Выбрать главу

Катерина відчини-но,

Катерина встань-но,

Дай мні їсти, дай мні пити,

Ото буде файно.

Катерина відчинила,

Катерина встала,

Дала їсти, дала пити,

Ще й поцілувала.

Заўважыў сунічную палянку, стаў на калені ласаваўся ягадамі, набіраючы ў жменю, высыпаў у рот, адчуваючы салодкі прысмак на вуснах, падумаў: "Як добра аднаму, калі ніхто цябе нікуды не гоніць, не страляе, не ловіць, не помсціць! Як добра самому нічога не хацець, нікуды не ўцякаць, а пасяліцца вось так у лесе, распрацаваць ляда, вырошчваць жыта, бульбу, грэчку, проса, ячмень, авёс для коніка, які зараз пасецца недзе на лужку, накасіць сена для кароўкі. І жыць, жыць, радавацца сонцу, дожджыку, ветрыку, гоману птушак, пошуму дрэў. Як жа я не разумеў раней, што Бог стварыў рай на зямлі, а людзі спаскудзілі ўсё сваёю сквапнасцю, войнамі, зброяю, жорсткасцю, нялюдскасцю. Быццам д’ябал усяліўся ў іхнія душы. Хіба я пакінуў бы родную хату, каб не ворагі? Жыў бы і працаваў да зморы, да мазалёў, да поту. І ніякага лепшага жыцця мне не трэба! Дык не далі, забілі брата, мяне за свет хацелі вывезці. За што нам гэта? За якія грахі? І як цяпер выжыць?.."

Ён разоў дзесяць хадзіў гэтаю дарогаю, аднак усё ж збіўся, давялося вяртацца назад і больш уважліва сачыць за шляхам. Да запасной базы дабіўся толькі прыцемкам, яго спыніў вартавы, пазнаў, прапусціў у зону. Сяргей прайшоў метраў трыста і ўбачыў вогнішча, вакол якога сядзелі хлопцы і вячэралі. Ён прывітаўся, абвёў вачамі прысутных. Налічыў пятнаццаць чалавек.

– Глядзіце, Удод з’явіўся! – узрадавана сказаў Варнак, – а я думаў, што згубіў яшчэ аднаго земляка.

– Аказваецца, ты хутчэй за мяне бегаеш, хоць, здаецца, мае ногі даўжэйшыя, – пасміхнуўся Сяргей..

– Камара не бачыў?

– Не, я прарваўся адзін, – схлусіў хлопец. – У цемры нічога не было відаць, толькі вогненыя трасы куль…

– Сядай, павячэрай, пасля пагутарым.

Сяргею паклалі ў кацялок тры лыжкі кашы, прыпраўленай свіным тлушчам. Толькі зараз ён адчуў, што вельмі хоча есці, але быў спрактыкаваны і навучаны галаданнем, таму еў марудна, каб па-сапраўднаму адчуць смак ежы і наталіць стомленае цела. Хлопцы, якія паспелі павячэраць, зацягваліся самакруткамі, дадаючы задавальнення душы. Калі посуд быў вылізаны і памыты, сабраліся на сход. Першым слова ўзяў Варнак, як старэйшы па званні сярод прысутных:

– Хлопцы, нас спасцігла няўдача, мала таго, што нам давялося ўцякаць, мы страцілі шмат людзей, атамана, зброю, маёмасць. Але жыццё не спынілася, нам трэба дзейнічаць, помсціць за нашых сяброў. Паколькі я ўзначальваю чату, дык мушу ўзяць на сябе кіраўніцтва рэштаю казакоў. Сёння адсыпаемся. Варту мяняем кожныя дзве гадзіны. Адзін дзень чакаем, мо яшчэ хто з нашых з’явіцца, а пасля нам трэба будзе рухацца адсюль. Паколькі большасць казакоў з Берасцейшчыны, думаю, што нам варта быць бліжэй да родных мясцін, каб там наводзіць свае парадкі, нягледзячы ні на што.

– Так, так! Годзе швэндацца па чужых лясах! – адгукнуліся казакі. – Дамоў! Пара дахаты!

– Я рады гэтаму нашаму аднадушнаму рашэнню, а цяпер – адбой. Дабранач!

Казакі падняліся і разышліся па некалькіх буданах. Сяргей таксама запоўз у такое ж сховішча, высланае духмянымі яловымі галінкамі, не распранаючыся, лёг на правы бок, спіною да некага, у цемры не разабраў, хто там быў. Удзячна прамармытаў: