Выбрать главу

Саркафаг раптам захістаўся, плошча затрэслася ад гуду і грукату падземнага — але гэта не метро, гэта Фелікс бомбу ў Маскве змайстраваў і ўзарваў яе ў рэзананс з музыкай, зразумеўшы, што Лі-Лі са мной застаецца, канец свету з-за рэўнасці наладзіў, засранец, і ўсё пачало валіцца, падаць, рушыцца: “Ды падымай задніцу, засранец, знайшоў, п’янота, дзе спаць!..” — скочвала мяне ўніз па прыступках і піхала шчыпцамі для падбору смецця з акуркамі велічная, як бычыха ці прафесарша, цётка ў сінім халаце, што прыбіралася на трыбуне, і я, даўшыся галавой аб мармур, ледзьве падняўся і здзівіўся, якая наўкол — у самым цэнтры горада — цішыня і пустата...

Мінск — горад правінцыйны, на масавасць правадыроў не разлічаны.

Дабраўшыся на метро дахаты, я ўсё з сябе скінуў у сметніцу і стаяў, стаяў, стаяў пад душам...

“Я ў цябе фотаздымак знайшла: ты і Фелікс, абняўшыся так, нібы зросшыся — мне між вамі не стаць... Я і ўзяла яго, каб глядзець і бачыць, што мне між вамі не стаць, глядзела і не ставала, а фотаздымак прапаў. Абшукалася — няма, і тады я па памяці, абмінаючы абдымкі, адрэзала палову.

Так сон, які ты ў бальніцы прысніў, разгадаўся... Не адразу, бо ты дзяўчынак прысніў, а не хлопчыкаў, ты наогул хлопчыкаў не сніш.

У мяне блізняткі будуць, хлопчыкі, іх ужо ўва мне сфатаграфавалі — вось да чаго яшчэ сон. Адзін хлопчык на цябе падобны, другі на Фелікса, адзін твой, другі ягоны.

Даруй, калі параніла, адразаючы, я не надта ўмею, ты не навучыў адразаць...”

Не цалавалася без Лі-Лі вада.

XXII. ПЕРАБОР

Назаўтра, як фікус забралі, пазваніла Стэфа: “Ты нашто пісталет яму даў, душа твая ў блядзях!..” — і Зіначка над Стэфай завішчала ў трубку тым голасам, які ўжо нямы: “Ён забіўся! Забіўся!! Застрэліўся!!! І ляльку застрэліў!.. Ляльку! Ляльку! Ляльку!..”

Стэфа вылаялася крабічавай лаянкай — як некалі ў маладосці, калі была спадарожніцай жыцця...

Алік прыйшоў да іх сярод ночы, выцягнуў Зіначку на вуліцу, з ёй гаварыў, пасля паехаў, зноў з’явіўся ўраніцы, яны на работу абедзьве збіраліся, папрасіўся ў іх застацца, Стэфа і Зіначка вярнуліся разам, Стэфа за Зіначкай у бальніцу заскочыла, як прадчувала нешта — а ён мёртвы ў пакойчыку Зіначкі ў абдымку з прастрэленай лялькай. Страляўся ў сэрца, ляльку прастрэліў таксама ў грудзі злева.

Тры дні таму, з турмы дахаты дабраўшыся, дзе Алік чакаў мяне, каб ключы аддаць, я спытаў адразу, дзе ён пісталет схаваў, а ён упёрся на тым, што пасля пакажа, бо, пакуль у мяне з Лі-Лі такое, нельга мне з пісталетам, ён за мяне асцерагаецца. Я сам па ўсёй хаце шукаў — не знайшоў, і Алік сказаў, што не ў хаце.