Выбрать главу

Казімір закаркаваў бутэльку: “Шкада... Тут у нас і пра бацьку ягонага кажуць, што дурань. Што дом — гэта дом, а гонар — нічога. Хай бы, маўляў, пліты краў, мы б у яго куплялі...”

Супакоілася Зіначка, калі выехалі з вёскі.

— Лезуць усе... Следчы сказаў, што вас пасадзяць?..

— Могуць.

— На колькі.

— На колькі захочуць...

Зіначка спытала ўперад, на дарогу:

— Можна я вас буду чакаць?..

На выездзе з Наваградка — бацька Лі-Лі, я ўспомніў, з Наваградка, адсюль у Мінск паехаў на кітайскага філософа вучыцца — тоўпіліся ўзбоч дарогі людзі, галасавалі. Я прытармазіў, адчыніў дверцу: хто ўлез — той улез. Можа, хто-небудзь з філосафаў...

Я пазіраў на іх у люстэрка. Дванаццаць чалавек. Сямёра жанок і пяцёра мужыкоў. Старэйшыя, маладзейшыя... Не сказаць, што прыгожыя, прыгожых твараў наогул мала, гэта сусветны дэфіцыт, але і не страшныя. Звычайныя... Сустракаюцца са мной позіркамі — і адразу адварочваюцца, робячы выгляд, нібы нешта іх надта ўжо зацікавіла на дарозе. Чаму мы, сустракаючыся позіркамі, імгненна адзін ад аднаго адварочваемся?

Не давяраем адзін аднаму, хаваемся... Але ж яны мне даверыліся. Селі ў машыну. Зразумела, што ім ехаць трэба, але і даверыліся... Бо раптам я вунь з таго маста — мне жонка здрадзіла.

Алік змог бы з маста? Ці з бомбай, як Фелікс прысніўся... Каб не аднаму, а разам з усімі?

Алік ляльку прастрэліў.

Хоць што я — які Алік? Альгерд. Шляхта, блакітная кроў, калі нават не з князёў...

“Следчы казаў, што хваробы ёсць такая, псіхічная...”

Мне ўжо так не захварэць.

І ў машыне, падобна, не хворыя. Псіхічна здаровы народ.

Так, народ — хто ж яшчэ?.. І не хрэн позіркі адводзіць — ведаю я, пра што вы думаеце. І ўсю дарогу думаць будзеце, пакуль не вылезіце: колькі заплаціць? Столькі — замала, гэтулькі — зашмат. І калі я вазьму грошы, колькі дасцё, не сказаўшы нічога, тут жа падумаеце: эх, замнога... Можна было б і меней, ці за так праскочыць, ён прыпылены нейкі. А ўзбоч дарогі галасуючы, гатовыя былі нашмат болей, куды больш заплаціць, абы падабраў, падвёз...

Дык хто і што вам вінен? Прэзідэнт?.. Вы галасавалі — ён падабраў. І плаціце.

І не даверыліся вы мне, ні пры чым тут давер. Проста тупая ўпэўненасць, што я такі ж, як вы. Не дурань, каб з маста кідацца.

Трохі скінуўшы хуткасць, я прыабярнуўся ў салон:

— Плаціць не трэба.

Зусім іншыя твары, зусім іншыя... І жэсты інакшыя, жэсты... Вунь як кабеціна адкінулася, а то сядзела — каб меней месца займаць.

Халяўшчыкі. Новая ўлада з гэтых людзей халяўшчыкаў зрабіла. Вось у чым праблема, а не ў мове з культурай, як Крабіч распінаецца.

— Прэмія вам. Я ў вашым Наваградку на заводзе газавых пліт столькі хапнуў!.. На гэты аўтобус і яшчэ на адзін.

І што гэта на тварах, на адкрытых тварах простых нашых людзей?.. А вось што на іх, падвыцягнутых: калі хапнуў, дык што за прэмія такая — падвезці? Яно ж нічога, пуста, мог бы і падзяліцца: наш завод, а не твой. І ніхто не абураецца, не пытаецца: калі хапнуў, дык, можа, табе на аўтобусе ў турму?..

Мне ў турму якраз — і Зіначка чакаць будзе.

— А як вам улада цяперашняя?

Ого, як напружыліся!.. У вокны зноў паўзіраліся, а што там за вокнамі? Лес, каб схавацца...

— Па-мойму, дык гаўняная...

Маўчаць... Маўчаць у лес...

Калі яны вылазілі каля метро на Пушкінскай, — дзе Лі-Лі непадалёку жыла, адкуль і да могілкаў Кальварыйскіх недалёка, дзе жыве Аміля, — адзін мужык грошы кінуў: “На, падавіся!..” — а другі сказаў: “Адцягнуўся ты на нас...”

“Філосафы...” — падумаў я і павёз дахаты — цераз Грушаўку — Зіначку, а яна, даехаўшы, спытала:” Можна я на пахаванне не пайду? Мне ўбачыць яго страшна...”

“Якая ж ты медсястра?..” — пачаў я, і Зіначка дзверцай ляснула: “Пра гэта вы пыталіся!..”

І сапраўды пытаўся... Трэба было б з Зіначкай пагаварыць, як з Лі-Лі, сказаць, як яно ўсё ёсць, ды Зіначка не Лі-Лі — і Стэфа выскачыла з пад’езда: “Стой!.. Аліка забралі, Лідзія Паўлаўна пазваніла, каб дапамаглі прыбрацца...”

Аліка, пакуль я ездзіў, забралі Росцік з Крабічам, Росцік яшчэ пару лабухаў прыхапіў — труна ў пакоі Ігара Львовіча стаяла. Крабіч, якому Лідзія Паўлаўна, канечне ж, сказала ўсё, пра што ў Патапейкі дазналася, адразу падышоў да мяне:

— Гэта праўда было?

— Не.

Ён кіўнуў і адышоў. Паверыў — мы іншым разам верым адзін аднаму... Хоць, калі казаць пра нешта большае, чым праўда, дык якраз было.

Я не люблю праўду, яна не для нармальных людзей. Ніколі не любіў, думаючы, канечне, так, як выхоўвалі па-піянерску: піянер — сама праўда.