— Я так і падумаў, у мяне нюх на фікусы. Можна да мяне. Я на ўскраіне ў сваёй хаце жыву, у мяне гэтых фікусаў — адным болей, адным меней...
Прапанова была талковая, але фікус быў не мой.
— Фікус не мой.
— Дык забярэш, калі спатрэбіцца. Нават большы забярэш, ці два, у мяне гэтых фікусаў... Я табе адрас пакіну.
Вось што значыць даць болей, чым ад цябе чакаюць.
— Ты дахаты едзеш?
— Дахаты... Але вазон забраць не таму прапаную, каб лішні бензін не паліць. Проста і табе зручней, і фікусу лепей.
Хоць тут пашэнціла — куды з гэтым лесам?..
Я згадзіўся, што так і лепей, і зручней.
— Толькі фікус ты ў падворку колькі дзён патрымай...
Мужычок зарагатаў.
— А то я засцаны фікус адразу ў хату пацягну! Яны ў мяне летам усе ў падворку — трапічны лес!..
Калі выязджалі з двара, аднекуль амаль пад колы кінуўся, брэшучы, Дартаньян, але я ўжо не стаў спыняцца.
— А ты чаму без Лі-Лі? — пытаецца ў дзвярах нашай студыі, нашага тэатра-студыі мой камерцыйны дырэктар і зазірае мне за спіну, нібыта Лі-Лі, якая на галаву вышэй за мяне, можа за мной схавацца.
— На фіга яна табе прыснілася? — праходжу я да свайго стала, а дырэктар, сустрэўшы і павітаўшыся, вяртаецца на сваё месца і мармыча нешта маларазборлівае...
Прыснілася, бо ўсе хочуць проста бачыць яе. Ад яе флюіды, энергія, секс, жыццё... Апроч таго, Лі-Лі — наш талісман. За тыя паўгода, як яна з’явілася, справы нашыя зноў, хай не так, як некалі, але рушылі ўгору.
Я падсоўваю бліжэй да сябе тэлефон і ўключаю аўтасакратара.
— Жонка разоў пяць званіла, — кажа Расціслаў Якаўлевіч, Росцік, мой камерныйны дырэктар. Мы аднагодкі і, зразумела, сябры, але ён тоўсценькі, пухленькі габрэй з лысінай і жывоцікам. І ён не сказаў: былая жонка. Для яго, як і для мяне, былых жонак не бывае.
— Якая?
— Другая. Прасіла, як толькі з’явішся, перазваніць.
— Сама перазвоніць.
— Само сабой... Але, можа, што-небудзь такое... Усё ж пяць разоў.
Я набіраю Марту. Яна напаўнемка, напаўлатышка, я прывёз яе некалі з Рыгі — і ў мяне з ёю сын.
— Хэй, Марта! Што ў цябе?
— Хэй... Ты мог бы паглядзець аднаго хлопчыка?
Не бачыліся з год — і ні “як жывеш?”, ні “што чуваць?..” Марта лішняга не скажа, дарма я з ёй развёўся.
— Не мог бы. Ты ж ведаеш, я хлопчыкаў не люблю.
— Але ён спявае, Раман, я слухала. І ён незвычайны.
— Што значыць незвычайны?
— Тое і значыць. Убачыш, паглядзі.
— Добра, няхай прыходзіць. А як там наш хлопчык?
— Дзе там?..
— Выбачай...
— Нічога... Нармальна. У кампутарах сядзіць. Хэй-хэй.
— Хэй-хэй.
Пагаварылі. За адно слоўца толькі і зачапілася. Яна ніколі да мяне не прыставала: “Ну, не маўчы, скажы што-небудзь!..” А тым больш: раскажы, як нявіннасць страціў? Дарма развёўся, шкада.
У аўтасакратара нічога. Дзіўна.
Росцік барабаніць пальцамі па стале, нешта яму карціць і ён нецярпліва пытаецца:
— У цябе ўсё пакуль?
— Не.
— А што яшчэ?
— Лазня. І як найхутчэй.
Ён нарэшце глядзіць на мяне так, што бачыць не толькі тое, што са мной няма Лі-Лі, але і заўважае мяне самога.
— Што з табой, Ромчык?..
Ромчыкам ён называе мяне зрэдку, бо гэта смешна — Ромчык ды Росцік, Чук і Гек, якім за сорак. Але называе, калі раптам шкадуе, чаго амаль не здараецца. Расціслаў Якаўлевіч лічыць, што шкадаваць можна толькі габрэяў, таму што яны габрэі — і ў іх лёс такі.
— Нічога. Папарыцца хачу.
Росцік падымаецца, падыходзіць, двума пальцамі нешта бярэ ў мяне з-за вуха — і з гэтым нечым, трымаючы пальцы на ўзроўні вачэй і не зводзячы іх з рыжай, што ўсё доўжыцца між намі, павуцінкі, адступае, адступае, адступае... Ён ашаломлены, у яго шок.
— Такога не бывае... Дзе ты ўзяў, завядзі... Мне б гэтага на такія пэйсы хапіла — куды там рабіну...
— Завяду. Удваіх з рабінам.
— Яму Лі-Лі мала... — трагічна, як толькі што нешта зразумеўшы, выдыхае Росцік. Ён уздымае бровы і моршчыць скуру на чарапку. — Яму мала Лі-Лі...
Усё ж добра, што Лідзія Паўлаўна фікус пакінула, і я дамоў не вярнуўся.
— Досыць, — спыняю я мізансцэну, у якой Росцік, як і ўсе, хто хоць збоку нюхаў кулісы, хацеў бы яшчэ пакрасавацца. — Пра што ты пальцамі барабаніў?..
Росцік скручвае на палец рыжую валасіну “прафесаршы”, сядае за стол, кладзе валасіну ў наш фірменны канверт і хавае ў кішэнь.
— Паказваць буду і бабкі з лабухаў страсаць. Ніхто ж не паверыць... Мяне ў дзяржбяспеку сёння з раніцы паклікалі...
— Ку-ды?
Росцік рассмяяўся, і нават пад сталом было відаць, як закалыхаўся ягоны жывоцік.
— Ды не бойся, не ў камітэт. У савет, да памочніка сакратара. Нейкі іх чалавек у дэпутаты ідзе, прасілі дапамагчы выбраць. Ну, не так прасілі, як прапанавалі дапамагчы.