Яна ўстала - вочы ў вочы... Нічога не сказала, зноў укленчыла. Спінай да яго, тварам да каменя. Да сына.
“Так лепей?”
“Так. Лепей”.
“А валасы... ”
“Што валасы?..
“Можа, на грудзі згарнуць... Не замінаюць?..”
Яму стукнула пад сэрца, падкаціла пад горла...
Ён зглынуў.
“Не замінаюць... Але можаш згарнуць... І можаш памаліцца свайму Богу, Вольга...”
Яна кіўнула, падняла рукі, перакінула валасы з плячэй на грудзі... Як чорную хмару над белым снегам...
“Ойча наш нябесны! Ды свяціся імя Тваё, ды прыдзі валадарства тваё, ды станься воля Твая як на небе так і на зямлі...” - малілася яна, гледзячы на ахвярны камень, на сына, і калі, прашаптаўшы “амінь”, перахрысцілася, Ціт ударыў зверху ўніз з імгненным, маланкавым замахам, якому ўсё жыццё вучыўся, каб напалам рассякаць ворага, і Мілава аддзялілася ад Вольгі, і ўся кроў, якая была ў абедзвюх, лінулася на ахвярны камень...
Нават цішыня, здалося, сцішэла - і хвіліну стаяла вострая, як лязо мяча. “А-а-а!..” - рассек яе надвое захлёбны крык Мікалая, і адным дыхам: “Ву- вух..!” - выдыхнула гара, а Ціт кінуў меч, схапіў дзіця, прыціснуў да грудзей і, чырванеючы ў белым, подбегам рушыў ад капішча ўніз, скрозь натоўп да капліцы, дзе нехта ў жаху ад яго адступаў, а нехта на калені ставаў - ці то перад бацькам, ці то перад сынам, ахрышчаным у матчынай крыві.
Чэрвень 2014, Крэва, ліпень 2015, Менск.