Выбрать главу

– Безумоўна, радая буду пабачыцца, сустрэнемся ў Лазняках. Я збяру вам што-небудзь у дарогу.

– Дзякую сардэчна за гасціннасць, – сказаў Тадзік, пацалаваў ёй руку на развітанне, усхвалявана забілася сэрца, хацелася затрымаць яе пальцы ў сваіх і не адпускаць ніколі, але ён перасіліў сваё жаданне.

У двары Руткоўскі ўжо завёў машыну, сядзеў за рулём, прыкрыкнуў на Тадзіка:

– Дзе ты там?

– Вы не развіталіся з гаспадыняю, – нагадаў ад’ютант.

– Няма часу, даруе…

– А калі не даруе?

– Пакліч яе!

– Зараз выйдзе сама. Я папярэдзіў…

– Добра, пачакаем…

Маёр выгнаў машыну з двара. У гэты час з’явілася на ганку Ванда з валізкаю, падышла да машыны, аддала Тадзіку паклажу, пажадала шчаслівага шляху, памахала рукою на развітанне. Руткоўскі нават не выйшаў з машыны, не падзякаваў, што вельмі абурыла Тадзіка. "Камандзір і ёсць камандзір! Звык карыстацца падначаленымі. Але ж Ванда – не яго падначаленая, магла адмовіць і не прыняць кватарантаў, магла наогул здаць нкусаўцам, – абурана падумаў Тадзік. – А яна карміла, абмывала, даглядала нас столькі часу. І такая няўдзячнасць з боку маёра! Гэта проста недаравальна. Добра, што я паспеў падзякаваць". Успомніў яе мяккую і цёплую руку – і пяшчота разлілася па целе.

Ехалі да пушчы даўгавата, потым звярнулі на лясную дарогу, прашытую карэннем дрэў, ад чаго машыну неміласэрна трэсла. Руткоўскі час ад часу пытаў у сувязнога, куды звярнуць і замаўкаў, яму не трывалася ўбачыць сваіх жаўнераў. Селішчы аб’язджалі кругаля, вялікіх дарог пазбягалі, каб не сустрэцца з якімі пільнымі вайсковымі патрулямі ці нкусаўцамі. Нарэшце дарога скончылася, маёр спыніў машыну, спытаў:

– Далей не праедзем?

– Толькі пешкі.

– Шкада. У такім разе трэба прыхаваць самаход, нам ён яшчэ спатрэбіцца.

Хлопцы ламалі яловае голле і прыкідвалі ім машыну, пакуль яна не знікла пад зялёнаю сховаю.

– Выдатна, а цяпер вядзі на базу... – загадаў маёр Гілю.

Першымі іх сустрэлі вартавыя, узрадавана адрапартавалі камандзіру, што ахоўваюць лагер. Ён прыняў рапарт, аддаў чэсць, усміхнуўся, абняў жаўнераў, спытаў:

– Як вы?

– Выдатна, пан маёр.

– Працягвайце службу.

Перад уваходам у лагер Руткоўскі прапанаваў:

– Давайце, хлопцы, я прыкінуся нямоглым, а вы вядзіце мяне пад рукі.

Ён павіс на плячах Тадзіка і Гіля, а тыя валаклі яго з сумнымі тварамі, усім сваім выглядам паказваючы, што здарылася бяда. Жаўнеры выбеглі насустрач, абступілі маёра, нехта крыкнуў:

– Камандзір паранены! Санітараў сюды!

У гэты момант Руткоўскі выпрастаўся, усміхнуўся. Усе зразумелі, што камандзір пажартаваў і радасна пачалі вітаць яго.

– Стройся, – скамандаваў ён і радасна абвёў вачамі сваю брыгаду, хоць і парадзелую, але боездольную. – Дзе Бусел? – спытаў ён першага камандзіра аддзялення, які трапіў на вочы.

– Паручнік Бусел загінуў.

– Як такое магло здарыцца?

– У сутычцы з чырвонымі пан паручнік быў цяжка паранены і памёр на руках жаўнераў.

– Шкада, добры быў афіцэр. Вечная яму памяць, зямля пухам і царства нябеснае. А цяпер усім вольна.

З гэтага дня пачалося новае жыццё жаўнераў. Дробнымі гуртамі яны выходзілі на вялікія дарогі, сядзелі ў засадах, забівалі савецкіх вайскоўцаў, прыносілі трафеі: зброю, дакументы і вопратку забітых. Хутка гэтага дабра набралася даволі, што акаўцы маглі пераапранацца ў адзенне чырвонаармейцаў і хадзілі па мястэчках і гарадах, аббіралі крамы, рабавалі насельніцтва. Пра ўсё здзейсненае дакладвалі Каэтану Руткоўскаму. Ён моўчкі прымаў рапарты, іншы раз хваліў жаўнераў за асабліва дзёрзкія налёты, іншы раз нічога не казаў, а проста адсылаў людзей адпачываць. Тадзік на такія аперацыі не выязджаў. Быў увесь час пры штабе, што яму ўжо даволі надакучыла, хацелася і самому браць удзел у нейкай важнай аперацыі. Пра гэта ён сказаў Руткоўскаму, які абыякава зірнуў на ад’ютанта і прамовіў:

– У цябе, Базан, пасада такая – быць увесь час каля камандзіра. А калі яна табе не падабаецца, дык я цябе пашлю на кухню дапамагаць кухару.

– Ну, што вы такое кажаце, пан маёр? Я хачу ваяваць, а не бульбу абіраць.

– Ты пры штабе, тут тваё месца. Паглядзі на карту. Ведаеш, дзе праходзіць "лінія Керзона"?

– Прыкладна…

– Хм, прыкладна ён ведае! Гэта цяпер новая мяжа паміж СССР і Польшчай! Забудзь пра Крэсы! Тое, за што мы ваявалі, праглынуў вялікі драпежнік. Не ведаю, дзе магілы бацькоў, а мо яны яшчэ дажываюць век у сібірскай тайзе. Не ведаю, дзе магіла брата, недзе кінулі яго ў роў каля Брэста. Ніколі мне не вярнуць ягоную спадчыну – маёнтак Руту. Былое скончылася назаўсёды. Заўтра выступаем і рухаемся на нашу гістарычную радзіму за "лінію Керзона". Ідзі і перадай гэта брыгадзе, няхай пакуюць рэчы. І сам збірайся.