Выбрать главу

– Час пакажа. Хіба яны не ведаюць, што ад чалавека мала залежыць.

– А ты сам што думаеш?

– Я чалавек вайсковы, што загадаюць, тое і буду рабіць. Цяпер наша задача – павялічыць шэрагі казакоў, гэтым і будзем займацца.

Вёска Вялікай Багна была ўжо побач, толькі мінуць тры хутары ды балота. Абапал палявой дарогі цягнулі пустыя палі, хутаранцы-рупліўцы дбайна сабралі ўсё, што ўдалося вырасціць за лета. Ля бліжэйшага хутара дзяцюк араў поле пад азіміну. Знаёмая з маленства справа. Калі пасеяць у добры час, дык і ўраджай можна атрымаць багаты. У Варнака ажно рукі засвярбелі, так захацелася правесці баразну-другую плугам, адчуць супраціўленне зямлі і цяжар працы земляроба.

– Памагай Бог, – сказаў ён аратаму.

– Дзякую на добрым слове, – адказаў той, не спыняючы працу.

Адчувалася, што хлопец не рады гэтай сустрэчы, хоча знікнуць з вачэй узброеных людзей.

– Спыніся, калі з табою размаўляюць, – загадаў Варнак.

Хлопец стаў і моўчкі чакаў, што будзе далей.

– Цябе ў чырвонае войска яшчэ не прыклікалі?

– Атрымаў павестку.

– Што думаеш рабіць?

– Пайду, як усе.

– Як усе ён пойдзе, дурань такі, каб скласці галаву невядома за што. Калі хочаш выжыць, пойдзем са мною.

– Не маю права.

– Калі не пойдзеш, дык прыстрэлю цябе зараз. І не трэба будзе табе капаць акопы і чакаць там сваёй смерці.

– Згодны, не страляйце...

– Выдатна, тады пайшлі.

– Толькі забягу ў хату, там дзедка дома, скажу яму, куды пайшоў, каб бацькі не хваляваліся.

– Добра, даганяй.

Сяргей прасачыў за дзецюком, які на колькі хвілін заскочыў у хату і тут жа выбег, а потым плёўся ззаду. На перадапошнім хутары спыніліся, сказалі гаспадару, каб падрыхтаваў абед.

– Хлопцы, ды тут вас, як на вяселлі. У мяне мо нават і хлеба на ўсіх не хопіць, – пачухрыў патыліцу гаспадар.

– Вары бульбы болей, мы не разбэшчаныя панскімі стравамі.

– Што з тае пустое бульбы? Зарэжце авечку, ды будзе мяса.

– А гэта мы зробім без цяжкасці, нават бульбу дапаможам гаспадыні абіраць.

Варнак раздзяліў хлопцаў, адных паслаў дапамагаць гаспадыні, іншых – гаспадару ўправіцца з авечкаю, зарэзаць, аблупіць, парубаць на кавалкі ды зварыць. Усе гэтыя прыгатаванні занялі гадзіны дзве часу. А потым быў абед, які паступова перацёк у вячэру. Згаладалыя казакі наядаліся ў запас, гаспадыня стамілася насіць на стол сала ды салёныя гуркі.

– Хлопцы, калі пойдзем у вёску, не распаўзайцеся па хатах, як прусакі, трымайцеся разам, – звярнуўся да казакоў Варнак. – Нас пакуль мала, боепрыпасаў, як кот наплакаў, а чырвоныя не дрэмлюць. Трэба быць асцярожнымі.

– Дзе заначуем?

– У клуні, якую я пакажу.

Пакінулі хутар на змярканні, увайшлі ў Вялікую Багну ўвечары, прайшліся па вёсцы, пачулі ў адной хаце гармонік, зразумелі: тут вячоркі. Варнак загадаў хлопцам заставацца на варце, узяў з сабою пяцёра казакоў, у тым ліку і Сяргея, увайшоў у хату, дзе было поўна моладзі.

– Добры вечар, землякі, – голасна сказаў Варнак.

– Вой, Лёня Парахнюк вярнуўся, – здзіўлена піскнула нейкая дзяўчына.

Гармонік змок, прысутныя павярнуліся да ўзброеных прыхадняў, утаропіліся, напружана чакалі.

– Хто так грае? – сказаў Варнак. – Глядзіце, як трэба!

Ён паставіў аўтамат каля сцяны, узяў гармонік з рук гарманіста і зайграў польку з насалодаю. Пальцы хутка і спрытна бегалі па гузіках, музыка гучала бадзёра і ладна, але ніхто не кідаўся ў скокі.

– Дзеўкі, варушыцеся, для вас стараюся! – крыкнуў Варнак.

Дзве дзяўчыны выйшлі на сярэдзіну круга, насцярожана зыркаючы на самазванага гарманіста, закружыліся ў польцы, але іх ніхто не падтрымаў, і яны сышлі з круга.

– Скакаць вы не хочаце. І не трэба. Няма чаго асабліва весяліцца, калі па нашай зямлі ходзяць удоўж ды ўпоперак розныя акупанты ды яшчэ мабілізуюць нашых хлопцаў на вайну, скуль яны не вернуцца. А мы іх не пусцім! Праўду я кажу?

Усе прамаўчалі ў адказ.

– Ну, чаго вылупіліся, як бараны на новыя вароты? Усіх хлопцаў я забіраю з сабою! Хто не пойдзе, таму дваццаць пяць шомпалаў па мяккім месцы, няхай пасля застаецца лячыць азадак.

Некаторыя хлопцы паспрабавалі выслізнуць за дзверы, але Варнак іх спыніў:

– Вы не думайце, што нас толькі пяць, у двары вас сустрэнуць яшчэ дваццаць пяць, усе узброеныя.

– Дык, як жа, трэба ж хоць родных папярэдзіць, – сказаў адзін хлопец.

– Гэта чый мамчын сынок падрос? – быццам на млынаровых з твару падобны.

– Так, млынароў.

– Ага, раз’еўся на чужым хлебе, не хочаш цёплую печ пакідаць! Паглядзіце на гэтага баязліўца! – Варнак засмяяўся, яго падтрымала ахова.