Выбрать главу

— Я і гадаць не буду.

— Помніш, у тым годзе ў нас хлопец ляжаў? У чацвёртай палаце? Такі малады, белы, гаварыў па-беларуску? Усе яшчэ здзіўляліся…

— Мала іх у нас ляжала і ляжыць, — сказаў Вінярскі, хоць, сапраўды, нешта смутна прыгадалася.

— Ну-у, Жэня… Хай я, стары, магу забывацца, а ты — светлая галава, залатыя рукі… Дык вось гэты хлопец і ёсць яе жаніх. Вось як жыццё можа закруціць! Не ведаю, чым ён мне спадабаўся, але ён мне — як сын родны (Стэльмах, было падобна, забыўся, што толькі што называў родным сынам Вінярскага). Светлая галава, я табе скажу. Не паверыш, але ён — пісьменнік, піша і друкуецца ў часопісах.

II

— Усё было б добра, каб не… Справа ў тым, што ні яе жаніх, ні сама Мілачка нават не здагадваюцца, што ў Мілачкі рэдкая, небяспечная хвароба. (Стэльмах памаўчаў і сказаў па-латыні назву.) Уратаваць яе можа толькі аперацыя. Хваробу вызначылі даўно, калі Мілачцы толькі споўнілася сем гадоў, і трэба было весці яе ў школу. Перад гэтым трэба было прайсці поўны медыцынскі агляд. Вядома, я павёў яе не ў паліклініку, а да самога Барыса Іосіфавіча, у кардыялагічны цэнтр. Страшна ўспомніць, што са мной зрабілася, калі я пачуў… Спачатку мяне ад адчаю проста захліснула злосць, я ледзь не кінуўся на Барыса Іосіфавіча з кулакамі, крычаў, што ён — не доктар, што, перш чым ставіць такія дыягназы, хай навучыцца разбірацца ў звычайных аналізах… Потым мне, здароваму саракагадоваму мужчыну, стала блага, і мяне адпойвалі карвалолам і давалі нашатыр пад нос. Калі я апрытомнеў, Барыс Іосіфавіч, які за ўвесь час, пакуль я на яго крычаў, не прамовіў ні слова, ціхім і вінаватым голасам паўтарыў страшны дыягназ. «Колькі з такой хваробаю жывуць?» — вымучыў я з сябе, вымучыў словы, якія столькі разоў даводзілася чуць мне самому і да якіх я быў абыякавы, буркаў звычайна, што такіх пытанняў задаваць нельга, што гэта справа не вашая, а дактароў і таму падобнае. Цяпер я баяўся пачуць такі ж самы, халодна-дзяжурны, адказ ад Барыса Іосіфавіча. Але ён сказаў: «Калі нармальная псіхалагічная абстаноўка — можа пражыць доўгі век. Калі ж, не дай Бог, пачнуцца нейкія нервовыя зрывы, стрэсы… Вы самі доктар і павінны разумець, што канкрэтна вам ніхто нічога не скажа. Дзяўчынцы патрэбна аперацыя. Але яе можна рабіць толькі пасля паўналецця вашай дачкі. Ад вас залежыць, каб да гэтага часу дзяўчынка ні пра што не здагадвалася, каб яна проста жыла, як і ўсе дзеці, і лічыла сябе такой, як і ўсе». Барыс Іосіфавіч адразу папярэдзіў, што тут, у Саюзе, пра такую аперацыю няма чаго і думаць. Яе нідзе тут не зробяць. Але мяне гэта не спалохала. Для мяне тады, пасля ўсяго пачутага, і гэты праменьчык надзеі быў шчасцем. Ды я, думаў я тады, на каленях гатоў паўзці ў тую праклятую Маскву; я дастукаюся ў любыя дубовыя дзверы, буду прасіць, маліць, прыніжацца, змагу расчуліць, давесці да слёз любога медналобага чыноўніка… Я даб’юся дазволу на аперацыю за мяжою! — думаў я. Мілачка сядзела на калідоры, на канапе каля дзвярэй, падабраўшы ножкі, і глядзела перад сабой сур’ёзна, нібы пра ўсё здагадвалася. Я схапіў яе і пачаў усю зацалоўваць, і гэтыя ножкі, а яна стала ўсхліпваць ад страху і вырывацца… Барыс Іосіфавіч, які таксама выйшаў на калідор і глядзеў на нас, адвёў мяне ўбок і зноў нагадаў, каб ні ў якім разе не пужаў дзіця. Ізноў голас у яго быў вінаваты, і ён стараўся не глядзець мне ў вочы. Тады я яшчэ не разумеў чаму. Доктар прадбачыў, што мяне чакае наперадзе.

З таго дня асабістае жыццё для мяне скончылася. Я матаўся па некалькі разоў на год у Маскву, Ленінград, званіў, дабіваўся прыёмаў, даваў хабары, пісаў лісты… словам, прайшоў праз усе тыя этапы, якія ўявіў сабе, калі пачуў ад Барыса Іосіфавіча пра сваё гора. Самае галоўнае, што я быў адзінокі, мне даводзілася трымаць усё гэта ў тайне нават ад жонкі. За сябе я быў упэўнены, а за яе баяўся. Вядома, я збіраўся ёй пра ўсё расказаць, але толькі тады, калі сам ужо нечага даб’юся; тады і аб’яўлю — так і так, Мілачка хворая, але нічога страшнага, вось дазвол на аперацыю за мяжою… Аднак жонка адразу западозрыла нешта няладнае. Пачала рабіць мне сцэны, даймаць роспытамі — дзе прападаю, чаму стаў такі неакуратны, няўважны, абнасіўся, нічым не цікаўлюся, куды пачалі знікаць грошы, чаму я пачаў стагнаць па начах і нават у сне некага аб нечым прасіць?.. Я маўчаў, яна плакала, і я ўжо бачыў, што яна пачынае ненавідзець мяне. Але вось урэшце, шчаслівым летнім ранкам, дазвол быў атрыманы. Я цалаваў гэты шэры казённы бланк, танцаваў вакол яго, сто разоў перачытваў скупыя словы — «Выезд разрешаем, если располагаете средства»; потым супакоіўся, і раптам да мяне дайшло. «Располагаете средства»!.. За гэты час я праездзіў, растраціў на тэлеграмы, перамовы, на заказныя лісты, на хабары ўсе тыя невялікія зберажэнні, што ў нас былі. Але праз хвіліну я ўзяў сябе ў рукі, і пачаўся новы віток. Яшчэ перад гэтым я паслаў ліст у адну з лепшых замежных клінік, і недзе праз тыдзень пасля маскоўскага бланка прыйшоў ліст з Еўропы: мне пісалі, што згодныя зрабіць такую аперацыю, і называлі суму ў далярах. Гэта была каласальная, астранамічная для мяне сума! Ад тысяч мёртвых паперак залежала, будзе жыць ці не белагаловае, разумнае, жывое, прыгожае стварэнне — з рукамі, нагамі, сінімі вачыма, якое магло б выйсці замуж, ашчаслівіць некага, нараджаць дзяцей…