Выбрать главу

– Паскудныя цукеркі робяць Саветы, – сказаў Варнак. – Склееныя, да зубоў прыліпаюць.

– Лепш, чым нічога, забіраем, што ёсць, – азваўся нейкі казак з цемры. – Нешта тут абяцанай гарэлкі не відно.

– Мусіць, папіла галота, – сказаў другі.

– Нашто ім магазінная гарэлка, калі сваю кожны гаспадар гоніць, – засмяяўся трэці.

– Справа зроблена, – абвясціў Варнак, – сыходзім.

Яны рушылі на хутар Жаркі. Убачылі святло ў вокнах хаты, увайшлі, павіталіся. На лаве і ўслонах сядзелі дзяўчаты з потасямі, пралі і спявалі разняволенымі галасамі, звыклымі да палескай прасторы. Каля грубкі прымасціўся на ўслончыку чалавек сталага веку, мусіць, гаспадар, стараватая кабета на запечку вязала шкарпэткі, спалохана паглядвала з-за комінка. Нечаканых гасцей сустрэлі насцярожана, песня абарвалася.

– Чаго, дзяўчаты, змоўклі? Спявайце, а мы паслухаем, – сказаў Варнак, ставячы аўтамат у кут ды самавіта праходзячы на сярэдзіну пакоя.

– Дык яны ўжо наспяваліся, ажно ў вушах звініць. Лепш вы раскажыце, што добрага на свеце чуваць, – сказаў гаспадар.

– Там, дзе мы, там і добра, – засмяяўся Варнак. – А будзе яшчэ лепш. Немцам хутка капут. Супраць Саветаў рыхтуюцца распачаць вайну Англія і Амерыка. Вось тады Украіна атрымае незалежнасць.

– Дык гэта ж Украіна, а нам што? – спытаў стары.

– Мы таксама ўкраінцы.

– Зроду не чуў, каб хто з тутэйшых людзей хахлом сябе называў.

– Ты, дзядзька, бачу я, адстаў ад жыцця. Нават немцы пра гэта ведалі і далучылі Берасцейшчыну да Украіны.

– Вось дзіва, усе ведаюць, што мы ўкраінцы, толькі мы не ведаем! – пасміхнуўся стары. – Дзякуй, што папярэдзілі.

– Няма за што. Дзяўчаты, я тут вам прыпас парфуму, – сказаў Варнак, дастаў з кішэні пляшачку адэкалону і пачаў пырскаць на дзяўчат.

Тыя ўзбуджана заверашчалі, выціралі твары, куды трапілі духмяныя пырскі, нюхалі, хвалілі:

– Як хораша пахне! – сказала адна.

– Але ж вельмі густы пах! Каб трохі пяшчотней…

– Нічога, пах ён і ёсць пах, хутка выветрыцца, – сказаў задаволена Варнак. – Вось лепш цукеркамі паласуйцеся! – Хлопцы, нясіце сюды скрынку.

Два казакі выйшлі, а праз колькі хвілін вярнуліся і паставілі скрынку з цукеркамі-падушачкамі на стол.

– Частуйцеся, дзяўчаты, – прапанаваў Варнак і сам пачаў раздаваць жмені склееных падушачак.

Астатнія хлопцы таксама прыняліся разносіць цукеркі, не абмінулі гаспадара з гаспадыняю, падсаджваліся да дзяўчат, жартавалі, гаманілі, той-сёй ужо нашэптваў нешта суседцы на вуха. Відавочна, што для хлопцаў цукеркі не былі наедкам. Калі яны зайшлі ў хату, дык разлічвалі на добры пачастунак. А Варнак, бачачы, што гаспадар не варушыцца наконт вячэры, прыкідваў, як бы скіраваць яго думку ў правільным напрамку, але пры гэтым не хацеў выглядаць перад дзяўчатамі галодным і нахабным.

– Скуль вы, хлопцы? – спытаў гаспадар, які ўвесь час насцярожана і напружана сачыў за тым, што адбываецца ў хаце.

– З лесу, дзядзька, – адказаў Варнак.

– Дык вы там, у лесе, цукеркі лепіце?

– Трэба ж нам нечым займацца, – Варнак нездаволена перасмыкнуў вуснамі, зразумеў, што стары здагадаўся, адкуль гэты пачастунак і пастараецца хутчэй пазбавіцца ад някліканых гасцей.

– Дык вы, мусіць, галодныя з дарогі?

– Я іншы раз і тры дні нічога не ем, а пасля магу цэлага барана зараз зжэрці, – адказаў атаман.

– Сам? Цэлага барана? – здзівіўся стары.

– А што, пад гарэлачку лёгка ідзе…

– Годзе, старая, грэцца ля печы, трэба пакарміць людзей, – загадаў жонцы гаспадар.

"Нарэшце здагадаўся, – пасміхнуўся сам сабе Варнак. – Нашы людзі скупаватыя з-за беднасці, жывуць нішчымніцаю, кумпякі прыберагаюць на самую цяжкую працу, касавіцу ды жніво. А тут прыходзіць хеўра, кармі ды паі. Бадай, я таксама шкадаваў бы што-кольвечы каму за так аддаваць. Але ж і нам трэба неяк жыць…"

Між тым, дзяўчаты пачалі збірацца дахаты, ці не хацелі браць удзел у выпадковым баляванні, ці баяліся прыхадняў.

– Куды ж вы? Пачакайце? Мы вас паразводзім па хатах, – спрабаваў спыніць іх Варнак.

– Нам блізка. Не трэба праводзіць. Вячэрайце. Смачна есці, – паспешліва адказвалі дзяўчаты і па адной выпырхвалі з хаты са сваімі потасямі ды верацёнамі.

Стары, каб адвесці ўвагу Варнака ад дзяўчат, сказаў:

– А я цябе пазнаў, ты – Лёня Парахнюк з Вялікай Багны. Хораша ты некалі на гармоніку граў, даводзілася чуць.

– Цяпер на гэтай рэчы граю, – адказаў Варнак, паказваючы на аўтамат, таксама добра атрымліваецца.

– Ну, гэта навука не хітрая. Каб нарадзіць чалавека, выгадаваць, даць дзе-якую адукацыю, шмат гадоў трэба, а забіць, як раз плюнуць. Адной кулі дастаткова…