Выбрать главу

– Дзякую, хлопцы, за мяккую пасцель.

– Спі, не да размоў тут, – адказаў яму нехта раздражнёна.

Таго чалавека можна было зразумець. Усе перажылі жывёльны страх перад немінучай пагібеллю, але ацалелі, стаміліся ад уцёкаў і доўгага пераходу. Сяргей адчуваў, як балелі ягоныя ногі, падэшвы, здавалася, ажно гарэлі, быццам скура ад іх адстала, ямчэй умасціўся на яловым падсціле і праз хвіліну ўжо спаў, не прадчуваючы ніякай небяспекі, ні нявызначанай будучыні, ні тых цяжкасцей, якія яму яшчэ належала перажыць. З непрагляднае цемры раптам узнік той самы салдат, якога Сяргей ноччу застрэліў, выбіваючыся з акружэння. Ён ішоў проста на свайго забойцу, з чырвонымі плямамі ўпоперак грудзей, дзе быў прашыты кулямі, і напружана ўсміхаўся, быццам такім чынам хацеў заглушыць боль. Па меры набліжэння ён рос, і вось ужо трэба задраць галаву, каб убачыць ягоную пакутную ўсмешку. Яшчэ хвіліна – ён наступіць на Сяргея і раздушыць, як кузурку. Дзікі страх апанаваў хлопца, ён закрычаў, але не пачуў свайго голасу, хацеў бегчы, але ногі быццам прыраслі да зямлі. Ён упаў, затуляючы твар рукамі і адчуваючы цяжар кірзавых ботаў салдата, якія імкнуліся ўтаптаць яго ў зямлю. Сяргей задыхаўся, бязгучна крычаў, спрабаваў выбіцца з-пад цяжару… і прачнуўся. Не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца, адчуў ліпкі пот, якім пакрылася цела. Падалося, што яго прываліла зямлёй. Калі ачомаўся, зразумеў, што гэта сусед, які спаў побач, няўцямна ў сне наваліўся на яго, а яму прыснілася абы-што. Вунь, хлопцы храпуць на ўсе лады, аднастайна шуміць лес, толькі вельмі ж душна ў будане. Ён выпаўз вонкі, сеў, абапіраючыся спіною аб будан, паглядзеў у зорнае неба, што праглядалася ў прагале між вяршынямі соснаў і падумаў: "Няма нічога прыгажэйшага, чым зоркі. Мусіць, навек нельга нагледзецца на іх. Колькі мне засталося? Мо той салдат прыходзіў па мяне. Вядзьмак нейкі трапіўся, сам загінуў, а дух ягоны цяпер будзе хадзіць за мною ўслед, пакуль не забярэ. А дулю яму! Я – жывы чалавек, а ён – мярцвяк! Закапаюць яго, імя напішуць на пастаменце. І ўсё! А я нават пастамента не заслужыў. Згіну недзе ў безыменнай магіле… Хваробу – вам! Буду жыць і жыць дасхочу!" – злосна падумаў Сяргей, заплюшчыў вочы, каб зноў заснуць, нічога не помніць і не ведаць.

54

Адразу пасля вызвалення Беластока ад гітлераўскай акупацыі Чырвонай арміяй, Тадзік выправіўся ў горад са слабою надзеяю сустрэцца з сувязным сваёй брыгады. Дарога гэтая, ушчэнт разбітая вайсковымі машынамі і танкамі, далася хлопцу ў знакі. Каляіны былі ледзь не на метр глыбінёю. Абапал шляху валяўся розны жалезны друз: пакінутыя лафеты гармат, падбітыя нямецкія танкі з белымі крыжамі, абгарэлыя аўтамабільныя шыны. Там-сям на полі тырчэлі прыгожыя, як цацкі, міны, уваткнутыя дзюбаю ў глебу, на паверхні былі бачныя толькі крылы. Тадзік называў іх анёламі смерці. Абапал дарогі сустракаліся ацалелыя вёскі, ціхія, унураныя ў будзённае жыццё, аднак трапляліся спаленыя селішчы, дзе ад хат засталіся толькі коміны ды падмуркі з рэшткамі абгарэлых бярвенняў. Ужо на ўскрайку Беластока ўбачыў хлопец руіны, якія ўсё яшчэ курыліся чорным дымам. Моцна патыхала гарэлым і агідным да ванітаў пахам сапсаванага мяса – яшчэ не паспелі сабраць трупы немцаў, яны пухлі пад гарачым летнім сонцам. На месцы той хаты, дзе некалі ён пакінуў свой ровар, была толькі чорная яма, мусіць, сюды трапіла бомба. Вярнуць бацькаў падарунак аказалася марнаю надзеяю, што яго вельмі засмуціла. А так хацелася вярнуцца да Ванды на ўласным ровары. Усё вайна знішчыла, перарабіла на жудасны лад, паклала пагібельную пячаць. Гэта была рызыкоўная паездка, чырвоныя цяпер пачуваліся ў горадзе гаспадарамі і маглі ва ўсялякі момант запатрабаваць дакументы, а юны жаўнер нічога, акрамя нямецкага аўсвайса, не меў. За гады вайны Тадзік дасягнуў паўналецця, але знешне выглядаў усё такім жа хударлявым падлеткам, не было магчымасці ні ад’ядацца, ні расці, можа, таму ніхто да яго не чапляўся.

Цэнтр Беластока аказаўся зруйнаваны яшчэ больш. Ад некалі прыгожых камяніц, якія помніў Тадзік, засталіся толькі горы друзу. Немцы павысякалі дрэвы на вуліцах для пабудовы сваіх умацаванняў і бліндажоў, на іх месцы засталіся толькі свежыя пянькі. Гэтае відовішча прыгнятала, рабіла змрочнае ўражанне. Панявечаны горад выглядаў бездапаможным і мёртвым. На ягоных вуліцах можна было ўбачыць толькі рэдкую вайсковую машыну ды нешматлікіх чырвонаармейцаў, фронт імкліва аддаляўся ў бок Варшавы. Адсюль яшчэ было чуваць кананаду. На шчасце, касцёл, дзе была прызначана сустрэча з сувязным, ацалеў. Тадзік накіраваўся да яго, падняўся па высокіх прыступках у храм, убачыў некалькі жанчын, якія сядзелі на лаўках і моўчкі маліліся. Сувязнога не было. Тадзік таксама сеў на лаву, памаліўся за здароўе бацькоў і за сваю ўдачу, перажагнаўся. Тут было ўтульна і прахалодна, не хацелася нават варушыцца. Хлопец даўгавата пасядзеў з заплюшчанымі вачамі, адпачываў, успамінаў тату і маму, толькі пасля гэтага выйшаў з храма. Ужо за тую гадзіну, пакуль Тадзік быў у касцёле, сітуацыя ў горадзе змянілася, ён быццам ажыў, з’явіліся жыхары на вуліцах, хлапчукі бегалі па руінах, нейкі стары ў рызманах капаўся ў друзе. Тадзіку давялося вяртацца да Руткоўскага ні з чым. Пасля ён яшчэ тройчы наведваў касцёл, але ўсё было безвынікова.