Выбрать главу

– Які Тадэвуш?

Сэрца някліканага госця абарвалася і паляцела некуды ў прадонне. У галаве замітусіліся думкі: "Яна не помніць! І голас не пазнала! Не радая!"

– Той, які з панам маёрам Руткоўскім кватараваў на іншым хутары, – адказаў Тадзік.

– А-а-а! Успомніла! Зараз адчыню…

Юнак, абнадзеены, што нарэшце Ванда згадала пра яго, падаўся да дзвярэй. Счакаў хвіліну – і любая жанчына ўзнікла на парозе.

– Тадзік! Скуль ты? Чаму адзін? Нешта здарылася?.. – засыпала яна яго пытаннямі.

– Добры вечар, пані Ванда, – ледзьве стрымліваючы радасць, павітаўся госць, хацеў пацалаваць яе руку, але яна сама абхапіла ягоную галаву і цмокнула ў шчаку.

Ён разгубіўся і стаяў, не ведаючы, што належыць рабіць далей, толькі ўзіраўся ў яе твар, які ў прыцемку здаваўся неверагодна прыгожым. Яна схамянулася, сказала:

– Чаго ж мы тут стаім? Заходзь, Тадзік. Я вельмі радая, што хоць нехта наведаў мяне. Вусцішна мне адной…

– Мы атабырыліся недалёка, я цяпер буду часцей наведвацца ў Лазнякі.

Яму хацелася сказаць, што ён ішоў менавіта да яе, але стрымаўся, не жадаючы выдаваць сапраўдную мэту свайго з’яўлення. Так, ён марыў сустрэцца з Вандаю, імкнуўся да гэтага, а цяпер быў проста шчаслівы.

Яны ўвайшлі ў вялікі пакой хаты, абсталяванай на сялянскі манер: у правым кутку, каля дзвярэй, – вялікая белая печ, стол, лавы, услоны, за шырмаю бачны шырокі драўляны ложак. Пэўна, Вандзіны продкі былі людзі простыя, не імкнуліся да раскошы, а калі ўдавалася сабраць колькі тысяч злотых, трацілі іх на тое, каб набыць яшчэ зямлі, якую пасля аддалі ў спадчыну нашчадкам. Толькі зямля для сялян заўсёды была найвялікшай каштоўнасцю, якая карміла і забяспечвала сям’ю ўсім неабходным для існавання.

– Вешай сюды куртку, – яна паказала на цвік, забіты ля дзвярэй у сцяну. – Стаміўся, мусіць?

– Ат, шалёнаму сабаку трыццаць вёрст – не адлегласць, – засмяяўся Тадзік.

– Няўжо ты прайшоў столькі?

– Не ведаю, ляцеў напрасткі, каб пабачыць цудоўную пані, – нарэшце не вытрымаў ён і даў волю пачуццям.

– Тадзік, ты стаў падобны на пана Руткоўскага. У яго навучыўся выказвацца напышліва? Прызнавайся!

– Што вы, пані Ванда, я ад чыстага сэрца…

– Добра, добра, ведаю я вас, хлопцаў. Любіце вы лёстачкі слаць! Каб больш не падмазваўся. Ты мне, як малодшы брат, запомні гэта… Давай мый рукі, павячэраеш, а заадно раскажаш з якімі навінамі прыйшоў.

У Тадзікавай душы ад гэтых будзённых словаў быццам згас дзівосны агеньчык, які асвятляў яму шэрыя дні натхнёнымі пачуццямі і памкненнямі. Ён павесіў куртку на цвік, памыў рукі пад рукамыйнікам і спыніўся сярод хаты, адчуваючы тут сябе чужым і непатрэбным.

– Сядай да стала, чаго разгубіўся? – Ванда падштурхнула хлопца ў плечы і ён паслухмяна пасунуўся ўперад, не адчуваючы жадання есці, падняў вочы, сустрэўся з яе прамяністым позіркам, і ад гэтага святла зноў запалаў у ягонай душы трапяткі агеньчык, які надаваў сэнс жыццю. Каб прыхаваць пачуцці, ён спытаў:

– А дзе ж, ясная пані, ваш дзядзька? Чаму вы тут адна?

– Памёр, зямля яму пухам, напрадвесні… Разлічвала я на ягоныя мужчынскія рукі ў гаспадарцы, але смерць неміласэрна забрала ў мяне і гэтага родзіча…

– Шчыра спачуваю вам, пані Ванда…

– Што зробіш, трэба прымаць усё, што пасылае Бог. Ён лепш ведае, як нас пакараць і як узнагародзіць. Сядай жа да стала, – Ванда павяла хлопца за руку.

Ад дотыку яе далоні ён ажно ўстрапянуўся і адчуў, як гарачая хваля напружыла цела ўніўзе жывата, засаромеўся гэтага нечаканага прыліву цяпла, адчуў, што па-здрадніцку запалалі шчокі, а таму апусціў твар і, ужо седзячы за сталом, баяўся зірнуць на гаспадыню.

61

На другі дзень позна ўвечары Тадзік сабраўся наведаць маці. Сорамна было ісці з пустымі рукамі, ніякага падарунка ёй не падрыхтаваў, але выйсця не было. Папярэдзіў Ванду, што пойдзе ў Лазнякі, але мае намер яшчэ раз вярнуцца.

– У цябе хоць якая паперка ёсць? Дакумент які, хто ты такі? – спытала Ванда.

– Адкуль яму ўзяцца? – пытаннем на пытанне адказаў Тадзік.

– Будзь асцярожны, цяпер паліцыянты шныраюць па вёсках дзень і ноч, вышукваюць, як яны кажуць, варожыя элементы.

– Пастараюся...

– А чым маці парадуеш?

– Сабою…

– Гэта чыста па-мужчынску. Пачакай хвіліну…

Ванда дастала са скрыні паркалёвую хустачку з блакітнымі кветачкамі па беражку і падала хлопцу.

– Занясі прэзент маме. Няхай застанецца ў яе добрая памяць пра клапатлівага сына. Хустачка зусім новая, яшчэ ні разочку яе на завязвала.

– Мо не трэба, пані Ванда, у вас са мною і так зашмат турбот.

– Гэта прыемныя турботы, Тадзік, напраўду, – усміхнулася гаспадыня так шчыра, што яму здалося: яна ўжо пачала прывыкаць да яго, мо настане такі час, што і пакахае, тады ён будзе самы шчаслівы чалавек на свеце.