– Будзе зроблена, пан маёр, – адрапартаваў Тадзік і пабег выконваць загад, яшчэ не ведаючы, добрае ці дрэннае гэтае новае рашэнне камандзіра, бо вайсковыя загады не ставяцца пад сумненне.
Ён зразумеў, што ім давядзецца зімаваць недзе не надта далёка ад родных Лазнякоў, можа, ён нарэшце адважыцца наведаць маму. Яшчэ яму вельмі хацелася адшукаць Ванду Палубінскую. Было цікава, як яна ўладкавалася на новым месцы. Мо ёй патрэбна якая дапамога? Толькі ўсе звесткі пра яе трэба трымаць у сакрэце ад маёра, бо калі ён нешта даведаецца, дык не дасць спакою маладой удаве. Тадзік уявіў пяшчотны твар і зграбную паставу жанчыны – і сэрца забілася ўсхвалявана. Адзін успамін рабіў яго шчаслівым і ўзнёслым чалавекам.
59
На Ратнаўскіх хутарах Варнак не заседзеўся. Яго няўхільна цягнула на радзіму. Падсвядома жыло ў душы прадчуванне, што могуць вярнуцца дачка і жонка. Вайна адышла далёка на захад, жонка і дачка ніякага злачынства не здзейснілі, дык чаго іх трымаць у той высылцы? На добры розум, сяляне павінны займацца сваёю спрадвечнаю справаю, а не пакутаваць невядома дзе і невядома дзеля чаго ў неабжытых і дзікіх мясцінах.
Зіма 1945 года на Украіне выдалася маласнежная, ды ўсё ж марозная. Аднак казакі перазімавалі без асаблівых цяжкасцей і прыгод. А як толькі зямля ачысцілася ад снегу, рушыў атаман з казакамі ў дарогу. Людзей у яго на той час было паўсотні. Спадзяваўся, што здолее папоўніць свае шэрагі дызерцірамі, якія хаваліся ад мабілізацыі на фронт. Ішоў адкрыта, хоць заўсёды высылаў разведку, каб знянацку не напароцца на чырвоных. На шасейцы каля Дывіна абстралялі вайсковы грузавічок, забілі трох салдатаў, машыну спалілі.
У вёсцы Хрыбтовічы вырашылі затрымацца і напомніць Саветам пра сваё існаванне. Некалькі казакоў былі з гэтага сяла. Іх паслалі на разведку. Высветлілася, што ў сяле чыста, чырвоных няма, гэтыя абставіны развязвалі рукі для дзеяння. На бліжэйшым хутары ўзялі падлетка ў якасці правадніка, той прыцемкам давёў казакоў да сельсавета, паказаў хату, у якой жыў старшыня, і паціху сышоў. Варнак пастукаў у акно, крыкнуў:
– Адчыніце!
– Не адчыню, у нас тыф, – пачуўся з хаты мужчынскі голас.
– Зараз я пакажу табе тыф. Хлопцы, біце шыбы, ламайце дзверы! – загадаў Варнак і стрэліў у акно. Куля з тонкім звонам прашыла шкло.
Гаспадар паспешліва выйшаў з хаты, яго кінулі на зямлю, білі нагамі пыталіся:
– Дзе актыў?
– Хто начуе ў хаце?
– Давай ключы ад сельсавета!
Стары быццам здранцвеў, ляжаў нерухома, нават не рэагаваў на казацкія боты, якія неміласэрна тапталі і малацілі яго.
– Здох ад страху, ці што? – спытаў адзін казак.
– А колькі яму трэба? – азваўся другі. – Пайшлі ў хату.
Стараватая жанчына, акрытая вялікаю хусткаю ў клетку, глядзела праз шыбу і галасіла:
– Што з ім зрабілася? Ляжыць, бы нежывы-ы-ы.
– Старая, давай ключы ад сельсавета!
– Якія ключы-ы-ы… Нічога не ведаю-ю-ю… – плакала яна і ўсё імкнулася паглядзець у акно.
– Пайшлі, у гэтай вар’яткі нічога не дапытаешся, – загадаў Варнак.
Спыніліся ля бліжэйшай будыніны, збілі навясны замок прыкладам вінтоўкі, увайшлі ў памяшканне, пасвяцілі ліхтарыкам. Гэта была хата-чытальня. Газеты распіхвалі па кішэнях, разбіралі на курыва, кніжкі выносілі на двор, скідвалі ў вялізную кучу, пасля падпалілі і радаваліся цёпламу вогнішчу, грэлі рукі. З сельсавецкіх дзвярэй замок таксама быў без цяжкасці збіты, у вогнішча паляцелі паперы, якія ўдалося здабыць з шафы. Назіралі, як курчацца ў агні загады і пастановы, брыдка лаяліся, святкавалі маленькую перамогу.
– Казакі, сувязны данёс мне, што ў хрыбтовічскую краму завезлі гарэлку, запалкі, махорку… А галоўнае – жаночыя шлеі, каб у іх жанчын запрагаць. Пойдзем, забярэм іх і будзем паказваць нашым маладзіцам па вёсках, што робіць савецкая ўлада з жанчынамі, – сказаў Варнак. – Уперад! За мною!
Ён першы зайшоў у краму, агледзеў паліцы, узяў дзве пляшкі адэкалону, напхаў поўную кішэню запалак, трохі гузікаў. Прыхапіў нейкія дзве кніжкі, што трапіліся пад руку. Астатнія казакі таксама бралі, што каму трапляла на вочы. Найперш запасаліся адзеннем, бо яно ў лясным жыцці на дзіва хутка дзярэцца. Да таго ж заўсёды трэба мець нейкі запас, каб цяплей апрануцца ў мароз ці проста памяняць апратку, калі прамок пад дажджом. Шукалі грошы, але нічога не знайшлі, мусіць гандлярка здавала касу штодня. Задаволіліся толькі скрыняй цукерак-падушачак.