Выбрать главу

– Калі вы такія нецярплівыя, дык самі з ім распраўляйцеся, – адказаў атаман і адышоў убок.

– Не забівайце! Не забівайце! – закрычаў Герасімчук.

Адзін з казакоў, які меў звераваты нораў, стрэліў з пісталета ахвяры проста ў твар два разы, той адкінуўся на зямлю, замест твару – крывавая рана. Цела забітага адцягнулі і кінулі ў роў, напалову запоўнены вадой. Атрад панура рушыў далей. Было відавочна: не заб’еш – адчуваеш віну, што адпусціў ворага. Заб’еш – зноў вінаваты...

Гаспадаром хутара, на які яны зайшлі пад вечар, аказаўся стараваты чалавек са стомленым і зморшчаным тварам пад абшарпанай кепкай-васьміклінкай.

– Што, дзядзька, адзін тут жывеш, ці што? Дзе ўсе твае?

– Няма нікога. Жонка летась памерла. Дзеці павырасталі ды павыляталі з гнязда.

– А сыны твае дзе? – спытаў Варнак. – Ці не чырвоным служаць?

– Не даў мне бог сыноў. Сем дачок жонка нарадзіла і сказала годзе. А я вельмі сына хацеў, каб гаспадарку перадаць, ды лёс не выпаў.

– Дык, мусіць, зяці ды ўнукі пайшлі ў чырвонае войска.

– Мы людзі паднявольныя. Што хочуць, тое з намі робяць, а мы мусім падпарадкавацца ды выконваць загады.

– У такім разе мой загад такі: дай, дзядзька, есці маім казакам. Здарожыліся яны, няблага было б адпачыць нам у якой пуні. Як тут у вас, ціха?

– Хто ў гэтае балота палезе? Сам дзіву даўся, як вы мяне знайшлі.

– Нам дарогу сонца і зоркі падказваюць.

– У такім разе заходзьце ў хату ці дзе вам лепш наладзіць вячэру?

– Будзем, вячэраць на дварэ, зашмат нас, а ў хату я ўсё ж зайду, – адказаў Варнак.

Ён увайшоў у першы пакой, які служыў кухняю. Тут была высокая белая печ, стол, вакол якога туліліся ўслоны, удоўж сцяны цягнулася лава. У другім вялікім пакоі, даволі светлым, на чатыры акны, стаяў пад абразамі яшчэ адзін стол, накрыты вышываным абрусам, рос высокі, да столі, фікус. Акаваная скрыня прыцягвала позірк, а на ёй красаваўся гармонік.

– Вось гэта рэч! Дзядзька, ты граеш?

– У маладосці трохі рыпаў, – адказаў гаспадар.

– Дык мо пакажаш, на што здатны.

– Не магу, у жалобе я. Мо гэтая хата больш ніколі не пачуе ні музыкі, ні спеваў…

– Пачуе! Яшчэ як пачуе! – адказаў Варнак, беручы ў рукі гармонік. – Ах, ты мой залаты! Засумаваў па мне! Вось я прыйшоў, каб любіць цябе!

Ён ускінуў на плечы лямкі, расцягнуў гармонік, хутка прабегся пальцамі па гузіках, выцінаючы вясёлыя гукі, рушыў на двор. Казакі акружылі яго, а потым кінуліся ў скокі, хто сам з сабою, хто пабраўся парамі. І гэта быў ужо не гурт рабаўнікоў і забойцаў, а вясёлых людзей, якія прагнуць свята і святла ў душах. Музыка прымасціўся на ганку, спрытна ўпраўляўся з басамі і ладамі, а думкамі быў у далёкім мінулым, калі ён – малады малазямельны гаспадар – заляцаўся да дачкі заможнага бацькі. Безумоўна, будучы цесць быў супраць іхняга шлюбу, але Люда дзе слязамі, дзе ласкаю дамаглася згоды ў бацькоў. Якія яны з жонкаю былі шчаслівыя ў тыя першыя гады сумеснага жыцця! Не разлучаліся ні на хвіліну, скрозь разам – у час сяўбы, касавіцы ці жніва. Калі нарадзілася дачка, заўсёды бралі яе з сабою. Гушкалі ў люльцы на палетках. Дзяўчынка расла прыгожанькая і ладная. Ды якой ёй яшчэ быць, калі бацькі надта ж прыгожыя. Каб не вайна, жылі б яны шчасліва да гэтага часу, але ж мінулага ўжо не вернеш. Дачка, калі жывая, ужо вырасла. Цяпер ёй дзесяць гадкоў. Як яны там у той Сібіры? Ці вернуцца калі? Каб ведаў дзе яны, кінуў бы ўсё і паляцеў бы да іх. А яны нават у сны ніколі не прыходзяць. Варнак ведаў, за што Бог карае яго. Зашмат крыві на ягоных руках. А хто цяпер чысты? Усіх уладары свету зрабілі забойцамі. Хочаш ці не хочаш, а ідзі на вайну! Не пойдзеш, знішчаць самога!

Калі казакі, змораныя бясконцай полькай, пачалі сыходзіць з круга, Варнак усё яшчэ выцінаў вясёлыя гукі, пальцы самі рабілі звыклую справу, а вочы ягоныя глядзелі сабе ў душу і не бачылі там ніякага прасвету. Нехта крануў яго за плячо. Ён падняў галаву, убачыў Сяргея, падміргнуў яму, маўляў, усё добра, скачы разам з усімі.