Выбрать главу

“Чым яны падобныя?..”

“Яны абедзьве, каб зратаваць”.

Ён сказаў гэта так, як сказаў бы: яны абедзьве, каб загінуць. Мне гэта зусім не падабаецца — і я кажу, аберагаючы Лі-Лі:

“Мы ўжо зратаваліся. Абодва”.

Фелікс галаву на плячы маім качае: “Але не разлічыліся”, — і мяне пранізвае халадком ад патыліцы: нідзе і ніколі болей мы не спаткаемся!.. “І Бог ведае, дзе і калі разлічымся...” — качае галаву Фелікс, і я стаю, ніякавата па спіне яго гладзячы:

“Я ў Маскву да цябе прыеду. Там сябар мой даўні ў ракетна-касмічных войсках служыць, мы з ім трэцяю сусветную вайну распачаць хацелі — цяпер разам і пачнем”.

Адступіўшы, Фелікс недаўменна слязлівымі вейкамі лыпае:

“Пры чым тут ракетна-касмічныя войскі?.. Ды й даўно няма такіх, расфармаваныя...”

З гумарам у Фелікса так сабе.

А ў Панка нармальна.

“Вазьміце, каб весялей сядзелася, — дастае ён, фотаздымак хаваючы, канверт з той жа кішэні.

Фокуснік турэмны...

Канверт пухнаты — і чамусьці я думаю, што ў ім грошы. Тыя, якія абяцалі Панок з Красевічам, калі вербавалі: “Назавіце суму”. Хіба мне ёсць за што плаціць?

Панок нецярпліва суне канверт у рукі: “Лі-Лі для вас перадала. Слова даю, не чытаў, хоць трэба было, ці мала што...”

Калі не чытаў, скуль ведае, што ў канверце нешта такое, што чытаецца?

“Лі-Лі?..” — пытаю я, не разумеючы, і Фелікс на мяне хутка-хутка, як у альтанцы ў Амеда, зыркае — ужо з-за дзвярэй, пакуль яны зачыняюцца... і ляскаюць замкі ў дзвярах.

Раззыркаўся...

Ніколі і нічога дагэтуль Лі-Лі мне не пісала... Літары ў яе набягалі, наскоквалі адна на адну — так спяшаліся, і ўсё ж падобныя былі на няспешныя, клінапісныя літары калядных амерыканскіх паштовак. Настолькі падобныя, што адразу так і здалося: іх напісаў, спяшаючыся, Фелікс. Але гэта ўжо было б занадта: быць са мною ў адной камеры — і каб падпалкоўнік дзяржбяспекі, няхай сабе па сумяшчальніцтву фокуснік, ад яго пры ім мне нешта перадаваў...

Людзі з падабенствам почыркаў сустракаюцца не гэтак рэдка, як людзі з падабенствам адбіткаў пальцаў, але і не намнога часцей... Я не ведаю, якая тут спажыва для хірамантаў, ды пэўна ж ёсць.

І калі ты напісаць столькі паспела, хуткая мая?..

XXI.

“...і ўсе ў свеце рэчы — адна рэч, але гэтага не зразумець інакш, як прыняць, што так яно ёсць. Тады можна жыць натуральна ва ўсім і з усімі, і нават замест французскага рамана чытаць кітайскую філасофію, пачуваючыся ў згодзе з кітайскімі філосафамі французскім мушкецёрам. Бо ёсць вада і ёсць жанчына, якая ў ёй купаецца.

Аднак і пачуванне мушкецёра недаверліва, не як сваю рэч ва ўсіх астатніх рэчах, ты ў сабе носіш. І я задумалася: у чым твая праблема?..

Табе адкрылася аднойчы, што нічым ты не лепшы за іншых. Не горшы, але і не лепшы — вось у чым праблема, якая б праблемай не стала, каб ты з ёй не звыкся, з гадамі не зжыўся. Нібы сапраўды тое, што ты ўсё ж умееш лепш за іншых, іначай, чым іншыя, не ў залік.

Як не ў залік? А музыка?.. Лідзія Паўлаўна расказвала, як зачаравалася тваёй музыкай да бенефісу, а ты парваў клавір: ды якая музыка, які я кампазітар! Поль рассмяяўся б табе ў твар, ён таксама музыкант — і ты адзіны, на каго ён моліцца і каму зайздросціць. З-за чаго і ўсе выкрутасы ягоныя: моліцца і зайздросціць.

А каханне?.. Ты ўмееш кахаць, як ніхто, без ніякіх высілкаў, калі каханне самаствараецца, як адна рэч ва ўсіх рэчах, і ўжо не сыходзіць, бо няма яму куды сысці, раз яно ва ўсім, і нездарма ўсе твае каханыя, хоць цябе і не вытрывалі, засталіся з табой, развітаўшыся, і ты застаўся з імі...”

Я не бачыў ні разу, каб штосьці Лі-Лі дзе-небудзь запісвала. Не здзівіўся б, калі б зусім яна не ўмела пісаць, хоць і дачка кітайскага прафесара...

Дзіця дао.

Як гучыць:дзі-ця-дао. Нават больш па-кітайску, чым па-кітайску...

Яна і не пісала мне пісьмо ў турму, проста склала разам лісткі, з розных сшыткаў і нататнікаў павырываныя. Выйшла нешта накшталт дзённіка з адрасатам.

“Ты навучыў мяне каханню, бо некаму яно дадзена, а некага трэба вучыць — і выйшла, што я нарадзілася, каб спаткаць цябе і кахаць. Для мяне настала свята са штодзённым феерверкам, які кітайцы прыдумалі, небёсы палалі! — і ў нейкі момант, калі бліскалі нябёсы так, што глядзець было невыносна, я прачытала ў іх: “Лі-Лі, ты страчваеш волю”. Гэта знак быў, трэба ведаць, што для мяне воля, волі мяне бацька пазбавіць хацеў, увабраць мяне ўсю ў сябе, і я пачала змагацца за волю з каханнем, як змагалася з бацькам, успомніўшы, што пазнаёмілася з табой не для сябе, а для Зоі. Можаш не казаць нічога, сама ведаю, як яно выглядае, але гэта адна рэч ва ўсіх рэчах — і так выглядае з твайго боку, не з майго. Мне шкада Зою, я люблю яе — і гэтак прыдумала, гэтак хацела, старалася дапамагчы”.