Выбрать главу

Хлопец узяў хустачку, акуратна згарнуў, засунуў у кішэню курткі, пацалаваў Вандзе руку на развітанне і сказаў.

– Дык я пайшоў.

– Беражы цябе Бог, – перажагнала яго Ванда.

Тадзік ступіў з сенцаў у цемру. Ноч выдалася бязмесячная, ішоў наўздагад, не бачачы сцежкі. Нарэшце на фоне неба ўзніклі чорныя абрысы хат. Ён паскорыў крокі ад радасці, што нарэшце праз столькі трывожных гадоў і неўладкаванага ляснога жыцця ён апынецца ў роднай хаце, будзе ўдыхаць пахі роднага жытла, слухаць любы голас матулі і хоць адну ноч ні пра што не думаць і не хвалявацца. Вакол панавала такая незвычайная цішыня, што хацелася ляцець у паветры, каб не шоргаць нагамі па зямлі, не парушаць гэты незвычайны спакой.

– Стой, хто ідзе! – спытаў нехта па-польску.

Незнаёмы грубы голас прагучаў так блізка, што Тадзік ажно прысеў ад нечаканасці, па партызанскай лясной звычцы з’явілася жаданне схавацца ў карчах, але ён помніў, што кустоўе знаходзіцца справа метраў за сто, а далей цягнецца лес. Крутнуўся на пятцы і пабег у бок кустоўя, услед прагучаў стрэл, другі, трэці. Тадзіка штурхнула ў плячо, апякло, а потым ён адчуў: па спіне заструменілася кроў. Як толькі дабег да лесу, спыніўся, прыслухаўся. Пагоні быццам не было. Ён выцягнуў Вандзіну хустачку з кішэні, перахапіў ёю плячо, заціскаючы рану, прайшоў па лесе кіламетры тры, у нетры не зашываўся, трымаўся прасекі, а потым выбавіўся з зарасніку, пашыбаваў назад на хутар, адчуваючы, як навальваецца млосць ад страты крыві, і хочацца легчы проста на поплаве і заснуць, нягледзячы на тое, што моцны боль працінаў цела. Ванда як толькі ўбачыла, што ён паранены, захвалявалася, загадала распрануцца, агледзела рану, канстатавала:

– Куля прайшла навылёт. І за тое дзякуй Богу, не спатрэбіцца аперацыя. Давядзецца табе трохі патрываць боль. Трэба рану абясшкодзіць...

Яна выйшла ў камору, а праз хвілін колькі вярнулася з пляшкаю самагонкі. Абліла рану са спіны і з боку грудзей. У Тадзіка ажно сэрца зайшлося ад болю, але ён сціснуў зубы і стрываў.

– Што здарылася? – спытала Ванда, перавязваючы рану кавалкам саматканага палатна.

– Напароўся на нейкую засаду.

– Я ж цябе папярэджвала…

– Цёмна вельмі, яны мяне таксама не бачылі, проста пачулі крокі, стрэльнулі наўздагон. Я адразу пабег да лесу. Потым агледзеўся – мяне ніхто не даганяе. Таму і вярнуўся.

– Добра, што не бачылі.

– Пані Ванда, я не хачу, каб у вас з-за мяне былі непрыемнасці, таму лічу, што мне трэба пайсці зараз жа назад да сваіх.

– Яшчэ чаго не хапала! І не думай! Нікуды я цябе не адпушчу ў такім стане. Хто там цябе будзе лячыць?

– Неяк выкараскаюся. Не першы раз… І падарунак ваш сапсаваў, – кіўнуў Тадзік на акрываўленую хустачку, якая валялася на падлозе.

– Такой бяды! Хустачку памыю. Уяўляю, што і мой муж гэтак жа ў Варшаве сыходзіў крывёю, ды ніхто яму не здолеў памагчы. Там былі тысячы забітых і параненых…

– Вайна не разбірае, каго хоча таго і забівае… Я ўжо шмат сяброў страціў, аднойчы настане і мая чарга…

– Не трэба так казаць. Я не дазволю, каб з табою здарылася нешта благое. На суседнім хутары, тут, недалёка, жыве стары Кузьма, ён лічыцца знахарам. Лечыць у асноўным коней ды кароў, але і людзям дапамагае, калі якая нявыкрутка. Пайду да яго.

– Навошта, пачакаем да раніцы, – прапанаваў Тадзік.

– Да раніцы невядома што з тваёю ранаю здарыцца, раптам запаленне пачнецца. Марудзіць нельга. Ты выпі для заспакаення кілішак і спі, я хутка вярнуся.

Ванда наліла кілішак самагонкі, паднесла хлопцу. Той выпіў і ажно сцепануўся, аказалася яна занадта пякучая і моцная.

– Мусіць, аднаго кілішка будзе мала. Вазьмі яшчэ адзін.

Тадзік не бараніўся ад гэтага клопату і спраўна выконваў усе загады гаспадыні. Ён зноў папрасіў яе застацца дома, але яна апранулася, узяла газавы ліхтар, патушыла лямпу і пайшла з хаты. Хлопец ляжаў на ложку, прыслухоўваўся да болю ў плячы, які патроху пачынаў сціхаць. Гарэлка адурманьвала галаву, хіліла да сну. Ён хутка заснуў, цяжкім сном хворага чалавека. Прачнуўся ад таго, што над ім схіліўся стары чалавек з доўгаю сівою барадою, аглядаў плячо. Тадзік здагадаўся, што гэта знахар, павітаўся з ім і спытаў:

– Як мая рана?

– Гарачка пачынаецца, не адчуваеш?

– Так, горача…

– Дам гаспадыні зёлкі і мазі, няхай лекуе. Калі што, прыходзьце, пані Ванда, неадкладна. Хворага трэба схаваць на вышкі ці ў клуню, каб на чужыя вочы не трапіў, бо будзе бяда.