Выбрать главу

З адчаю ён ударыў далоняй па знадворнай раме, дзе сыходзіліся палавінкі — і здалося, гэты гук, трымценне шкла, пачула ўся клініка, уся вуліца, што Стэльмах ці яшчэ нехта нячутна зайшоў і стаіць за спіною. Але Вінярскі нават не азірнуўся. З мясам павыкалупваў з гнілаватай рамы гнёзды, апусціў назад шпінгалеты… Нечакана ўся яго выдумка здалася яму страшэнна арыгінальнай і праўдападобнай, выцягнулася ўся ў ланцужок — ён аж засмяяўся, закурыў, тады толькі агледзеўся, прыслухаўся. Нідзе нікога, звычайныя гукі бальніцы. «Проста націснулі на створкі з двара, створкі падаліся, трошкі адышлі, тады падсунулі знізу, у шчылінку, звычайную адвёртку, вывернулі гняздо, тое ж зрабілі зверху, залезлі на падаконнік… не, не залезлі, а, стоячы знізу, нечым выламалі і ніжні шпінгалет унутраных палавінак… А потым схамянуліся, што фортка адчыненая і можна рукою дастаць… Тады залезлі на падаконнік — і ўсё. Чаго сюды лезлі? Гэта трэба пытацца ў тых, хто лез. Ці не думаеце вы, што гэта я зрабіў? Калі б я хацеў нешта тут украсці, я зрабіў бы гэта, не ламаючы рамы!..»

Самае дзіўнае, што гэты доказ — калі б ён, Вінярскі, краў, дык не ламаў бы рамы — здаваўся яму ў той момант абсалютна пераканаўчым.

Не стаў чапаць больш створкі («хай будуць прычыненыя, наўрад ці той, хто вылез бы праз акно, клапаціўся б зачыняць іх»), хуценька замкнуў дзверы, стаў на крэсла, выцягнуў з-пад папак «дыпламат» і толькі калі саскочыў на падлогу і паклаў яго на стол, падумаў: «А што, калі б яго не было тут? Вельмі проста, сто разоў Стэльмах учора мог бы забраць…» Але «дыпламат» быў, вось ён, ляжыць на стале. Вінярскі паспрабаваў адчыніць яго — нічога не выйшла. Божа мой — код!.. Ен зачынены на код! Ліхаманкава, дрыготкімі пальцамі Вінярскі пачаў круціць узад-уперад гранёныя круглікі пад ручкаю, пакуль не зразумеў, што проста марнуе час. Ні з таго ні з сяго ён ударыў раптам з усяе сілы адвёрткаю ў бок «дыпламата» і прабіў дзірку, потым апамятаўся і пачаў хапатліва заціраць яе рукою, але толькі падрапаў аб востры пластык далонь. Нейкі час ён стаяў і залізваў кроў, тады паставіў «дыпламат» пад стол Івана Змітравіча, доўга тыцкаўся ключом у замок. Выглянуў у калідор. Нікога не было.

Трэба было вяртацца і забіраць грошы. Прайсці па трох даўжэзных калідорах трох карпусоў, каля сталовай, праз вестыбюль з «дыпламатам», якіх ён зроду не насіў. Але рабіць не было чаго: Вінярскі вярнуўся, узяў «дыпламат» і, сабраўшы ўсю рашучасць, пайшоў. Ногі былі ватныя, а ўсярэдзіне ўсё трымцела. Калі б яго зараз паклікалі, ён, напэўна, выпусціў бы «дыпламат» з рукі. Але на калідоры нібы ўсё вымерла. Вось пачатак тэрапеўтычнага аддзялення, вось дзверы ў падвал. Нібы нехта падштурхнуў яго ў спіну — Вінярскі паслухмяна павярнуўся, спусціўся ў падвал… Вось дзверы на двор — і хоць бы дзе адзін чалавек! (Успамінаючы пасля той дзень, Вінярскі думаў, што чалавеку даволі ўсяго толькі захацець зрабіць якуюсьці гадасць, а там чорт сам давядзе ўсё да канца. Не магло ж так шэнціць яму тады само па сабе!)

Ужо на двары, ідучы паўз сваё акно, скасіў вочы. З дарожкі з адлегласці трох метраў не было відаць нічога падазронага. Хіба калі ўжо добра прыгледзецца, маленькая шчылінка…

Ён ехаў дамоў тралейбусам і думаў, што каля фінскай запраўкі яго ўжо чакаюць, каб арыштаваць, і трэба, як расказваў Стэльмах, ці пераехаць, ці недаехаць. Але сіл ужо не было ніякіх. Ніхто яго, вядома, не чакаў.

Дома ён запіхнуў нагою «дыпламат» пад ложак і бухнуўся ў любімае крэсла. Ён адчуваў сябе цяпер самым большым у свеце дурнем. Божа мой, ды нават калі дапусціць самае шчаслівае, самае неверагоднае — што ўсё абыдзецца: заўтра ён прыходзіць на працу, Стэльмаха не было і яшчэ няма, прыбіральшчыца ўжо выклікала міліцыю («забыў паставіць на месца крэсла! забыў зачыніць дзверцы антрэсоляў!»), тут прыходзіць Стэльмах, расказвае пра грошы, паказвае на Вінярскага; ён, Вінярскі, і слухаць не хоча — і яму вераць, што гэта не ён украў, а Стэльмаху не вераць — адкуль у цябе столькі грошай? Хто твае грошы бачыў? Чаму хаваў у кабінеце, а не ў банку, не дома? А калі хаваў, нашто расказаў пра гэта Вінярскаму, потым спакойна аставіў столькі грошай і пайшоў?..

Дык вось, калі нават дапусціць гэтае самае шчаслівае — дык будуць жа і допыты, і павесткі, завядзецца справа, узнікнуць следчыя, пачнуцца вочныя стаўкі, вобыск… За ім пачнуць сачыць. А галоўнае, хіба ён не ведае нашай міліцыі?! Не чытаў кніг, не глядзеў фільмаў? Ды ім варта толькі захацець, і яны дакажуць, што ён не толькі злодзей, а і забойца, маньяк, і так дакажуць, што ён сам паверыць і прызнаецца!