Выбрать главу

Ён апрануўся, выйшаў на ганак і ўбачыў у гародзе Ванду, якая палола гуркі.

– Добры дзень, пані Ванда! Заспаўся я ў вас на мяккіх падушках.

– Вітаю! Адсыпайся, Тадзік, пакуль ёсць магчымасць. Вайна пазбаўляе людзей чалавечых умоў жыцця, прымушае пакутаваць, заўчасна паміраць. Я вельмі баюся за мужа. Ён такі адчайны, зусім пра сябе не дбае, а мы яму з Алікам проста дадатак да сямейнага жыцця.

– Кожны паляк мусіць бараніць Айчыну наколькі хапае змогі, таму мы не можам асуджаць вашага мужа. Ён робіць тое, што належыць сапраўднаму мужчыну. Рызыкуе страціць жыццё. А хіба існаванне ў няволі можна назваць жыццём?

– Вой, Тадзік, ты такі ж балбатун, як усе нашы палітыкі. Шмат гаварылі, а незалежнасць Польшчы адстаяць не здолелі.

– Давайце спадзявацца, што Алік будзе жыць у вольнай і шчаслівай краіне.

– Дай Бог, – адказала гаспадыня і перажагналася. – Ідзі, паснедай сам, усё на стале стаіць, а я прапалю трохі грады. Пустазелле расце, як на дражджах, быццам яго нехта знарок сее…

– Дзякую, знайду, – адказаў ён і залюбаваўся яе стройнаю паставаю.

Яна паправіла хустку і зноў схілілася над градой. А Тадзік падаўся ў хату, папіў малака з хлебам, закусіў астылай яечняю са шкваркамі і вярнуўся на двор. Мужчынскі занятак яму адразу знайшоўся, да абеда калоў дровы, потым трохі падладзіў у адным месцы плот, па абедзе нанасіў з калодзежа ваду ў бочку, з якой Ванда палівала грады. Пад вечар, калі ўжо даволі стаміўся і сеў адпачыць, убачыў машыну Руткоўскага, які заехаў у двор.

– Што ў Беластоку чуваць, пан маёр?

– Нічога добрага. Чырвоныя ўжо каля Брэста. Яшчэ дзён колькі – і будуць тут. Баюся за брыгаду, як яны выйдуць стуль. Ім трэба было б перачакаць, прапусціць фронт і рухацца ўслед.

– Каго-небудзь з акаўцаў знайшлі?

– Ёсць людзі, маю адрас явачнай кватэры. Трэба трохі пачакаць, няхай усё ўляжацца… Варшава рыхтуецца да схваткі з немцамі. Але ж мы былі сведкамі краху Арміі Краёвай у Вільні. Баюся, каб не паўтарылася тое ж самае.

Ванда выйшла на ганак. Узрадавана ўсміхнулася:

– Як з’ездзілі, пан Руткоўскі?

– Выдатна, пані Ванда, – адказаў ён, адчыніў дзверцы машыны, дастаў з задняга сядзення нейкі пакунак і сказаў:

– Вось здабыў трохі солі і цукру.

– Праўда? – узрадавалася жанчына.

– Гэта, можа, самая праўдзівая праўда, яую я казаў калі-небудзь у жыцці, – засмяяўся Руткоўскі, перадаючы гаспадыні гасцінцы.

– Дарагія госці, сёння мы будзем піць сапраўдную каву з цукрам. Я берагла яе гады тры, мусіць, дзеля гэтага моманту, – урачыста сказала Ванда. – Прашу, вячэра чакае.

– А мы яе яшчэ больш чакаем, – адказаў Руткоўскі і зноў засмяяўся.

Гэтая празмерная весялосць маёра насцярожыла Тадзіка, ён нават падумаў: "Ці не збіраецца маёр заляцацца да Ванды, калі наважыцца на нешта непрыстойнае, дык не пагляджу, што ён мой камандзір…"

Руткоўскі, хоць і лёг спаць, але Тадзік чуў, што ён варочаецца, ніяк не ўляжацца, вырашыў не спаць, а прасачыць, пры гэтым пачаў пасопваць, быццам у сне. Маёр, як пачуў гэтае сапенне, падняўся і падаўся ціха да дзвярэй.

– Пан маёр, куды гэта вы? – спытаў Тадзік.

– Пакурыць, спі.

– Дык і я з вамі, я ж ваш ад’ютант і целаахоўнік…

– Ты ўсю ноч збіраешся за мною сачыць?

– А вы як думалі?

– Я забараняю табе! Гэта загад! Спі!

– Не, пан маёр, вы не можаце мне загадаць спаць, калі я не хачу.

– Ты што, за сваю зямлячку баішся, дык нічога з ёю не стане, яна, можа, чакае… Добра так усміхалася…

– Яна і мне ўсміхалася… Яе муж паехаў Варшаву бараніць! А вы так дрэнна думаеце пра нашых жанчын!

– Шчанюк ты яшчэ… Я пра іх вельмі добра думаю!

– Ведаеце, пан маёр, калі нас памылі і накармілі, дык мо трэба трохі пачакаць, калі вас захочуць пакласці побач у сваю пасцель па добрай волі.

– Чакаць… Чаго? Ты ўпэўнены, што для нас настане заўтра, паслязаўтра і яшчэ некалькі дзён наперад? Я не…

Тадзік паглядзеў у стомлены твар камандзіра і спытаў:

– Вы не верыце ў нашу справу?

– Веру, але вельмі сумняваюся. Трэба дачакацца нашых людзей, а потым пабачым. Толькі калі яны прыйдуць? Чырвоныя рухаюцца хутка на машынах ды танках, а мае жаўнеры – пешкі. Дарога няблізкая – па лясах ды балотах… Зрэшты, час пакажа. Спі!

Руткоўскі лёг у пасцель і аціх. Тадзік яшчэ доўга не мог заснуць, думаў пра мінулае і будучыню. Вельмі не хацелася паміраць, калі навокал такое прыгожае лета, а побач Ванда Палубінская. Нічога, што яна змяніла прозвішча на Бранзоўскую, ад гэтага, здаецца, стала яшчэ больш прыгожай і недаступнай.