У маім дзяцінстве быў сіратліва адзінокі, вечна слінявы і смярдзючы, загаўнючаны Жорка Дыдзік, які займаўся гэтым і з козамі, і з цялушкамі, і з кабыламі. З ім, прыдуркаватым, а да таго ж эпілептыкам, ніхто і нічога не мог зрабіць, ды й у галаву па тых часах нікому не прыходзіла, што ён скоталожнік і на яго ёсць закон. Ён быў натуральна ўладкаваны ў няхітры побыт людзей на ўскрайку цывілізацыі, яго адусюль гналі, кідалі ў спіну палкі з камянямі, збівалі ў кроў, калі лавілі пры скаціне. Аднойчы я знайшоў яго за хлявамі амаль нежывога, адвалок да рэчкі, абмыў... Сам я ніколі не бачыў, як ён гэта вырабляе, мне карцела паглядзець, і я папрасіўся: “Жорка, возьмеш мяне як-небудзь з сабой, пакажаш, як яно з кабылай?.. Я табе ліхтарык за гэта дам, амаль цэлы...” Прыдуркаватая ўхмылка расплылася на ягоным твары, і ён згодна, па-змоўніцку кіўнуўшы галавой, сказаў: “ З казой пакажу...”
Назаўтра ён сам знайшоў мяне: “Давай ліхтарык!..”
Белая каза, наважаная на ўзлеску, падпусціла да сябе Жорку без аніякага спуду. Жорка скарміў ёй трохі капусніку, ухапіў за рогі, ушчыміў казу перадам, задраўшы ёй галаву, між двух бярэзін і прыладкаваўся ззаду... Паскакаў з хвіліну, паторгаўся — і ўсё... Мог і не ўшчымляць казу між бярэзін, бо яна, як стаяла абыякава, пакуль Жорка тузаўся, так спакойна азірнулася на яго, калі ён зашпіліў порткі, бэкнула і пайшла сабе паскубваць траву...
Я быў страшэнна расчараваны, я чакаў чорт ведае якога відовішча, але што возьмеш з прыдурка і казы?.. Мне шкада стала ліхтарыка, хоць і паламанага...
Жорка Дыдзік скончыў жыццё пад капытамі кабылы. Ладкуючыся да яе ў стайні, ён зваліўся з жэрдкі — і падкаваная кабыла разнесла яму чарапок. Я гэтага не бачыў, толькі чуў... Поп не даваў пахаваць Жорку на могілках, не было каму асабліва папа ўгаворваць, і Плыткоўскія, гаспадары кабылы, закапалі Жорку Дыдзіка недзе ў лесе, бліжэй да звяроў...
“Дык як яно, Жорка, з кабылай?..”
“І-го-го!.. — чакаючы, падымала і апускала яна то адну, то другую нагу, паварушвала крыжам і памахвала хвастом. — І-го-го!..”
Ах ты жывёліна!.. Ты захацела, цечка ў цябе, кабыла, ты падклікаеш жарабца?.. І ты думаеш, можаш думаць, дазваляеш сабе думаць, што я і ёсць жарабец? Твой самец, гэткая самая скаціна, як і ты?.. Што праз цябе забудуся на ўсё і ўсіх, займуся з табой, сракастай абразінай, тым жа, чым сёння ўсю ноч і нараніцы займаўся з Лі-Лі?.. Што пасля яе спакушуся гэтай тлустай, друзлай гарой мяса, якая патыхае потам, брыдой, міязмамі?.. Што, вырываючыся з шырынкі, падскочу да твайго развесістага, рыжахвостага крыжа, налягу на яго, учаплюся ў грыву, ублытаюся ў хвост і стану хвост твой пушыць і гладзіць, абкручвацца ім, хавацца ў яго і лашчыць твае азызлыя, кабыліныя клубы?.. І буду ўніз зазіраць, пад цябе — на правіслую бочку жывата і перакуленыя кадушкі грудзей?.. Дык на табе і ў хвост і ў грыву, жывёліна, на табе пад хвост, кабыла, на, на, на!..
“І-го-го!.. — спрабавала яна падавацца і падкідвацца непаваротлівым крыжам, тузалася ўзад і ўперад, уверх і ўніз, і ўсё, што вісела на ёй і пад ёй, ва ўсе бакі боўталася, хісталася, матлялася, калыхалася... — І-га-га!.. І-го-го!..”
Як праваліўшыся ў яе, я ніяк сябе ў ёй не адчуваў, не кранаўся ў гэтай бездані нічога, апроч мокрай, хліпкай пустаты. Хваля нястрымнага юру, што ўзнялася, падхапіла і захліснула мяне, не знаходзіла ніякай бухты, ніякіх берагоў, на якія б магла выкаціцца і, скалануўшыся, разбіцца ў пырскі, разліцца ў бухце ва ўсіх яе ўтульных гротах і пячорках, па ўсіх яе мяккіх перашыячках і мысках. Ні гротаў з пячоркамі, ні перашыйкаў з мысочкамі ў хліпкай і мокрай пустаце ці не было, ці яны былі недасягальнымі, і тлустая лянівая кабыла, выставіўшы развесісты азадак, ні ў чым болей не старалася, ніяк не дапамагала, каб хваля выкацілася з мяне хоць бы ў бочку яе жывата, адвіслага да падлогі...
Я звык да кабылак, што сцеляцца ветрам, стралою ляцяць пада мною і б’юць капыткамі, а табе, расплылае мяса, толькі б тузацца ды іржаць?.. Не, пагналі, паскакалі, маем бізун ды лейцы!.. Я ўчаплюся ў тваю грыву, нацягну так, каб да столі задралася твая кабыліная морда з бясколернымі вачыма і буйнаўспацелай, перакошанай храпай, што хапае паветра!.. Давай, давай, давай, сцяліся, узлятай, не закочвай вочы!.. Баліць?.. Дык на тое ты і закілзаная!.. На тое бізун і лейцы!.. А што ты хацела, каб не балела?.. На табе, пузатая ты і пустая цыстэрна, на табе, бяздонная ты яма, на табе, балотная ты сажалка, на табе, гаўнючая ты куча, на табе, на!..