Выбрать главу

Прамінуў месяц з гакам, а сувязны брыгады не з’яўляўся. Ад нявызначанасці становішча маёр Руткоўскі выглядаў раздражнёным, а злосць зрываў на ад’ютанце. Іншы раз садзіўся за руль машыны, ехаў з Тадзікам па вёсках агітаваць моладзь уступаць у Армію Краёву. Аднойчы іх спыніў чырвонаармейскі патруль з пытаннем:

– Хто такія, куды едзеце?

– Я забеспячэнец, гэта мой падначалены, – адказаў Руткоўскі. – Ездзім і дамаўляемся на пастаўку харчоў для дзіцячага прытулка.

– Чаму машына з нямецкімі нумарамі?

– Трафейная.

– Дакументы.

Руткоўскі дастаў нейкія паперы. Тадзік сцяўся ў прадчуванні небяспекі, гатовы кінуцца бегчы ва ўсялякі зручны момант.

– Чырвонаармеец пагартаў паперы на польскай мове, здаецца, нічога не зразумеў і прапусціў падарожнікаў.

Руткоўскі завёў машыну і паімчаў па калдобістай дарозе, нібы апантаны, праклінаючы захопнікаў:

– З’явіліся новыя гаспадары! Пакажы ім дакументы! Хоць бы якую мову вывучылі! Псякрэў! Ліха вашай матары!

– Пан маёр, не спяшайцеся, нас ніхто не даганяе, – паспрабаваў астудзіць яго Тадзік.

– Мы даганяем час, які цячэ, быццам вада праз пальцы, – злосна адказаў камандзір. – Курыць хачу, а нічога не маю. Можа ў цябе што завалялася?

Тадзік у адказ адмоўна хітнуў галавою. Руткоўскі нездаволеным позіркам змераў ад’ютанта, павярнуў машыну да лесу, прапанаваў:

– Давай пажуём трохі, мо адпусціць.

Яны выйшлі з машыны, развязалі торбачку, у якую Ванда клапатліва паклала некалькі лустаў хлеба, сала, гуркоў і памідораў. Размясцілі ежу на капоце машыны і пачалі сілкавацца. Маёр еў з апетытам, але быццам прыслухоўваўся ўвесь час да сябе, да нейкага прыхаванага жадання. Урэшце адкінуў агрызак гурка і злосна сказаў:

– Прыбяры.

– Няўжо жаданне пакурыць большае за голад? – насмешліва спытаў Тадзік.

– Калі наеўся, дык курыць хочацца ўтрая больш.

– Ды кіньце вы гэтую дрэнную звычку. Вы ж баявы афіцэр, прыклад жаўнерам! – засмяяўся ад’ютант.

– Замоўкні, жаба! – крыкнуў Руткоўскі і схапіў юнака за горла. – Прыдушу паскуду!

Тадзіку перахапіла дыханне, ён бездапаможна захрыпеў, замахаў рукамі, твар зрабіўся чырвоны, а вочы быццам выйшлі з арбіт. Руткоўскі схамянуўся, кінуў хлопца на зямлю, адышоў у бок.

Тадзік падняўся, паціраючы шыю, вінавата спытаў:

– За што?

– За доўгі язык… Сядай, паедзем…

– Мо я лепш пайду пешкі?

– Не пярэч мне, бо заб’ю, – адказаў Руткоўскі і ляснуў дзвярамі машыны.

Тадзік паслухмяна залез у салон, зашыўся на задняе сядзенне і маўчаў увесь шлях, ніяк не мог утаймаваць крыўду, пакуль яны ехалі на хутар да Ванды. Ён думаў, што трэба было б наведаць маму, але ж пачнуцца слёзы, дакоры, просьбы. А што ён, паслухмяны сын, можа ёй паабяцаць? Адмовіць маці не здатны і саступіць з абранага шляху таксама ўжо не здолее. Нават, бываючы ў Беластоку, не адважыўся зайсці да цёткі, не жадаючы парушаць канспірацыю, а яшчэ больш не жадаў зноў жа тых папрокаў і дакораў ад мамінай сястры. Няхай усё будзе пакуль так, як ёсць, час пакажа, як быць далей, хоць маму шкада. Як там яна сама спраўляецца з гаспадаркаю на працягу столькіх гадоў?.. Чырвоныя прыйшлі, мо і тата вернецца. Чым ён вінаваты? За што забралі? Каб сабрацца нам усім разам!

Ванда сустрэла гасцей, апранутая ва ўсё чорнае. Тадзік паглядзеў на яе і міжвольна падумаў, што ў гэтым жалобным уборы яна выглядае яшчэ больш прывабнай.

– Што здарылася? – спытаў Руткоўскі.

– Да мяне прыходзіў сувязны з Беластока, прынёс горкую вестку: мой Нарцыз загінуў у Варшаве. Ад сёння я – удава, а мой Алічак – сірата. Я рыхтавала сябе да гэтага, здагадвалася, што гэта можа здарыцца, але балюча ад думкі, што ніколі не здолею наведаць з сынам ягоную магілу. Спаленая Варшава будзе яму помнікам.

– Прыміце нашы спачуванні, пані Ванда, – сказаў маёр, схіліў у пашане галаву, пацалаваў жанчыне руку.

– Заходзьце, госці, памянём майго палеглага мужа, няхай зямля яму будзе пухам.