Выбрать главу

- Не.

“Вух!..” - выдыхнула гара, а вайдэлот Тур выхапіў меч з-за пояса Ціта і ўтыркнуў яго ў зямлю каля ног Дана: “Тады ты ведаеш, што рабіць!..”

Меч стаяў, не хістаючыся.

Гара чакала...

- Па звычаі нашых продкаў жонка, якая здрадзіла мужу, мусіць быць асуджаная на страту! - пачаў, уздымаючы голас, Крыва-Крывэйта. - Вы адпрэчылі звычай - і на зямлю вашую прыйшла распуста, якая нясе пагібель! Бо калі жонка не паважае мужа, тады сын не паважае бацьку, і рвецца повязь пакаленняў! Слабее і гібее род! Тады ворагі нашыя, якія мацнеюць праз нашую слабасць, прыходзяць і забіраюць...

- Досыць! - вырваў меч з зямлі Дан. - Я паважаю бацьку! І па звычаях нашых продкаў ён, галава роду, мусіць вяршыць суд! І над жонкай маёй, якая мне даўно не жонка, і над дзіцём яе, якое мне не дзіця, і нада мной, калі на тое ягоная воля! Бо я слабы, - падаў ён меч Ціту, - і сам звяршыць суд не здолею...

Дан стаяў перад бацькам, падаючы яму меч, які Ціт не браў, бо калі ты бярэш у рукі меч, дык мусіш ім секчы - во якую Дан прыдумаў помсту. “Ты ў мяне забраў Мілаву - цяпер забяры яе ў сябе...” Так яны стаялі, знерухомленыя, адзін перад адным, але колькі можна было ім, сыну і бацьку, адзін перад адным стаяць, калі чакаў, як каршун, гатовы ўчапіцца ў Мілаву, Крыва-Крывэйта, калі чакаў, з’едліва ўсміхаючыся, вайдэлот Тур, калі гара чакала...

Гара не прагла справядлівасці. Ніхто не чакаў, што Ціт возьме меч, каб спраўдзіць законы, па якіх жылі продкі. Не. Усе чакалі відовішча. Толькі відовішча - больш нічога. Ціт гэта разумеў. Але разумеў таксама іншае. Калі не звяршыць суд, дык усе засухі з патопамі і войны з пажарамі, усе беды, якія стануцца на гэтай зямлі хоць праз дзень, хоць праз год, хоць праз век, будуць бедамі, насланымі багамі праз Мілаву. Тут ужо вярхоўны вяшчун з вайдэлотам пастараюцца... А скуль Мілава ўзялася? У чыёй сям’і прыжылася?.. І калі сям’я, калі Ціт цяпер выявіць слабасць, згубная слава пра смалянку кляймом пакладзецца на ўвесь род. На Віта, Дана, Юра. На іх нашчадкаў. На гэтага хлопчыка, якога абдымае апошнімі абдымкамі Мілава...

Гара чакала.

Ціт адчуваў сябе, як за імгненне перад боем, шанцы ў якім роўныя на жыццё і смерць. Зрок, слых былі гэтак абвостраныя, што ён чуў, як у кожным, хто стаяў хоць блізка, хоць далёка, шуміць, патрабуючы выйсця, кроў. Чуў галасы, якія яшчэ не вырваліся, стаялі ў каго пад сэрцам, у каго пад горлам: “Ведзьма!.. Курва!.. На смерць!.. На страту!..” - і бачыў, як і ў вачах тых, хто верыў у многіх багоў, і ў вачах тых, хто верыў у Бога адзінага, аднолькава разгаралася нянавісць, праз якую забываліся яны пра любоў.

Яны праглі не толькі смерці Мілавы. Яшчэ больш яны праглі ганьбы Ціта. Ваяра, які ўзяў жанчыну - і не возьме меч...

“О, Пярун!.. О, Вялес!.. О, Ярыла!.. На што вы разгневаліся? На каханне? Чаму?.. Пазайздросцілі? Вас гэтак не кахалі, каб на смерць пайсці?.. Мяне таксама. Таму я не ведаю, што з гэтым рабіць. І мушу зрабіць тое, што ведаю...”

- Як назваць сына?.. - беручы меч, спытаў Ціт, і Мілава, зразумеўшы ўсё, адарвала ад сябе дзіця: “Мікалаем”.

“Яй... яй... яй...” - заякатаў, заплакаў хлопчык, калі Ціт узяў яго, прыціснуўшы уруччам меча і зрабіўшы, мусібыць, балюча, а Крыва-Крывэйта, усё яшчэ злуючыся, што яму праклёны дакрычаць не далі, буркнуў: “Няма ў нас такіх імёнаў, вось і плача...”

Ціт стаяў, баючыся зварухнуцца, каб як-небудзь не нашкодзіць немаўляці. Паспрабаваў успомніць, як іх трымаюць, дзяцей - і не ўспомніў. Бо не трымаў ніколі. Шаблі, дзіды, мячы ўсялякія трымаў, а такое малое дзіця - не. Першы сын нарадзіўся, калі з татарамі біўся, другі - калі з крыжакамі, трэці... ужо й не помніў - з кім. Калі зрэдку перадых выпадаў, не паспяваў прывыкнуць да дзяцей, яны да яго - і зноў меч у рукі. І калі маці іх, Дабранега, з голаду памерла, на вайне быў. Вярнуўся - дзеці адны. Згаладнелыя, схаладнелыя. Было пяцёра, выжылі трое...

- На, патрымай... - падаў ён дзіця, каб рукі вызваліць, Дану. Той адступіў, не ўзяў - і Ціт паклаў сына на ахвярны камень.

Больш нічога, каб адцягнуць непазбежнае, зрабіць было нельга.

Ён падышоў да Мілавы... Трэба было нешта сказаць, але што?.. Што сказаць жанчыне, якая гэтак цябе кахала, што ахвяравала дзеля цябе жыццём?..

Не трэба было, дурніца.

“Мілава, я... ”

“Я не Мілава. Калі хрысцілі, назвалі Вольгай”.

Яна глядзела спакойна. І спакойна казала.

Ён узяў яе за руку - і як зашумела ў ім кроў!

“Стань на калені...”

“Дзе?.. Тут?..”

“Тут”.

Яна ўкленчыла перад ім.

“Так?”

“Не. Да мяне спінай...”