваднік патрымаў гэты рухомы мост, а мне загадаў выцягнуць засунутую за жалезныя скобкі, з боку мураванай студні, дошку, паклаўшы якую на мост, мы перайшлі на другі бок яго і схавалі дошку ізноў, з другой стараны.

Прайшоўшы некалькі крокаў, мы знайшлі ў сцяне нізкія чорныя дзверцы, за якімі была рухомая сценка, адсунуўшы каторую, увайшлі ў даволі абшырны пакой, з мураванымі лавамі каля сцен і высокім падмуркам пасярэдзіне, на каторым стаяла старасвецкая труна, знаная яшчэ данядаўна месцамі ў Беларусі пад назовам «корста». Гэта — тоўстая калода з высечаным усярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой жа калоды. У асабліва важных здарэннях, хаваючы багатых або заслужаных людзей, корст пакрывалі смалой і «берасцілі», г. зн. густа спаясывалі доўгімі паяскамі бяросты ўсю труну, як бандажам, а наверх шчытна акручвалі яшчэ добра прасмоленымі вяроўкамі. Гэтак прыгатаваны корст мог соткі гадоў ляжаць у зямлі, не паддаючыся буцвежы. Гэткія корсты бачыў я раней, калі адной вясны Дзвіна падмыла старое магілішча, і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а сяляне вылаўлівалі, каб нанова закапаць у зямлю.

— Гэта корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэтыя ходы, — сказаў мне праваднік. — Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрымання слова пацалуеш у чало гэтыя шацоўныя астанкі.

Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую свячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчэў і дыміў, але памалу ўгарэўся, і я пабачыў на труне зробленую ў акружнасці надпісь глаголіцкімі літарамі. Надпісь гаварыла: «Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці моцай слоў тайных на пільнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова».

Мы адкрылі корст, і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў злататканую павалоку. Ляжаў ён, крыху на правы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на пазлацістым паясе; левая нага крыху паднята ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснуўшы старац з шэра-папялістым абліччам.