Выбрать главу

– Ты, дзядзька, шмат не разважай. Кожны жыве, як у яго атрымліваецца. Цяпер такі час настаў, што калі ты не заб’еш, дык цябе абязвечаць. Вось і выбірай, што лепш.

– Разумею, час падступны, але ж і ў такі час трэба заставацца чалавекам. А калі выпадзе памерці, дык прыняць гэта спакойна. Я так мяркую…

Гаспадыня, якая насіла на стол з каморы квашаную капусту і гуркі, насцярожана прыслухоўвалася да гаворкі, кідала на мужа папераджальныя позіркі, але стары не звяртаў на яе ўвагі, а наразаў буханку хлеба на вялікія лусты. Калі на стале з’явілася літровая пляшка самагонкі і вялікая талерка сала, хлопцы селі да стала.

– Частуйцеся, госці, пакуль няма якой аблавы ды сыходзьце далей, – сказаў гаспадар. – Бо і мяне за гэты пачастунак могуць выслаць да белых мядзведзяў.

– Не бойся, дзядзька, мы цябе ў крыўду не дамо, – азваўся Варнак.

– Дзякую, на добрым слове.

У хаце засталася адна дзяўчына, яна залезла на печ і схавалася за фіранкаю.

– Гэта, дзядзька, твая дачка? – спытаў Варнак. – Мо прасватаць яе за каго з маіх хлопцаў.

– Маладая яна яшчэ, ды і не да сватання па ваенным часе. Заб’юць хлопца, а яна застанецца ні дзеўка, ні ўдава.

– Так раптам ужо і заб’юць! Нікога ў нас не забіваюць, – пасміхнуўся Варнак, – гэта гульня такая ў вайну. Мы з лесу пастрэльваем, а нас ніхто дастаць не можа, бо лес надта вялікі.

Астатнія хлопцы ў гаворкі не кідаліся, а спрытна і хутка варочалі сківіцамі, жуючы сала з храбусткімі гуркамі. Адчувалі, што ва ўсялякі момант у выпадку небяспекі вартавыя маглі спыніць вячэру. І тады давядзецца ўцякаць і зноў шукаць прытулку ў халодным лесе ці на якім закінутым хутары.

– Замяніце вартавых, – загадаў Варнак.

Два хлопцы, прыхапіўшы па скібцы хлеба, падаліся з хаты. Грукнулі дзверы – і ўсталявалася гнятлівая цішыня. Гаспадары і госці напружана нечага чакалі, існавалі ў прадчуванні нечаканага зла ці кары. За час вайны развучыліся людзі пачувацца спакойна і годна, гаспадарамі на сваёй зямлі. Нават ва ўласнай хаце не мелі надзейнай абароны і ўпэўненасці.

60

Маёр Руткоўскі з атрадам без асаблівых цяжкасцей перажыў зіму ў лясной вёсцы Заброддзе. Жаўнеры па вечарах хадзілі на вячоркі да дзяўчат, той-сёй паспеў нават на зіму прыжаніцца. Зрэдку выпраўляліся на дыверсіі ці сядзелі ў засадах на вялікіх дарогах, абстрэльвалі і забівалі савецкіх вайскоўцаў, спальвалі грузавікі. Тым і абмяжоўваліся. Аднак вясною дзейнасць Арміі Краёвай актывізавалася найперш у сувязі з тым, што пачалося перасяленне беларусаў з Беласточчыны, далучанай да Польшчы, у Савецкі Саюз. Шмат хто з праваслаўных абарыгенаў не жадаў пакідаць роднае котлішча. Між тым акаўцы абвясцілі нацыяналістычны лозунг: "Польшча – для палякаў". Руткоўскі таксама атрымаў адпаведную іструкцыю па запалохванні мясцовых беларусаў і выгнанні іх за межы Польскай дзяржавы. Вясною ён абсталяваў новую базу ў лесе, часткова выкарыстаўшы зямлянкі, пакінутыя партызанамі. Паколькі гатовага жытла ўсім не хапіла, паставілі з дзясятак палатак, так што не давялося губляць шмат часу на вырашэнне бытавых праблем. Аднак менавіта цяпер акаўцы па-сапраўднаму адчулі найвялікшае супраціўленне з боку польскіх органаў бяспекі, якім дапамагалі спецыялісты НКУС, накіраваныя на дапамогу палякам. Для правядзення аблаў выкарыстоўваліся рэгулярныя вайсковыя падраздзяленні, так што замест запланавага шырокага дзеяння супраць новай улады ў акаўцаў атрымліваліся ўцёкі і перабежкі з аднаго месца на другое. У дадатак да ўсяго давялося разбіць "абвод" на дробныя мабільныя гурты, якія пачалі распадацца, жаўнеры паціху разыходзіліся па дамоўках. Ад’ютант Руткоўскага Тадэвуш Сапранецкі таксама папрасіў даць яму адпачынак, каб наведаць маці, чым канчаткова вывеў з раўнавагі камандзіра. І той напусціўся на хлопца з абвінавачваннямі ў здрадзе, маладушшы і іншых заганах, уласцівых мамчыным сынкам, у якіх яшчэ малако на вуснах не абсохла. Аднак ад’ютант віны сваёй не адчуваў і адказаў, што ён пяты год у падполлі верна служыць Польшчы і мае поўнае права на кароткі адпачынак, таму што хата без мужчынскіх рук хутка прыходзіць у заняпад. А маці без ягонай дапамогі наўрад ці здолее справіцца з рознымі гаспадарчымі праблемамі.

Руткоўскі кінуў на Тадэвуша падазроны позірк і сказаў:

– Дзіўна, што ты столькі гадоў трываў і не прасіўся дамоў, а тут раптам табе закарцела. Ці не збіраешся ты часам прадаць мяне?

– Пан Руткоўскі, майце сумленне. Ці за ўсе гэтыя гады службы былі ў вас падставы недавяраць мне? – абурана спытаў Тадзік.