І я пайшоў і стаў пад душ...
Экспертыза паказала, што пісталет той самы, з якога Ігара Львовіча забілі. Следчы Патапейка, дапрасіўшы Стэфу і Зіначку, выклікаў мяне і спытаў, пачак запалак на краі стала падкідваючы, стараючыся, каб той вертыкальна стаў:
— Што рабіць будзем, Раман Канстанцінавіч?..
Мне ўсё адно было, што ён будзе рабіць, і тады Іван Ягоравіч сам выявіў спагадлівасць — можа, і не за грошы...
— Мы ж прасілі вас знайсці і здаць. А цяпер хто заступіцца?.. Наадварот. І паглядзіце, пакажу вам па дружбе старой, якія дзяўчынка перапалоханыя паказанні дала...
Зіначка паказвала, што ў ноч перад самазабойствам Аліка яна сказала яму пра нашу блізкасць на мансардзе. Унізе пратакола допыту:”З маіх слоў запісана правільна”.
Я не стаў аспрэчваць: няхай так, калі так Зіначка хоча. І таксама падпісаў пратакол... Падумаў толькі, як яно выглядае ўсё... бездапаможна-прыніжана, нібы на аперацыйным стале, калі з вышынь, дзе лятае, амаль няўлоўнае, спускаецца ў міліцэйскія пратаколы.
— Мы праверылі яе, хоць гэта, між намі, незаконна, — забраў пратакол Патапейка. — Яна паўналетняя і не паказвае, што вы яе змусілі, але заключэнне геніколага... вось яно, дзіўнае, плява без надрываў, дык як тады?.. Збэсцілі? Анальна-аральна?.. А калі не было нічога, дык хто ж вінаваты, што вы фантазёр такі?..
Слухаць яго немагчыма было...Толькі ў морду, у храпу... І я не стрываў — каб хоць неяк, хоць каму-небудзь з іх, хоць некаму.
— Цяпер ты ў мяне сядзеш, — сплюнуў у сметніцу Патапейка...
Гэта было на другі дзень, як Аліка не стала, ураніцы, а бліжэй да абеда мяне знайшоў брат-міліцыянт і перадаў ад Пятра Зіноўевіча, сябра Івана Ягоравіча, прапанову сустрэцца...
— Я не сказала ні слова, але вы забойца, Раман! — кінула ў твар Лідзія Паўлаўна, вярнуўшыся пасля мяне з допыту ў Патапейкі, які і ёй па старой дружбе пратаколы паказаў. — Якога хлопчыка не стала! Які хлопчык быў!.. — Раз’ятраная, Лідзія Паўлаўна ўспрацівілася нават, каб я з морга судмедэкспертызы цела забіраў, але каму яшчэ? Быў бацька, які недзе па свеце бадзяўся, ну дык дзе яго знойдзеш?.. Я нават вёскі, дзе Алік жыў, не ведаў.
Стэфа сказала, што Зіначка ведае. Нядаўна ездзіла з Алікам, ён упрасіў, каб вёску паглядзела...
Мы з Росцікам, калі багатымі былі, мікрааўтобас для студыі купілі: на хуткія заробкі з лабухамі адскокваць. Зіначка найдалей ад мяне — у самы канец, на апошняе сядзенне села. Не хацела ехаць, Стэфа прыкрыкнула: “Едзь! Тут смерць, а не твае фантазіі! Як без бацькі хаваць, калі бацька ёсць?..”
Да Наваградка, вёска Аліка за Наваградкам была, Зіначка маўчала. Далей трэба было дарогу паказваць — яна перасела. А сядзець побач і маўчаць — не проста.
— Я расказала яму так, як вы мне расказалі, як магло б у нас быць... Каб адчапіўся, мне з вамі не замінаў, па начах не бегаў — ён жа дзіця... А ён зразумеў так, нібы сапраўды было... Ён з-за нічога застрэліўся.
Мне ўпершыню падумалася, што Зіначка амаль такая ж па ўзросце, як і Лі-Лі...
— Тут направа, — паказала яна, — і вунь той дом... Там чужыя людзі жывуць, злуюцца, бо грошы аддалі, а паперы на дом няспраўныя. Шукаюць бацьку Аліка, дык, можа быць, знайшлі...
Зіначка ўсё наперад, на дарогу прагаворвала, а калі спыніліся, да мяне павярнулася:
— А чаму ён у ляльку стрэліў?..
Я заглушыў матор.
— Сама ты як думаеш?
— Не ведаю... Следчы сказаў, што хвароба ёсць такая, псіхічная...
Калі паперы на дом і былі няспраўныя, дык сам дом на высокім, з валуноў, падмурку, з вокнамі ў рост чалавека, з востранахіленым, дзе-нідзе залатаным, але чарапічным дахам — яшчэ які спраўны.
На дзвярах вісеў замок.
— І што яшчэ табе следчы казаў?
— Каб вам не казала нічога... Няма гаспадароў, тады былі...
Метраў за сорак ад дома, падобная на яго падмуркам і вокнамі, стаяла ў атачэнні высозных дубоў двухпавярховая будыніна, з дзвюма калонамі на ўваходзе, паміж якіх сядзеў на прыступках мужык з мыліцамі. Ён крыкнуў сіпла, як прастуджаны:
— У Менск яны падаліся! Сына Альгердава хаваць! З міліцыі сёння зранку сказалі, што сын Альгердаў застрэліўся! Самога яго няма, яны і падаліся...
Мы падышлі, я сеў да мужыка на прыступкі, падаў руку... Ён, падаючы сваю, выцер далонь аб крысо пінжака — такога, якім нічога ўжо нельга было выцерці:
— Казімір.
Рука ягоная, натрэніраваная мыліцамі, сціснула маю, як клешня.
— Якога сына? Аліка?..
— Альгерд ён, а не Алік. Як і бацька. Алік, каб прасцей, а па крыві — Альгерд.
Ён так і сказаў: па крыві. Але болей мяне здзівіла, што Алік — Альгерд. Бо па гучанні, на слых — гэта не розныя імёны, а розныя людзі.